Блоги LEPEL.BY
БЛОГИ


 

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 23.06.2016 (00:21) — 2 года назад

260. СЁМУХА Ў МІХАЛОВЕ. Лісічонак (Гурко) Тамара


 

т.

 Спачатку варта зрабіць пераклад 99 працэнтам беларусаў, якія не ведаюць, што за свята такое Сёмуха: религиозный праздник Троица это значит.

 Лета. Чэрвень. Канікулы. Раніца. Я злезла з заслонаўскага аўтобуса і цяпер іду па дарозе на Горкі. У адной руцэ сетка з белымі батонамі (гасцінец для бабулі), у другой – туфлі (люблю хадзіць босай). Тым больш, што дарога мяканькая-мяканькая, і я лячу, нібы пушынка, і спяваю ў голас, і хоць людзей няма, але ж слухаюць мяне мой чэрвень ды поле, ды кусточкі, ды неба сіняе і воблакі белыя.

 Ах, як хораша ды радасна мне! А чэрвень сапраўды мой, бо я нарадзілася ў ім, 13-м днём. А баба Проска – 11-м. І абедзве мы нарадзіліся на Сёмуху, і не важна, на які дзень яна прыпадае, мы святкуем свой дзень нараджэння не па даце, а па святу. Як Сёмуха, так і дні нашах нараджэнняў.

 А яна ж як раз ужо заўтра. Дык шмат трэба чаго паспець: падлогу памыць, аеру прынесці, галінак бярозавых наламаць: спяшацца трэба. Вось і ферма, тут дарога пабяжыць далей, а я – на сцяжанку, праз пуці (з іх ужо дахі хат бачныя), па кусточках, і во – засталося толькі адно поле. Яно кожны год рознае, сёлета на ім лён пасеяны, добра, далёка не трэба хадзіць церабіць.

 А вунь і баба Пракопіха праполвае градкі. Зараз пасмяёмся, бо я ціхенька падкрадваюся ззаду ды як закрычу ей у вуха:

 - А ну, адгадай, хто я!

 Яна знянацку аж падскоквае, а я рагачу-заліваюся. Хістае бабуля галавой:

 - Ай-ай, дуроніца якая, напалохала бабу, вось я табе…

 А мне яшчэ смяшней:

 - Дагані спачатку!

 Бягу паперадзе ў хату ды дзеду Пракопу за спіну хаваюся. Дзядуля лагодна ўсміхаецца:

 - Ну, ні прывітання, ні развітання, а бабу ўжо напужала. Вось дасць крапівой зараз.

 А я ад смеху валюся на лаўку, бо ведаю, што ніхто мяне і пальцам не кране, бурчаць для выгляду, а і самім смешна. Бабуля больш суровая:

 - Ну, хопіць, хопіць рагатаць, снедаць будзем.

 Але ж снедаць мне некалі, пабягу да бабы Проскі, каб хоць да вечара ўправіцца. Перш-наперш сябровак трэба сабраць: Верку Карпаву, Польку Быстрыцкую ды Таньку Сільвановіч. Без іх я нікуды, чацвёра нас аднаго ўзросту, і дружба – вадой не разліць. Я лічуся за гарадскую, дык адчуваю сябе галоўнай завадатаркай.

 Сёння ідзём пад Азерцы, гэта зусім маленькая вёсачка і каля яе возера - не возера, балота – не балота, але нейкі вадаём, і там процьма аеру. Але ж там дужа тванна і адны мы туды не ходзім, баімся. Ідуць з намі хлапчукі: браток мой старэйшы Валерык, Сашка Карпаў ды Валодзька Хрыстынін. Яны ж яшчэ і тачку за сабой цягнуць, бо аеру трэба нацягаць для ўсіх. Цягаюць, вядома, яны. А мы, бы сапраўдныя жанчыны, падказваем, як гэта лепей рабіць. Іх нашыя падказкі не кранаюць, робяць сваю справу ды пасміхаюцца. Яны лічаць нас зусім маленькімі: ну, вядома, на два гады старэйшыя за нас.

 Справу зрабілі, трэба падсілкавацца. І чым, думаеце? Дык аерам жа! Во, каб вы ведалі, смакоцце якое. Толькі трэба ўмець правільна аблупіць, каб застаўся адзін бялюткі карэньчык, салодкі-салодкі, і пахне незвычайна, самой прыродай, усе пахі сабраліся ў гэтых каранях: возера, ветру, зямелькі роднай дзіўны такі водар, жывы, бы мелодыя якая, як струменьчык серабрысты, здаецца, рукамі яго можна мацаць. Нахрумкаемся, надыхаемся мы гэтай пяшчотай і гайда дахаты. Хлапчукі спераду, мы ззаду, з горкі на горку бяжым, шчабечам, нібы птушкі.

 А якое хараство наўкола! Чэрвень жа – усё зялёненька, свежанькае, сонейка грэе, ветрык шапоча, трава-мурава гайдаецца, казыча голыя пяткі. Сэрца грукоча ад радасці – гэта ж тут усё маё: маё Міхалова, мае сяброўкі, мой браток з таварышамі, і лугі, і палі мае, і кароўкі пасвяцца воддаль, маё, усё, родненькае, лета маё вясковае.

 Деревня моя средь лугов и полей

 Там, где в садочке поёт соловей,

 Где ранней порою умывшись росою,

 По тропке бежала, ногою босою,

 Где залиты солнцем в избушке оконца,

 Где тёплая печка и быстрая речка,

 Где в детстве осталось навеки сердечко,

 Где в ситцевом платье девчонкой-малёхой

 На бричке каталась с мальчишкою Лёхой,

 Под грушею дичкой с младшей сестричкой

 Набегавшись, спали закрывши реснички,

 Где в кружке малина с парным молоком

 И сковорода из грубки с румяным блинком,

 И бабушка с доброй улыбкой,

 И море цветов за резною калиткой.

*   *   *

 По детству скучаю, вернуться хочу,

 От боли и страха, проснувшись, кричу,

 В рубахе ночной на крыльцо выбегаю,

 На месте ли сердце моё проверяю…

 Вот такое отступление мимолётом посетило сознание. А яшчэ ж трэба бярозавых галінак наламаць, але па іх хай браток ужо адзін ідзе, а я падлогу буду мыць. Думаеце, гэта лёгка? Зусім не! Набіраеш вады ў вядро, анучу бярэш і галень – пад ногі, і туды-сюды, нібы танец які вытанцоўваеш. А потым вадой чысцютка змыць ды насуха анучай выцерці -  во, цяпер і аер можна раскідваць. Тым часам і бабулечка з калгасу прыйшла, а хатку не пазнаць: галінкі бярозавыя панатырканыя, падлога аерам засланая…

 - Ну, унучачка, дзякуй табе, даражэнькая!

 Прыціскаюся я да бабулі:

 - А гэтак жа я старалася дзеля нашага свята – святой Сёмухи.

 Усё гэта адбывалася пры Савецкім Саюзе. І хоць бабуля ўпотайкі распавядала нам пра бога, і абраз вісеў у куце, аднак я доўгі час думала, што гэта маё асабістае свята, ну, і бабуліна, вядома. Тым больш, што самі дарослыя падмацоўвалі гэтую маю думку. Ну, перш за ўсё, гэта была нядзеля, што ўжо бы свята. З самага ранку бабуля гатавала святочны стол, захінала яго вышываным настольнікам з карункамі, на стале ўсялякія прысмакі, і свае, і гарадскія, і ўсе ішлі да нас у госці. І галоўнае, усе яны віншавалі мяне і дарылі падарункі. Не, падарункі былі невялічкія, бо багацеяў сярод маёй радні не было, Хто цукеркі падносіў, хто мяшочак пячэння, адна цётачка, памятаю, кубак уручыла, цётка Анька сукенку купіла жоўтую ў гарошак, а цётачка Люба шыла добра, дык што-небудь прыносіла са швіва. А дзядзькі ўсё больш з бутэлькай ішлі ды за вушы цягалі, каб расла хутчэй, а то я ўсё нейкая маленькая была, не расла дужа ўверх.

 А дзе гарэлка ды закуска, там жа і песні, а потым і скокі. Гуляй, вёска! Весяліся! А бывала, і на кулакі ішлі, і зубы трашчалі, але бы несапраўды, быццам кіно якое глядзіш. А мо якія трагедыі і былі, ды мы, малыя, пра тое не ведалі. Нам было весебла. Не кожную ж нядзелю ў вёсцы так святкуюць, бо, працаваўшы ў калгасе, не да свята. Ідзе лета, спяшаюцца: што за лета нарыхтуеш, тое і з’ясі. Рабілі з ранішняга золку да позняга вечара. І дарослыя, і дзеці. З маленства прывучаліся да працы. І я, хоць цяпер ужо жыла ў Лепелі, але лета маё ўсё адно было вясковым.

 Многа гісторый за гады набралася, цэлае жыццё, і яго мала, каб усё распавесці. Таму пакуль спынюся. І да сустрэчы праз колькі дзён.

Напісана ў 2016 годзе.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора




 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение