Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 25.10.2012 (09:02) — 6 лет назад

Вось дык палявое Гарадзінецкае!

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 5, всего: 561

Пра возера Гарадзінецкае чуў даўно. Але неяк не звяртаў на яго ўвагу. Не прыцягвала плямка на карце-кіламятроўцы -- ну што гэта за возера сярод поля. Таму патрапіў на вадаём выпадкова. Ехаў на возера Глыбачка, што за Заслонавам на палігоне, ды не разлічыў бензін -- скончыўся на палове шляху. Але рэзерву кіламетраў на 35, хапіла б туды і назад, ды ўсё ж ехаць далёка не наважыўся. Рашэнне прыйшло нечакана для самога сябе: а ці не павярнуць на Гарадзінецкае, бо і на ім яшчэ не быў.

Перад Заслонавам звярнуў на жвіроўку ў Горкі. Метраў за сотню ад чыгуначнага пераезду з´ехаў налева на палявую дарогу і не без цяжкасцяў краем поля ўжо сцяжынкай пад´ехаў да круцізны, з якой погляду паўстала глыбокая азёрная катлавіна з паглынутай дажджлівай імглой шэрай паверхняй невялікага возера. На заазёрным берагавым узвышшы з туману невыразна вымалёўваліся абрысы вёскі Гарадзінец і дачных хацін заслонаўцаў.

Па крутым схіле спусціўся на забалочаны бераг. Асака -- у вадзе. Але кароткіх гумовых ботаў хапае дайсці да вусця рэчкі Глінніца.

Скрозь чарот заўважаю рыбалова ў рыбацкім камбінезоне. Кідае спінінг.

-- Дно цвёрдае? -- пытаюся.

-- Тут і правей нармальнае, -- адказвае. -- Раней нават купаліся ў возеры. Гэта за апошнія гады яно зарасло, заглеілася. Не бярэцца сёння шчупак. А ўчора быў з уловам.

Так скрозь чарот і пазнаёміўся з жыхаром Заслонава Іванам Марковічам. Спытаў пра пераправу праз Глінніцу. Раней ляжала бервяно, а ці даляжала да гэтага часу, не ведае. Пайшоў уверх па плыні. У густы альховы лес зайшоў. Дрэвы крывыя, быццам з карціны. Добра, што восень -- крапіўныя зараснікі пападалі. А перабрацца цераз рэчышча ніяк нельга. Не такое ўжо і шырокае, але не пераскочыш. Дна не відаць. Бервяна папярок -- таксама. Бабёр дапамог -- плаціну збудаваў. Па ёй пры дапамозе двух калоў сяк-так перабраўся на процілеглы бераг.

Пайшоў на ўзвышша з вялікімі хваінамі. На быццам бы роўным травяністым месцы праваліўся ў бруд на ўсю вышыню ботаў -- крыніца ці балота.

Узвышша маляўнічае. З краю -- старыя сосны. Далей -- маладняк. Нават маслякі і радоўкі фіялетавыя растуць. Але не да іх -- даўно іду, абедаць час. Распальваю агонь дзеля надання ўтульнасці абедзеннаму месцу.

...Як спаганілі адзіны сярод палявой акругі невялікі бор! І без таго рэдкія хвоі часткова выразаныя. Сухія мяцёлкі травы дастаюць да жывата. Ад насычанага вільгаццю паветра яны мокрыя. Намакае адзенне. Шлях перагароджвае глыбокі яр з бурлівым ручаём на дне. Перабіраюся па паваленым спарахнелым дрэве. Толькі потым да мяне дойдзе, што гэта Глінніца так пятляе.

Пусткай дабіраюся-ткі да заслонаўскіх дач. Возера -- як на далоні.

На процілеглай гары з туману праступае мой матацыкл. Але як да яго дабрацца? Глінніца ж у возера ўпадае і, прабегшы скрозь яго, выцякае і бяжыць уздоўж Заслонава ў Улу. Так, Гарадзінецкае нядоўгае. А як перайсці рэчку, калі дрэў па берагах у тым баку зусім няма, пераправу не наладзіш. Спытаў у дачніка. Пачухаў той патыліцу ды сказаў, што нашмат бліжэй будзе назад вярнуцца, чым да моста перад Заслонавам дабірацца -- пераправы ніякай няма, а броду ў балотных рэк не бывае.

Паплёўся назад. Перад спускам да Глінніцы наткнуўся на самотную агароджаную магілу 62-гадовага Генадзя Талстова, пахаванага ў 1995 годзе. Мабыць, дачнік вельмі любіў возера, прасіў перад смерцю пахаваць на беразе...

Звонкую плынь Глінніцы зноў пераадолеў ужо па камянях-парогах, перасек алешнік, узлез на баравое прарэджанае ўзвышша, і радасць хуткага заканчэння вандроўных пакут знікла, як дым ў ветранае надвор´е. Замест возера -- лысае балота. Затое бачныя чыгунка і воданапорная вежа ў Горках. Зноў трэба спускацца ў альховыя нетры.

Што, Глінніца ў адваротны бок пабегла? Трэба ж, так закруціла мяне, што зусім дэзарыентаваўся! У іншым напрамку трэба ісці.

Паблытаўшы-паблукаўшы па алешніку, усё ж выбраўся да рэчкі, якая бегла цяпер у патрэбным мне кірунку. Але як перайсці яе? Малайцы, бабры! Зноў на выручку прыйшлі -- чарговую плаціну ўзвялі. Палку ў рукі замест маца і -- наперад.

Ну, напэўна, гэты ўжо пад’ём на патрэбнае мне поле. Бязмежна радуюся дзвюм каровам, на электрапастух якіх ледзьве не наскочыў па шляху да возера. Я вызвалены з палону, у які мяне ўзялі Гарадзінецкае і Глінніца! Як добра, што своечасова скончыўся бензін! Інакш калі яшчэ пазнаёміўся б з такой наравістай драбнатой -- Гарадзінецкім і Глінніцай? А на спатканне з Глыбачкай з´езджу ў бліжэйшы час.

Сюды праехаў 16,6 кіламетра. Назад вырашыў дабірацца праз Горкі. Аказалася бліжэй -- 14,9 кіламетра.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). Лепель. 2012 год.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 7 дней назад,   за неделю: 507 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 20 часов назад,   за неделю: 254 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 4 дня назад,   за неделю: 245 
ЮШКИ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
ВЫЙШЛА КНІЖКА ПРА ЛЕПЕЛЬСКІХ КАВАЛЕРАЎ. Шуш — 7 месяцев назад,   за неделю: 51 
681. «ПОЛЬСКІЯ ШПІЁНЫ». ШКОЛА. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 50 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение