14 янв 2022 в 18:20 — 1 неделю назад

26. Светлы шлях. БАІ ПАД СВЯДЗІЦАЙ І РУДНЯЙ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 31, за неделю: 464, всего: 754

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)

 Пад канец восені 1942 году калона нямецкай тэхнікі прысунулася ў Валову Гару. Акупанты не сталі правяраць парадак у вёсцы. Нават ганяцца за курамі не ўзяліся, а без супынку скіраваліся на вясковыя могілкі, дзе на самым высокім месцы Белай гары стаяў маяк, вышэйшы за доўгія векавыя сосны. З яго бы на далоні была бачная ваколіца на дзясяткі кіламетраў, у тым ліку і Лепель. Несумненна, гэта быў выдатны назіральны пункт за перамяшчэннямі вайсковых груповак у горадзе.

 У хуткім часе назіральнікі з біноклем зніклі з верхатуры. Праз паўгадзіны паветра скалануў выбух, а на месцы маяку запылала вогнішча з абломкаў падарванага збудавання.

 Праз кароткі час экспедыцыя пакінула Валову Гару і па дамбе накіравалася да шостага шлюзу. Мост праз канал у бок Барсукоў быў знішчаны. Як і меркавалі нашыя мужыкі, спецыяльны нямецкі дэсант скіраваўся па воканскай дарозе на Стаі.

 А немцам вельмі патрэбны быў шлях, каб дастаўляць дапамогу акружаным пад Сталінградам войскам Паўлюса. Чыгунка была добрай магчымасцю перавозкі жывой сілы і ўзбраення, але ненадзейнай, бо праз Беларусь рэдкі эшалон праходзіў да месца прызначэння з-за дыверсій партызанаў. Шаша Мінск – Віцебск была блакаваная прыроднымі перашкодамі – рэкамі і балотамі. З захаду масты над Бярэзінай і Бузянкай былі разбураныя.

 Бетонавы мост над спускам вады з Домжарыцкага балота таксама быў падарваны.

 Наладзіць аб’езды і брады не дазваляла непраходная для тэхнікі дрыгва. З паўночнага ўсходу мост над Эсай і з усходу два масты над Кестай былі спаленыя, у дадатак руху машын перашкаджалі векавыя лясныя масівы. З поўначы прыродную перашкоду стваралі Збінскія балоты, забалочанае возера Бярэшча і Чысцікі з іх мохавымі балацявінамі.

 У такіх прыродных умовах прасоўванне пяхотных калонаў без бронетэхнікі не мела сэнсу. Гэта пацвердзіў і бой пад вёскай Свядзіца, дзе невялікі атрад брыгады Кірпіча амаль паўдня стрымліваў батальён карнікаў.

 Я чуў, як удзельнік гэтага бою кулямётчык Гаўрыла Кунчэўскі распавядаў, што агнём паклалі немцаў і вымусілі іх акопвацца на адкрытым месцы. Другі нумар кулямёта Адолька Цяліца з Барсукоў увесь час крычаў:

 - Дзядзька Гаўрыла, вунь фрыц паўзе! А вунь там двое схаваліся за кучай травы!

 - Зусім не адчувае небяспекі, што могуць параніць або забіць, - працягваў успамін Гаўрыла Кунчэўскі. – Дзяцё яшчэ – усяго 18 год. Але, які зрок! Бы ў савы. Калі не заб’юць, дык добры кулямётчык атрымаецца. Заканчваліся боепрыпасы, і нам далі загад адступіць у Рудню, знішчыўшы мост над Эсай. У гэты час пачуўся выбух з боку Лепеля, напэўна, ішла дапамога немцам. Але ў ваколіцах вёскі Вілы браневіка спыніў фугас, і нам лягчэй было бягом, без бою, фарсіраваць Барысаўскі бальшак. Але ў Адолькі на лапці парвалася аборына. Я нёс дыскі, а мой другі нумар Адолька – кулямёт. Пачаў ён адставаць, але раптам спыніўся, развязаў тую аборыну і з кулямётам на плячы ды лапцем у руцэ дагнаў астатніх. Вядома, што з гэтай нагоды ў атрадзе было шмат жартаў і смеху. Аднак камандзір аддаў загад знайсці мальцу абутак па назе, а пакуль даў яму аборыну з парашутнага стропу.

 …Апошнім часам на Левановічавым полі вяліся работы. Кіраваў працай накіраваных з ліку бежанцаў і мясцовых мужыкоў начальнік штабу брыгады Дубава. Але ён прасіў толькі хутчэй выраўняць пляцоўку і знікаў, бо людзі самі ведалі, што рабіць. Засыпалі ямкі і барозны, усё ўтрамбоўвалі, спілоўвалі з боку ракі Кесты самыя высокія яліны. І за дзесяць дзён амаль кіламетровай даўжыні поле было гатовае прыняць самалёты.

 Неўзабаве ўначы прыляцеў першы “госць” з Вялікай Зямлі. Толькі ён не прызямліўся, а скінуў на парашутах боепрыпасы. Іх потым у нашай хаце партызаны размяркоўвалі між атрадамі. Мне запомніліся прыгожыя аўтаматныя патроны ў зялёных брызентавых мяхах.

 Дзіцячая цікаўнасць была заўважаная дзедам Юзікам, і ён наказаў нашым мацяркам у наступны раз блізка не падпускаць сваіх ёлупняў да распакоўкі паветраных грузаў і нічога не пакідаць сабе, нават лашчоную паперу і кардон. Але мая маці і іншыя жанчыны ўсё ж хавалі стропы, распускалі на тонкія ніткі і скручвалі іх у клубкі. Затым імі рамантавалі і шылі адзенне.

 А вёска ўвесь час папаўнялася бежанцамі з боку Валосавічаў і Пышнянскай зоны. Яны прабіраліся ляснымі сцежкамі з тых мясцін, дзе ішлі баявыя дзеянні.

 Аднойчы ўвечары каля нашай хаты спыніліся дзве фурманкі. З адной двое людзей паднялі чалавека і, трымаючы пад рукі, прывялі да нас, дзе спрабавалі пасадзіць на лаўку. Але той увесь час спаўзаў на падлогу і ўсё паўтараў, што яму дужа холадна, і няхай прынясуць “снайперку”. Сапраўды стаяла глыбокая восень, і нашае з Бронікам месца было на цёплай печцы. Адтуль мы за ўсім назіралі.

 Маці Броніка, цётка Агнеша, параіла незнаёмцам пакласці параненага на печ, і тыя з дапамогай дзядзькі Ваціка і падышоўшых дзеда Юзіка ды яго старэшага сына Яські ўсцягнулі бедака на печ. Дзед адаслаў сярэдняга сына Фрэдзю за партызанскім доктарам.

 Хутка прыйшоў чалавек з брызентавай кайстрай і папрасіў пасвяціць яму лучынай, каб зрабіць перавязку. Агульнымі намаганнямі неабходная дапамога была аказаная. Аднак гэта быў не доктар, а фельчар, і на пытанне мужыкоў, што далей рабіць, толькі развёў рукамі ды ціха вымавіў:

 - Цяпер усё залежыць ад бога. Але надзеі мала. Згублена шмат крыві. А малец дужы - з унутранай крывацечай жывы да гэтага часу. Калі стане дрэнна, дайце выпіць вось гэтую мікстуру.

 І даў бутэльку з нейкай вадкасцю.

 Далей двое пакінутых каля параненага партызанаў распавялі, што іх атрад быў у засадзе каля вёскі Рудня. За дзень да таго з Лепеля прыйшлі звесткі, што рыхтуецца карная экспедыцыя на шашы ў накірунку Бягомля. Рамантуецца мост над Эсай. Плануецца ачысціць ад партызанаў і выбіць іх з блізкіх да дарогі вёсак. На першым этапе – знішчэнне Рудні.

 - Мы яшчэ ўначы занялі пазіцыі на высокім узлеску па дарозе на Вокана, - распавядаў адзін з партызанаў. - Перад намі быў чысты поплаў аж да самай Эсы. На ўсялякі выпадак заклалі два фугасы: на левым і правым паваротах на Рудню. А праціўніка ўсё не бачна. Думалі, што не прыдуць. Хацелі ўжо збірацца, а тут назіральнікі міргнулі люстэркам з боку Верабак. Дык мы хуценька занялі пазіцыі. Два кулямёты паставілі па флангах і два ў цэнтры, між імі – снайперы. Карнікі расцягнуліся амаль на кіламетр, а ззаду – белы аўтобус. Напэўна, паны афіцэры не хацелі боты таптаць па брукоўцы, а можа, і боезапас везлі. Мы зразумелі, што бранетэхніку не змаглі пераправіць па спешна збудаваным мосце, меркавалі нахрапам зрабіць чорную справу. Аўтобус перад паваротам аб’ехаў калону, але спыніўся, крыху ад’ехаўшы ад яго, затым пачаў заднім ходам даваць на з’езд у бок Вокана і натыкнуўся на фугас – а гэта сотка-авіябомба і яшчэ прыдатак да яе. Здрыганулася зямля, аўтобус узняўся ў паветра і перакуліўся, ахоплены полымем. Амаль адначасова ўдарылі нашыя байцы. Разгубленасць сярод карнікаў была поўная. Частка кінулася да ракі па голай мясцовасці. Адны падалі пад кулямі снайпераў, іншыя паўзлі па бруку, многія кульнуліся за дарожны насып і адтуль спрабавалі весці агонь наўздагад. Але ўсё ж гэта былі спрактыкаваныя ваякі, і хутка на краі насыпу вырас цэлы лес сапёрных рыдлёвак. У наш бок панёсся шквал агню. У іх шмайсеры і процьма боезапасу, а ў нас за паўгадзіны страляліны ў кулямётаў засталося па пары НЗ, працавалі толькі снайперы. У нас сотня байцоў, а ў іх не меней за батальён, тым больш ім магло прыйсці падмацаванне з боку Верабак і Бясед дый са Стай праз Коззі хрыбты. Між іншым, сваю задачу мы выканалі, і камандзір чырвонай ракетай даў сігнал да адыходу. Тым часам на левым фланзе, за невялікім балотам, праз шашу пабеглі карнікі. З’явілася небяспека акружэння. Пакінуўшы прыкрыццё, мы бягом вырваліся на дарогу да Вокана. На хаду падлічылі страты. Увесь склад групы быў на месцы, і толькі вось яго, Міколу Карагу, пры адыходзе зачапіла фашысцкая куля. Хацелі несці параненага, але ён адмовіўся, і да вёскі ішоў, абапіраючыся на стрэльбу. Толькі ў Вокане, узяўшы дзве фурманкі, паклалі мальца і пагрузілі цяжкія рэчы. Там нас дагналі байцы прыкрыцця з кулямётам. Карнікаў яны не дачакаліся.

 Далейшую размову я не чуў, бо паранены загаварыў і папрасіў прынесці вады. Жанчыны чамусьці баяліся наблізіцца, а я хуценька збегаў да месца, дзе стаялі вёдры, зачэрпнуў поўную кварту сцюдзёнкі, прынесенай з Левановічавай крыніцы, падаў партызану.

 - Ты, сынок, пабудзь крыху ля мяне, - папрасіў небарака, узяўшы маю руку ў сваю.

 Затым пачаў казаць, што яны з Соняй планавалі мець шмат дзяцей. Потым горка ўздыхнуў:

 - Але бач, сынок, вайна ўсё перакрэсліла. Як падрасцеш, а я мяркую, што бойня гэтая да таго часу скончыцца, зазірні ў Оршу, на цагельню, там мяне і Соню ўсе добра ведаюць. Скажы, што я канаў і памятаў яе да апошняй хвіліны. А тату і маме скажы, што я адпомсціў гадам і за нашанае разбуранае шчасце, і за сваё жыццё. Толькі сёння добры дзясятак фашыстаў скіраваў у пекла - мяркую, што ў рай яны не трапяць. Я іх, бы тых зайцоў, са сваёй “снайперкі” ўгаманіў, каб нашую зямлю не тапталі. А ты, сынок, жыві доўга-доўга. Я ж буду прасіць бога, каб ён дадаў табе і маё недажытае жыццё…

 Размову прыпыніла маці, забраўшы мяне ад параненага, і я адразу заснуў. А калі прачнуўся, на печы нікога не было, і Бронік, сын дзядзькі Ваціка, даклаў па сакрэце, што мальца раніцой забралі, а ўначы, калі ён дужа стагнаў, сябры далі поўную шклянку лекаў, што пакінуў фельчар, і паранены змоўк. Цяпер ён у лазарэце, што ў вялікай хаце Дзівінаў, і клічуць яго Карага Пеця. Але ж я чуў, што сябры называлі яго Міколам.

 Па сёняшні дзень не ведаю, выжыў партызан Карага ці не, і імя яго Мікола ці Пётр.

 А вось “пантэон” акупантаў у Лепелі, паміж школай і старым базарам, пасля таго бою павялічыўся значна. На месцы тых могілак цяпер стаіць універмаг. Пры закладцы яго падмурку экскаватарам было выкапана шмат парэшткаў гітлераўскіх ваякаў, што дужа хацелі кіраваць светам, а знайшлі свой канец на чужой для іх зямлі.

(Працяг глядзець тут.)

2022



Метки: Шуневич Анатолий, Геноцид на Лепельщине, Валова Гора, Свядица, Рудня

НРАВИТСЯ
5
СУПЕР
3
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





16 янв 2022 в 22:52 — 1 неделю назад

Без каменту. Вазар:

2
1


17 янв 2022 в 20:50 — 7 дней назад

" Коззи Хрыпты"? З Лепля, мы, дзеци, ишли у грыбы за Святоуски лес (ён тады быу тольки пасаджаны), а за азерами "Люсиницами"--- "торф ззавод" И ДАЛЕЙ "КОЗЬИ ХРЭПТЫ". а за гэтым лесам ---"ВЕРАБСКИ ЛЕС".

Кали у "Коззих" не набирали грыбоу, дык ишли у Верабски.

Памяць дзяцинства.

2


18 янв 2022 в 10:25 — 6 дней назад

Аўтар Анатоль Шуневіч праз тэлефон зрабіў папраўку ў рэцэнзію Вазара з Юрмалы. Той пісаў: "Ёсць памылкі па напрамках, адкуль маглі прыйсці на дапамогу фашысцкія атрады. У Верабках ніколі нямецкага гарнізону не было, як і ў Бяседах."

Дык аўтар і не казаў пра гарнізоны. У тэксце партызан распавядаў: "У нас сотня байцоў, а ў іх не меней за батальён, тым больш ім магло прыйсці падмацаванне з боку Верабак і Бясед дый са Стай праз Коззі хрыбты". Пра гарнізоны - ні слова.

І пра дыслакацыю і фармаваенне партызанскіх атрадаў Шуневіч нязгодны. Тлумачыў мне па тэлефоне, што да чаго, але я пераносіць яго тэлефонны маналог у камент не адважыўся, бо наблытаю.

1


18 янв 2022 в 10:46 — 6 дней назад

Блукач стаміўся быць пасярэднікам паміж аўтарамі і чытачамі. Вось Вазар пытаецца ў Миколы Паравоза: "Спрасі ў Міколы Паравоза, ён з Лепля, як яны называлі Лугі - поймішча Эсы насупраць Забаення і ці чуў ён пра Белі (жыхары Бясед называюць так мясцовасць ад іхняга возера ў бок Лепля)". А Блукач павінен быць развадным: спытай у аднаго, тады перакажы другому. Зараз 10 гадзін 45 хвілін, а Блукач як толькі развіднелася, і да гэтага часу служыць развадным. Злы! Калі ўжо вы самі навучыцеся перапісвацца паміж сабой, каб не турбаваць злога Блукача?

5


19 янв 2022 в 12:41 — 5 дней назад

Дзякуй, шаноўны Анатоль Шуневіч, за асабістыя сведчанні пра канкрэтныя баявыя дзеянні народных мсціўцаў-партызан супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у нашым родным краі, паколькі, на вялікі жаль, яшчэ не перавяліся на Лепельшчыне людзі, якія любяць выказаць сваё вельмі "дасведчанае" меркаванне: "партызаны - гэта бандыты". Тым больш, што некаторыя з гэтых людзей нават з´яўляюцца яшчэ жывымі дзецьмі ды і ўнукамі былых мясцовых паліцаяў, агентаў гестапа і іншых здраднікаў Радзімы, якія атрымалі адпаведнае "выхаванне" ў сваіх сем´ях.

3




Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


ИЗЛИШЕК ПРИРОДЫ ПОЖИРАЕТ ОСТАВШУЮСЯ. Валацуга  — 1 неделю назад,   за неделю: 461 
Торонковичские камни  — 8 лет назад,   за неделю: 288 
А ВЫ ЗНАЕТЕ, ЧТО ТАКОЕ ПУЛЯ? Жерносек Олег  — 2 дня назад,   за неделю: 272 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ