Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 09.11.2015 (09:16) — 3 года назад

ДЗЯДЫ. Здароў, польскі шпіён!

Тема: Блукач у Вялікім Княстве Літоўскім    Сегодня: 1, за неделю: 9, всего: 1411

 Па-сапраўднаму святкаваў Дзяды толькі ў дзяцінстве. Мая баба Ганна Пруская была вельмі набожная і не прапускала ніводныя памінкі продкаў.

 Любіў мясны стол пасля лазні з абавязковай бутэлькай віна, спаборніцтвы на ранішняе прачынанне, каб першаму выпіць пакінутую Дзядам чарку. У 90-х аднойчы ўдзельнічаў у шэсці на Дзяды ад Маскоўскіх могілак да Курапатаў. Вось і ўсе мае ўспаміны пра Дзяды. Не збіраўся іх адзначаць і сёлета.

 Але раптам атрымаў допіс ад незнаёмага мне аршанца Ігара Казмерчака: “Ведаю, што вы былі на гэтым месцы, можа, і яшчэ раз наведаеце, але каб разам з іншымі: http://orsha.eu/rus/новости/3225/”. І мне стала сорамна, што я забыўся на свайго гаротнага дзеда Тарэнту Шушкевіча, якога застрэлілі бальшавікі на Кабыляцкай гары.

 Ездзіў-ездіў да яго і раптам перастаў. Нават рэпартажы адтуль пісаў: “Дань памяти убиенным на Кобыляцкой горе” і “ТЕРРОР. Хроника одного года одной деревни”. Адпісаў Ігару: “Буду” і абвясціў родных, што еду да дзеда на Дзяды. Паехаць са мной захацеў мой малодшы сын і праўнук Тарэнты - Алег.

 Прыехалі ў Воршу а сёмай раніцы. Паснедалі на вакзале.

 Двойчы быў на Кабыляцкай гары, а зблытаўся.

 Але мэты дасягнулі.

 Здароў, польскі шпіён дзед Тарэнта! Знішчылі цябе бальшавікі тады, а цяпер над тваёй эпітафіяй здекуюцца іх выхаванцы.

 Добры чалавек нагадаў мне аб табе. Дзякуючы яго згадцы я тут. Прабач, што пачаў забывацца на цябе.

 Затое не адзін я. Праўнука твайго прывёз.

 І эпітафія твайму суседу па зямліцы сырой добра захоўваецца.

 І да галоўнай эпітафіі бальшавіцкія рукі не асмельваюцца дакранацца. Адгніюць яны ім, калі на тое рашацца.

 Глядзі, дзед Тарэнта, як добра стасуюцца тры сведчанні злачынства будаўнікоў камунізму.

 Свядомыя людзі сюды збяруцца апоўдні. А пакуль мы прыроду навакольную пабачым. Такія ўжо мы няправільныя з пункту гледжання тваіх забойцаў – усё прыгожае нам цікава.

 Кожны лапік зямлі, што цябе прыняла, нам дарагі і мілы.

 Мы ведалі, што прыйдзем на Воршыцу, горад утварыўшую, які стаў тваім катам.

 Але рака тут ні пры чым. ГАды ўсюды знойдуць сабе прыстанішча.

 Ты, вядома, Воршыцу не бачыў і нават не чуў пра такую з глухой лепельскай вёскі Верабкі, у якой паскуднікі залічылі цябе ў польскія шпіёны.

 А няўрымслівая Воршыца разбягаецца на два рукавы, каб значнасць сваю засведчыць у наваколлі аршанскім.

 Зайздроснае месца выбралі сабе дачнікі аршанскія. Думаю, не псуюць яны Воршыцу, а даглядаюць ды чысцяць для сябе плацдарм адпачынку на ёй.

 На тым баку аршанскія наваколлі абследаваць бы, але часу не стае.

 Іншым разам абурыўся б пераездам на рэчцы, але ўстрымаюся. Нічога ж не застаецца – мост ніхто не змайструе, каб цябе не паскаудзілі прамасленыя жываты трактароў і машын.

 Твой спачын, дзед Тарэнта, ведаем, дзе знаходзіцца, хоць сцежку да яго і згубілі.

 Пакуль час Дзядоў не надышоў, пакажам ушанаванні ахвяраў камунізму. Я свядома не кажу “сталінізму”, паколькі гэты кат ёсць параджэнне дурной крывавай сістэмы.

 Яшчэ адны ўнукі тут пабылі - забітага Пятра Гіля. Не мінула гэтае месца і Аб’яднаная грамадзянская партыя Беларусі.

 Пад навакольныя дрэвы вянкі пастаўленыя.

 Няма тут толькі і не будзе нашых кіраўнікоў і праваднікоў ва ўтапічную светлую будучыню. Усе старшыні райвыканкамаў Беларусі і іх намеснікі ў гэты час (7 лістапада ж сёння) кладуць вянкі пад ногі галоўнаму ідыёлагу і натхняльніку смерці на Кабыляцкай гары – майму цёзку Леніну. А ў гэты час працягвае правальвацца зямля па меры згнівання чалавечых целаў, абы як пакіданых у брацкія магілы.

 Яны сагналі да бронзава-стальных балванаў сваіх паднявольных васалаў, а гэтую 90-гадовую бабу, прыхажанку ўніяцкай царквы, ніхто сюда не дасылаў. Сама прыйшла і ўзялася парадак наводзіць перад Дзядамі.

 Вось і сыходзяцца людзі, якім неабыякавы лёс будучыні сваіх нашчадкаў. Яны нясуць вянкі і кветкі сюды, а не пад ідала, усім светам асуджанага, апрача адзінкавых адшчапенцаў ад свету гэтага.

 Гэтых людзей ніхто не прымушаў суботнік рабіць на Кабыляцы. З сабой прынеслі і граблі, і венікі.

 Ужо з іншага боку дзядоўшчыкі насоўваюцца.

 У кожнага ёсць, што сказаць. Вось гэтая паэтка Яўгенія Казлова, аўтарка слоў самай мілагучнай песні пра Воршу, мяне настолькі кранула сваім разуменнем сёняшняй сітуацыі, што (забягу наперад) на развітанне з ёй цалаваўся, а пры выпадковай сустрэчы ўвечары ў Оршы зноў кінуўся абдымаць яе. Свая ж, мая, нашая!

 Каля яе – завадатар на Дзядах Юры Нагорны, былы мэр горада-спадарожніка Воршы – Барані, старшыня Аршанскага аддзялення Таварыства беларускай мовы, былы дырэктар школы, у якой вучыўся Павел Севярынец. Юрась дае слова і мне.

 Чытаю дакумент, які сведчыць пра забойства Тарэнты на Кабыляцкай гары.

 Я і сам не задумваўся, што такая сімвалічная повязь ёсць у майго сына з Тарэнтам. Алег падлічыў, што прадзеда бальшавікі забілі ў 43-гадовым узросце. Алегу цяпер 37 гадоў. Тарэнтавай жонкай была Шушкевіч Ганна Міхайлаўна (На здымку сын Тарэнты і мой бацька Косця са сваёй маці і жонкай Тарэнты - Анэтай).

Алегава жонка – таксама Шушкевіч Ганна Міхайлаўна. Ён баіцца, каб лёс прадзеда і яго Анэты не напаткаў сям’ю праўнука.

 А гэта можа здарыцца, калі забудзецца злачынства бальшавікоў, калі і надалей галоўныя кіраўнікі мясцовых уладаў будуць ушаноўваць крывавы дзень з’яўлення ў гісторыі аршанскай Кабыляцкай гары, мінскіх Курапатаў, лепельскага саду “Дынама”…

 Журналіст, намеснік старшыні аршанскай моладзевай арганізацыі “Звяз” Ігар Казмерчак распавёў, як энтузіясты даводзілі да ладу сімвал памяці аб забітых.

 Дзядоўшчыкам было прыемна ўзгадваць сваю працу на гэтым святым месцы.

 А было гэта так (Ігар даў здымкі пра тое).

 Гісторык Юрась Копцік назваў мноства ахвяраў Кабыляцкай гары.

 З ім побач стаіць тая прыхажанка ўніяцкай царквы, якая першай з венікам прыйшла на Кабыляку. Прапаную звярнуць увагу на царкву, што натхніла жанчыну сталага веку на высакародную справу.

 Старшыня Аршанскага аддзялення Кансерватыўна-хрысціянскай партыі Беларускага народнага фронту Юрый Конышка прапанаваў перайменаваць Кабыляцкую гару ў гару Памяці. Я публічна не пагадзіўся. Навошта ўпадабляцца тым, хто крэмзаў народныя назвы населеных пунктаў, з мінскага Койданава зрабіў Дзяржынск, з магілёўскага Прапойска – Слаўгарад, з лепельскіх Аўгустова і Іван-Бора – Звязду і Красный Октябр. Кабыляка, Курапаты – гэта быццам удар кувалдай па галаве: стой, тут смерць. Здаецца, мяне зразумелі.

 Мітынг закончыўся. Пачалося ўскладанне кветак шматпакутным Дзядам.

 Я ў чарговы раз пашкадаваў, што маю зычны барытон, але не маю музычнага слыху – людзі без усялякай каманды ўзяліся спяваць малітву за Беларусь “Магутны божа”, якая ў свой час нават прэтэндавала быць гімнам Беларусі. На жаль, перамог Савецкі Саюз.

 Бывайце, нашыя новыя сябры-аршанцы! Спаткаемся, калі не раней, то на наступныя восеньскія Дзяды абавязкова. Прывязём новую эпітафію нашаму дзеду і прадзеду Тарэнту.

 Спіце спакойна, калгаснікі і іншыя будаўнікі сацыялізму. За што змагаліся, на тое і напароліся.

 Погляд на Дзяды з іншай званарні шукайце на аршанскім сайце orsha.eu.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 4 дня назад,   за неделю: 500 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 7 дней назад,   за неделю: 183 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 20 часов назад,   за неделю: 176 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 1 неделю назад,   за неделю: 127 
ВЫЙШЛА КНІЖКА ПРА ЛЕПЕЛЬСКІХ КАВАЛЕРАЎ. Шуш — 7 месяцев назад,   за неделю: 82 
ЮШКИ — 2 недели назад,   за неделю: 63 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение