Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 11.09.2015 (13:34) — 3 года назад

БЛУКАЧ у ВКЛЦ. У логаве Лугавіка

Тема: Блукач у княстве Цмока    Сегодня: 2, за неделю: 7, всего: 830

 ВКЛЦ – Вялікае княства Лепельскага Цмока.

 Лугавік, Лугавы, Лугавічок – лугавы дух у народных міфах Вялікага княства Літоўскага, дзіця Палевіка. У выглядзе невялічкага зялёнага чалавечка ў вопратцы з травы бегае па лугах і ловіць птушак у ежу свайму бацьку Палевіку. Ростам роўны з травой, у якой хаваецца.

 Ведаў, што ўсе нячысцікі актывізуюць сваё міфічнае жыццё выключна ўначы. Аднак і не збіраўся стасавацца з Лугавіком сам на сам. Меркаваў спачатку адшукаць яго логава, а ўжо потым сустрэцца з ім непасрэдна, калі будзе на тое патрэба.

 Лугоў шмат. Дзе шукаць Лугавіка? Ды кожная лугавіна, кожны поплаў маюць уласнага нячысціка лугавога. Так што, можна далёка не забірацца…

 Калі зраблю засаду на Лугавіка непасрэдна на лугу, то ён мяне адразу вылічыць сваім нюхам міфічным і пачне перашкоды ўсялякія ствараць, каб прагнаць чужынца з валоданняў яго прыватных. Таму лепш асталявацца на ўзлеску, непадалёк ад лугу падлеснага.

 Соснік – валоданне іншага нячысціка, Лесуна зласлівага. У мяне няма патрэбы яго падпільноўваць, таму няварта і хаваць сваю схованку прымітыўную. Можна і цяпельца раскласці курадымнае.

 Пакуль бог агню Жыж робіць сваю справу спрадвечную, можна разведаць свайго табару наваколле загадкавае.

 Нечакана зрэз бульдозерны прымусіў збочыць у яго пашчу шырачэзную.

 Была гара высачэзная. Яе скралі, бы машыну кручэзную. У нашым грамадстве такое нярэдка здараецца.

 Раней узышоў бы на пад’ём круты, не задыхаўшыся. Цяпер жа, каб убачыць, што за часткай гары дзеецца, даводзіцца караскацца, бы альпіністу на Джамалунгму паднябёсную.

 Ага! Занядбаная прасёлачная дарога ў лес кіруецца. Падамся тым жа кірункам запушчаным.

 Хм! Раздарожжа незразумелае. Пойдзеш налева – у лясныя нетры заглыбішся. Падасіся направа – у бок горада атрымаецца. Выбіраю шлях прасцейшы ды бліжэйшы.

 Дарэмна баяўся дымам Лесуна напалохаць баязлівага. Яго няма тут увогуле. Бо, каб быў, дык не дапусціў бы такога здзеку над прыродай-матухнай.

 А можа адпомсціў злыдню абыякаваму? Той вывернуў смецце пад сасну вялікую, а Лесавік дэбіларусу за тое пракалоў кола кволае або паламаў нагу чалавечую. Тады парадак у княстве Лесуновым! Зуб за зуб атрымалася. Выйшаў на могілкі лясныя самотныя.

 Сярод мноства захаванняў – магіла Івана, прыяцеля майго даўняга. Узгадаў стасункі з ім ранейшыя.

 Круты спуск з гары могільнай вывеў да Эсы звілістай. Нясе яна воды сцюдзёныя ў мора Лепельскае ціхамірнае. Нясіце, хвалі імклівыя, маё вітанне валацужнае сябруку майму лепшаму Цмоку міфічнаму аж у самае мора Лепельскае.

 Абыход валоданняў Лесуна мясцовага закругляючы, выйшаў на старую звалку прылесную. Бачна, яе прыбіралі службы камунальныя, але злыдні невыводныя зноў цягаюць сюды смецце ўсякае. Ці прымаеш ты меры, Лясун Узлескавы? Ці шкодзіш іх маторы смярдзючыя? Ці праколваеш іх колы гумовыя?

 Вось і закругліў свой маршрут азнаямляльны.

 Можна і гарбаты гарачай пахлябаць пасля блукання цікавага.

 З цела тэрмінова трэба пазганяць кляшчоў, энцыфаліт разносячых, ды рушыць у пошукі слядоў Лугавіка прыхаваных.

 Цяпер рабіць гэта лягчэй, чым раней было, паколькі Палявік з-за ляноцця бязмернага аддаў свае ўладанні палявыя ў спадчыну Лугавіку, сыну свайму роднаму. А таго прырост абшараў лугавых не турбуе – іх не трэба засяваць, пасевы густыя даглядаць, ураджай важкі збіраць. Толькі качайся ў траве густой мурожнай ды ў вус не дзьмі заклапочана. Вось тут Лугавік у альховай засені хаваўся ад сонца спякотнага.

 А гэта галоўнае логава Лугавіка лянівага. Чалавек столькі травы не стоўк бы, качаючыся. Мяккі подсціл зладкаваў сабе нячысцік бясклопатны.

 Жывёле ў Лугавіковых валоданнях раздолле жаданае – можна пасвіцца без балючай пугі пастухоўскай надакучлівай. І пастуху лафа летуценная – пад паветкай спі, чарніла засмактаўшы бутэльку бомбавую, а жывёла свойская самастойна пасвіцца. Кажу ўвогуле, вясковы быт на ўвазе маючы. Да Каня гэтага тое не тычыцца – ён навязаны і дагледжаны.

 Што ж, задачу выканаў, сабе пастаўленую – адшукаў логава галоўнае Лугавіка мясцовага. Ці здагадаліся, дзе я валэндаўся? Ды за чарнаруцкай аселіцай Забаення прыгараднага.

 Ад горада блізка, а якая прырода цікавая, колькі прыволля ды прыгажосці хаваецца ад вачэй заўсёды заклапочаных! Прыміце прывітанне, чытачы цікаўныя, ад самога Лугавіка Забаенскага.

Верасень-2015.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


СВИНСТВО ВОКРУГ МЕНЯ. Шуш Эсенскі — 2 дня назад,   за неделю: 660 
СПОРТ НА СОВЕТСКОЙ ПЕРИФЕРИИ. Шуш Эсенскі — 5 дней назад,   за неделю: 491 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 1 неделю назад,   за неделю: 292 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 2 недели назад,   за неделю: 69 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 54 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение