Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 27.06.2016 (22:41) — 2 года назад

263. РАГУЛЯ Ў МІХАЛОВЕ. Лісічонак (Гурко) Тамара

Тема: Лепельщина без прикрас    Сегодня: 1, за неделю: 8, всего: 972

 

 Бадай, найбольш затрымалася ў памяці вось гэтая гісторыя з майго жыцця. Раней у Михалове кароўка была ў кожным двары. У бабулі - таксама. За ўсе гады памятаю іх некалькі: Манашка, Красуля, Рагуля. Той год як раз Рагуля была. Сапраўды з вялікімі рагамі. Дык я тых яе рагоў сапраўды баялася. А тут такі выпадак…

 Паехала бабуля з Міхалова ў Лепель на першым аўтобусе. Ну, і як водзіцца, абедашнім цягніком павінна была вярнуцца назад. А ў нас так заведзена было: раненька кароў у поле выганяюць, а ў абед, у самую спякоту, у хлеў да чатырох гадзін прыганяюць, ну, і зноў у поле да вечара. Дык пакуль яны стаяць у хлеве, напаіць ды падаіць трэба.

 Напаслася Рагуля за першую палову дня, цяпер ляжы, адпачывай. Гаспадыня з гораду прыедзе, падоіць.

 Але і цягнік прагрукатаў, і Васіль сваю карову выгнаў (сёння яго радоўка пасвіць). А бабулі ўсё няма, і Рагуля нядоеная. Што рабіць? Хоць і баюся, але трэба самой паспрабаваць.

 Бяру даёнку, услончык, заходжу ў хлеў. Рагуля свае рогі на мяне паварочвае, вокам бліскучым косіць: што за малеча ў хлеў зайшла ды вядром ляскоча? Не разумее, што гэта я, Тамара.

 Неяк падступіцца. Пераступае кароўка з нагі на нагу: не падыходзь, атрымаеш капытам па лобе. А што ж гэта рабіць? Паціху набліжаюся ды прыгавораю:

 - Не чапай мяне, кароўка, не пужай, у мяне аж унутры ўсё калоціцца, баюся я цябе.

 - Правільна баішся, - качае Рагуля вялікімі рагамі. – Зараз пырну.

 Не, нічога не бедзе. Трэба кагосьці на дапамогу клікаць. А каго? Ну, вядома, сябровак лепшых ды братку свайго.

 Цэлая брыгада сабралася мальцаў ды дзяўчынак. Ну, цяпер я ўжо смелая. Абкружылі з усіх бакоў жывёліну, а я за ўслончык ды за справу. А малака няма. Танька кажа:

 - Не ўмееш. Дай я.

 Саступаю ёй месца. Але нешта і ў яе не дужа спрытна выходзіць. Цвырк-цвырк – танюсенькія стуменьчыкі. І тут бярэцца за справу Галька – яе маці даяркай працуе на ферме, а дачка ходзіць дапамагаць ёй калі-небудзь.

 Сапраўды, пайшла справа, зацінькала малако аб вядро, запенілася белай пенай, і мы з зайздрасцю пазіраем на Гальку: малайчына якая. І ўжо Рагуля стаіць спакойная, і я радая, што добрую справу зрабіла, бабуля пахваліць.

 Задаволеныя выходзім гурбой з хлеву, а баба Проска ўжо ў дзверы, ды як закрычыць-залемантуе:

 - Ах¸божухна мой, царыца нябесная, а што ж гэта дзееца! Спорцілі кароўку маю.

 Ды фартухом налева, направа. Спалохаліся мае памочнікі ды ходу. Я ж стаю і нічога не разумею. А бабуля мне:

 - Ну, дзякуй, унучачка, спорцілі Рагулю!

 Дык як жа гэта, хачу я ёй сказаць, а ў самой слёзы з вачэй ручаём ад крыўды, ад несправядівасці дарослай.

 - Я з табой яшчэ пагавару, - кідае бабуля і, выгнаўшы кароўку, пагнала ў поле.

 І горка-горка стала мне, што мая любая бабуля так на мяне крычыць, яшчэ і фартушком замахваецца. Не, не буду больш з табой жыць, збягу куды-небудзь, жыві са сваёй Рагуляй, абдымайся з ёй. Пайду, куды вочы глядзяць.

 І пайшла на вуліцу. А там ужо ўсе кароў гоняць, і ўжо бабы ведаюць, як мы карову даілі ўсёй брыгадай.

 Пасля збягу, а цяпер схавацца куды трэба. Але куды? Ага, стаіць лесвіца на гарышча, вось туды і палезу, пакуль ніхто не бачыць.

 Але пасля гэтага усяго ператрусу нешта я есці захацела. Хутчэй у хату, бульбу з чыгунка, не заўважыць бабуля. У місцы цыбуля пацёртая са смятанай, але яе ж на гарышча не занясу. Лепш агурка з дзежкі, бабуля шмат іх саліла і закладвала нейкімі травамі, і былі ў нас салёненькія агурочкі аж да новага ўраджаю. Так: бульба, агурок, кавалак хлеба – хопіць падсілкавацца.

 А на гарышчы сена леташняе ляжыць, і падсцілка вісіць на бэльцы. Уладкоўваюся, запіхваю ежу за абедзве шчакі і прыслухоўваюся. Ага, вярнулася, кліча:

 - Тамарачка, унучачка, есці хадзі! Свежага хлеба прывезла, ды мамка твая цукерак перадала. Хутчэй бяжы.

 Ага, знайшла дурніцу. Спачатку фартухом біць ды лаяцца, а потым – есці хадзі. І цукеркі сама еш са сваёй Рагуляй. Шапчу гэта, і зноў слёзы набягаюць. Не пайду!

 Валерык у хату зайшоў.

 - Ці не бачыў Тамарачку?

 - Не, не бачыў.

 - Дык, а дзе ж яна? Ідзі, Валерык, можа ў Сільвановічаў…

 Шукайце, шукайце. Яшчэ плакаць будзеце, як я плачу цяпер. Выціраю я мокрыя шчокі, сама сябе шкадую.

 І ўжо збіраюцца ў хаце суседзі. Бяжыць баба Пракопіха, крычыць:

 - А навошта ты яе біла!

 І апраўдваецца баба Проска, што не біла, а толькі махнула фартухом. І крычаць абедзве. Мо збегла ў Лепель? І запрагае дзед Пракоп каня, і дзядзька Іван (ён жыве ў Горках, яму ўжо пераказалі) сядае на веласіпед таксама ехаць шукаць.

 Але гэта я ўжо не чую, аб тым даведаюся пасля, а цяпер спакойна сплю. Стаміў мяне гэты дзень і гэтая трывога, і слёзы мае горкія. Акунулася я ў соннае царства і праспала ўвесь перапалох і сваю крыўду. Злезла з гарышча, а ў хаце мае бабулі сядзяць, змаркоціўшыся, думаюць: дзе ж гэта іхняя Тамарачка? І клянуцца, як толькі знойдзецца, слова ўпоперак не казаць.

 Ну, калі так, дык вось яна я! Абдымаюць мяне бабулькі, цалуюць. І ўжо прыехаў дзядуля з гораду, а з ім перапалоханыя маці з татам. Вярнуўся дзядзька Іван. І ўсе радыя, што я знайшлася. А я радая болей за ўсіх. Навучыць мяне бабуля даіць кароўку, і калі куды трэба ад’ехаць, я спраўлюся сама, без сябровак.

 І доўжыцца лета. І здараюцца яшчэ гісторыі ўсё ноыя і новыя. Працягваецца жыццё маёй вёсачкі, майго Міхалова…

Луга и поля, берёзки, осины

И заросли гладкой малины,

Тропинка под ноги ложится -

То детство моё босоногое мчится.

Летней порою

На речку гурьбою

Бежит без оглядки,

Играется в прятки,

Смеётся, хохочет,

Старуху седую заметить не хочет.

Укрытая пледом

Бреду за ним следом,

Судьбу обгоняя, назад возвращаюсь,

В лазоревом детстве дымком растворяюсь.

Я снова девчонка

В старой кофтёнке

Сижу на крылечке,

И щемит сердечко,

Как будто бы знаю,

Что горькую долю познаю.

С родного порога как будто бы вижу дороги

Несчастья, печали, тревоги,

Что повстречала. Ах, если бы знала,

Из детства родного не убегала.

Записано в 2016 году.







Мартин: 29.06.2016 в 23:17 — 2 года назад

Мусіць пасцілка вісела на папярэчыне паміж крохвамі, а не на бэльцы.






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ЧЕЛОВЕК В ТРАНШЕЕ. ЛЮДЯМ ПОФИГУ — 4 дня назад,   за неделю: 602 
ДАСЯГАЕМ УЗРОЎНЮ ЎКРАІНЫ 2005 ГОДУ Ў СФЕРЫ ГАНДЛЮ — 3 дня назад,   за неделю: 368 
ПАДЕНИЕ ИНТЕРЕСА К ЧТЕНИЮ. Шуш Эсенскі — 6 дней назад,   за неделю: 358 
ПАДПОЛЬНАЯ ЗВАЛКА НАБІРАЕ РАЗМАХ — 2 дня назад,   за неделю: 329 
ЛАТЫШСКІ І БЕЛАРУСКІ БЕЛАРУСЫ ПРА СВАІХ ПРЭЗІДЭНТАЎ — 1 неделю назад,   за неделю: 295 
ПАПІЛІ-ЗАКУСІЛІ НАД ВЕРАБСКІМ КАНАЛАМ. ФотаФік — 1 неделю назад,   за неделю: 224 
668. А ШТО ЗА ЎСХОДНЯЙ МЯЖОЙ РАЁНА? Тухта Валер — 1 день назад,   за неделю: 148 
 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение