Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 01.08.2016 (23:06) — 2 года назад

278. ВЕРУ... ДУМАЮ... ЖЫВУ... Міхно Уладзімір

Тема: Лепельщина без прикрас    Сегодня: 1, за неделю: 7, всего: 1215

 Нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Чэрцы. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Празаік, публіцыст, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1996 года. Аўтар кніг: “Горкі зефір” (1993), “Азартныя гульні” (1998). Піша для падлеткаў і пра падлеткаў, у сваёй творчасці закранае тэмы школы, настаўніцтва, праблемы іншага моладзевага асяродку. Жыве ў роднай вёсцы на Лепельшчыне, працуе ў лепельскай раённай газеце.

Імпрэсіі

1 красавіка 2008 года

 Дзень гумару

Дзень вясёлага, светлага, бесклапотнага смеху. Дзень светлай памяці бязвоблачнага майго дзяцінства, якое знікла назаўсёды. Сумны дзень... Памятаю, чакаеш першага красавіка як СВЯТА, галаву ламаеш, што б такое прыдумаць палаўчэй ды паямчэй, каб падкалоць, абмішуліць, ды каб паверылі. Мы спаборнічалі, у каго спрытнейшая кемнасць. І калі ўжо кагосьці абпрастафілілі, то ў даўгу ён, будзьце пэўны, не застанецца. Такі вось даўжэзны цягнік-хахмач атрымоўваўся. А лакаматывам служыла само жыццё...

 Зараз за ўвесь дзень пра жарты ніхто нават і не ўспомніў. Людзі поўзаюць сумныя, сонныя, безаблічныя,  як мухі,  скуголяць па жыцці, ненасытна куюць грошы,  як быццам збіраюцца сысці ў нейкае іншае жыццё, дзе з гэтага багацця сугарусцяць сабе вечны рай. Мы, газетчыкі-раёншчыкі, таксама больш у медыях не жартуем. Аднойчы былая наша рэдактарка ў Чашніках пажартавала: напісала, што на мясцовым спіртзаводзе адбылася аварыя і з вадаправодных калонак заміж вады пацёк спірт. Першым адгукнуўся райвыканкам, прыняўшы ўсё за чыстую манету. На планёрцы зачысцілі спачатку гаратны спіртзавод, а затым і газету. Марна было даказваць, што ты не бык, ківаючы на лісток у календары. Улады гумару не зразумелі. Дый не выпадае ім “первоапрельствовать”, высокія крэслы не дазваляюць, спусціўшыся (па-руску дакладней: “снизойдя”) да народа, у дурня гуляць. З таго часу мы болей не жартуем.

 Жыццё і так вясёлае... То загадалі народу свяціцца ў мусовым парадку, аб’явіўшы ўсеагульную флікерызацыю краіны. Не выходзь, бабулька, па патрэбе пільнай, не абазначыўшыся,  штрафануць так, што ў парткі напусціш. То за сок бярозавы самавольны дадумаліся па трыста ці нават па тры тысячы даляраў штрафаваць. Едзь, старая качарга, у няблізкае лясніцтва, выпішуць табе сухую бярэзіну-ваўкарэзіну на дзялянцы, проці ліха на ўзгорку, дзе пень на калоду брэша, і пі на здароўе санкцыянаваны сок, калі да дому давалачэш. А не давалачэш – таксі наймай. А то ўвогуле загаварылі пра прыватызацыю зямелькі. Каб унукам твая зямелька, на якой век свой гарбела, дасталася, выплаці, калі ласка роднай дзяржаве жменю даляраў. Бо Пуцін з Мядзведзевым, жмінды, жыўцом нас у трубу заганяюць. Цалуй суседа не цалуй, усёдна атрымаеш... рынкавыя дачыненні. Што наступнае прыватызаваць будзем? Паветра? Ці мо жонак?

 Весела! Гадзіннік спыніўся, а на календары заўсёднае першае красавіка. Каму весела, а каму і сумна…

 8 красавіка 2008 года

 За летам надышла восень, якую прынеслі на крылах шалёныя заходнія вятры. І вось ужо зноў залётваюць пад шызымі цяжарнымі хмарамі белыя мухі... Зіма?! І ўсё гэта за якія дзень-два, нібы ў той казцы пра дванаццаць месяцаў. Кажуць, восень – пагод восем, а тут – красавік! А зрэшты, хіба забыліся, як у красавіку яшчэ ваўсю ляжаў снег і возера стаяла пад ільдом? Вельмі ж мы хутка прызвычаіліся да тога глабальнага пацяплення. І, прызнацца, ужо не хочацца зімы ў красавіку. Да камфорту хутка прывыкаеш. Але ж прыроды не спадманеш. Толькі чалавек лёгка спадманвае і сябе, і іншых...

 Сёння на працы рыхтаваў матэрыял пра вайну. У абласной газеце надрукавалі спісы вязняў, якія загінулі ў фашысцкім рабстве і пахаваны на тэрыторыі Германіі. Ёсць некалькі чалавек і з суседняга раёна, дзе працую. Сустракаўся з сынам аднаго з іх. Увогуле, цікавы пачуў расповед. Сын рос фактычна без бацькі, і бадай не памятае яго. Чатыры годзікі было, калі бацька пайшоў на вайну, з якой не вярнуўся. У дзесяць гадоў хлопчык хадзіў за плугам, які цягала яго маці-гаратніца. Пасля вайны сям’я атрымоўвала нейкія капейкі за зніклага без вестак гаспадара. Адным словам, гора цяпнулі. Старэнькая маці, так і не ўведаўшы лёсу мужа, памерла. А сын вось выпадкова адшукаў бацьку ў тым страшным спісе. Загінуў яшчэ ў сорак другім у нямецкім Цайтхайне. Там і пахаваны. Немцы вырашылі хоць як рэабілітавацца. Адшукалі картатэку вязняў. Зараз шукаюць іх сваякоў. Увосень думаюць прыехаць сюды з візітам. Навошта? Каб паказаць сямідзесяцігадовым дзецям вайны фотаздымкі магіл іх бацькоў? Напэўна, прывязуць “адкупных” марак. “Адкупных” ці то “выбачальных”. А нашы прыніжаныя галечаю старыя пасля родненькіх дзяржаўных выплат за страчаных бацькоў чакаюць тых нямецкіх марак як манкі нябеснай. Прыніжанае, рабскае чаканне, за якое павінна быць сорамна і нам і немцам. Бо хіба маркамі загаціш тое пачуццё дзесяцігадовага хлопчыка, які арэ зямлю на... сваёй мамцы.

А яшчэ сёння фатагфаваў помнік воінам і партызанам у цэнтры Чашнік. Яго рэстаўравалі пад шумок юбілею горада, балазе падкінулі грошы. І вось, маўляў, які стаў прыгожы пасля рэстаўрацыі. Фатаграфаваў, а сам думаў пра тое, што вось пад гэтай новай пліткай брукаванай незнарок схавалі ... магілку чалавека. Левы. Не воін і не партызан. Працаваў у райкаме пасля вайны. Памёр. Нічога лепшага не прыдумалі, як пахаваць ля абеліску. Ганарова! Партыйны функцынер. Спачатку на магілцы стаяла агароджа, пліта. За рэстаўрацыяй пра магілку забыліся зусім, гладзенька замасцілі. Знік чалавек. І сваякоў ужо няма. Няма каму патурбавацца аб ім, ніхто не прыедзе на магілку. Толькі новыя функцыянеры, сабраўшыся ля абеліска па чарговай нагодзе, будуць бадзёра каркаць: ”Ніхто не забыты!” Каго спадманваем, гаспада-таварышы? Так і жывем...

 2О красавіка 2008 года

 Вербніца

 Быў у горадзе, на базары. Святое месца!

 Паўсюль тоўпіліся людзі з галінкамі вярбы, а ў некаторых вярба чамусьці была пераплецена з дробненькімі чырвонымі штучнымі (?!) кветачкамі. Што гэта азначае? І што азначае, калі людзі са свянцонаю вярбою імкнуць на базар? Ці не наш славуты праваслаўны атэізм, які наблытаў цэлы клубок бязглуздзіцы ў свядомасці людской. І мы ўжо не ведаем, чаму і каму верыць, горш, мы не ўмеем верыць, нас не вучылі.

 А базар і сапраўды месца цікавае. У нядзельным райцэнтры гэта і клуб для тых, каму за трыццаць, (і за шэсцьдзесят таксама), і стабільны пляц для тусовак падлеткаў ды моладзі, і сацыяльны “майдан” раённага маштабу... Няўжо яшчэ і царква? Зрэшты, пра тое, што самыя заўзятыя малітвы мы адбіваем богу, які завецца Бізнес, ужо і спрачацца няма чаго. Ды які там бізнес! Купіў, прадаў выгадна – зарабіў на жыццё. Я не пра тых небаракаў-бізнесоўцаў, якіх мусова пазаганялі ў “ЧУПы”, падрэзаўшы чубы. Я пра звычайнага дылетанта, пра любога-другога, хто хоць аднойчы ў жыцці нешта купіў і перапрадаў. Пацаны-малакасосы “бізнесуюць” – гумачкамі, фанцікамі, цыгарэткамі. Навар! Я не кажу пра мабілы-дэбілы. Пра іх асобная гаворка...

 Учора званіў сябра. Хваліўся, што толькі за тыдзень чатырыста баксаў патраціў на прычындаллі для рыбалкі. Жывуць у вялікім горадзе, дзе кожны паход у краму залаты. Ён на дзяржслужбе, атрымоўвае семсот беларускімі, жонка наогул у дэкрэтным. Сын нарадзіўся. Ого, колькі зараз трэба грошы на дзіця! Будуюць кааператыўную кватэру... Не, я не з-за “чарвячка” кінуўся лічыць грошы ў чужой кішэні, а пра тое, што капейка, заробленая на халяву, а маладыя ўспрытніліся зарабляць менавіта так – лёгка і шмат, дэвальвіруе самі паняцці “грошы” і “праца”. Вунь як воўк у казцы шукаў лёгкага хлеба. Атрымаў па зубах. Так нас вучылі. А зараз і казкі ў новым прачытанні. Па зубах жыццё цябе б’е, калі зарабляеш на хлеб працавіта і цяжка. Папялушкі – лохі. Бедны селянін – Іван-дурань. А Іван-дурань, які ўмее кіраваць працэсам з печы, а яшчэ і своечасова пусціць стралу Амура на багаты каралеўскі двор – герой нашага часу.

 Усё пераблыталася – і ў казцы, і ў жыцці, і ў прыродзе. Ужо тыдні два, як стаіць звычайная красавіцкая восень. Дзе ж гэта бачылі, каб увесну лілі такія зацяжныя, нудныя-самотныя дажджы, каб сонца днямі не паказвалася з-за аблокаў, смяротна ўзлаваўшыся на людзей. У агарод без гумавых ботаў нават і не выходзь. І калі садзіць-сеяць будзем? Зямелька – як слізь балотная. А на светлы велікодны тыдзень увогуле прагназуюць пяціградусныя маразы, каб і тая пупышка, якая асмелілася набрыняць, загінула. Дрэвы чакалі-чакалі вясны, плюнулі і пачалі паціху абуджацца, трэба ж неяк зелянець...

 Вясна - пад прымусам, вера - з адчаю і дзеля моды, жыццё — насуперак і на “авось”. Такая эпоха...

 27 красавіка 2008 года

 Вялікдзень

 І сапраўды які вялікі дзень! Покі сонейка паўдугою аперажэ зямельку і будзе шукаць, куды яму схавацца нанач, колькі ўсяго паспееш зрабіць! Паспееш выпіць чарку і з’есці скварку, і чырвонае яечка падарыць добраму чалавеку, які завітае да цябе ў хату, а ці ты да яго пойдзеш у госці – з дабром, са шчырасцю, са святам у душы. Паспееш схадзіць на клады пакланіцца бацькам. А потым, а потым – яшчэ паўдня застаецца да вечара. І нязвыкла: рукі не зачэпіш за працу, працаваць грэх! (Чаму грэх працаваць? Мне здаецца, строгае табу павінна быць накладзена на лаянку, на зайздрасць, на нялюбасць ды нянавісць між людзьмі, але не на працу). Але ж законы ўстанаўліваю не я, а Бог. А ў Бога дзён многа. Не, канешне, высільвацца па святых днях. Вось і адбіваеш паклоны кожнай травінцы, што толькі выпаўзла на свет белы пасля зімовага паморку, і кожнай ранняй кветачцы ў палісадзе, і кожнаму дрэўцу ля хаты, якое наважылася нарэшце раскрыць сонейку вялікую жыццёвую таямніцу, схаваную ў пупышцы… Кланяешся  і радуешся разам з імі жыццю. Вось дзеля чаго, пэўна, Бог забараніў людзям у гэты дзень займацца штодзённымі справамі. Каб яны хоць аднойчы, атросшы рукі ад будзённай мітусьні, па-сапраўднаму парадаваліся жыццю. А то ж усё часу няма.

 Заўважце, Бог на Вялікдзень і надвор’е заказвае... Увесь тыдзень конадні стаяла заказное надвор’е. Каб людзі змаглі прыбраць у хаце і ля хаты, ператрэсці ўсе закуточкі, перамыць-перасушыць усе анучкі – капы, пакрывалы, цюфякі ды матрасы, дарожкі і дываны – усё на сонейка. Каб людзі змаглі прыбраць магілкі, і нябожчыкі ў крыўдзе не засталіся. Усё прыбрана, падмецена, пабелена, пафарбавана. І наколькі ж прыемней пасля гэтага становіцца самае галоўнае свяшчэннадзейства – фарбуюць яйкі, пякуць булкі. Ідуць на ўсяночную, якую праўда-такі ператварылі зараз у нейкую мітрэнгу. “Кто как хочат, так и...” І асабліва моладзь, для якой велікодная ўсяночная – толькі і ёсць яшчэ адзін тусач, праўда, ля царквы. Але, здаецца, я пачынаю бурчэць. Людзей не пераробіш, тым болей, што ў тым тусачы сапраўдных вернікаў кот наплакаў, а ўсё болей сапраўдных жалезабетонных гомасавецікаўсаў, колішніх ваяўнічых атэістаў, якіх камуністы стругалі семдзесят гадоў, як той Цэрэтэлі свае “утонченные изваяния”. І скажыце дзякуй, што гэтыя людзі ўвогуле нешта з Боскага прыстасавалі сабе для святкавання. Тысячагадовая рэлігія аказалася трывушчай: выстаяла, не паддалася вынішчальнай наўры, бо глыбока пусціла ў зямельку жыццяздольнае карэнне. Павінен прайсці час, каб мы змаглі адужаць свае сацыяльныя хваробы. Каб мы перасталі пачынаць “замочваць” Вялікдзень ці не з першага дня “страстной седмицы», а само свята каб было для нас СВЯТАМ, а не “праздником” (днем ничегонеделания). Бо сапраўднае свята – гэта заўсёды вялікая праца для душы.

 9 мая 2008 года

 Дзень Перамогі

 Пад мелодыі ваенных песень, пад акампанемент шчымлівага трымцення душы пішу сваю новую нататку... Надумку? Занадта пафасна хапіў? Ды не. Дзень Перамогі прывык паважаць і адчуваць змалку. Нутром. З таго самага “малку”, калі яшчэ на бацькаў цёмнашэры пінжак дапамагаў чапляць медалі, калі праводзіў бацьку на мітынг да помніка, які і дагэтуль мадзее на школьным падворку, непадалёк ад нашае хаты. З таго самага “малку”, калі разам з аднакласнікамі чытаў ля помніка ўрыўкі вершаў і спяваў песні.

 А потым была заўчасная бацькава смерць, пасля якой засталася каляровая шкатулачка на паліцы з тымі самымі ўзнагародамі і са струхлелаю даведкаю, што чырвонаармеец 7 аддзялення сувязі батальёна сувязі таварыш Міхно Фёдар Цімафеевіч быў цяжка паранены 19/04 –42г. Далей напісаны медычны дыягназ і стаіць подпіс, на жаль, неразборлівы, начальніка часці 708, ваеннага ўрача ІІ рангу... Гэта даведка пра мой асабісты Вечны Дзень Перамогі. Перамогі Памяці над бяспамяцтвам. Перамогі Дабра над злом. Перамогі сыноўняга абавязку ў дачыненні да тых, хто ўжо не падымецца, і не папракне, і не паўшчувае, і не парадуецца... І таму ў мяне, каму крыху за сорак, ад ваенных песень мароз дыбаціць па скуры кожны раз, як чую, і кожны раз самахоць напаўняюцца вочы слязьмі. І таму кожнага дзевятага мая, напоўніўшы чарку “франтавымі стаграмамі”, падыходжу да партрэтаў бацькоў і віншую, а потым іду на могілкі, быццам бы там можна пагаварыць з імі як з жывымі. Я веру, яны жывуць, пакуль я помню...

 Дзень Перамогі – свята майго дзяцінства і юнацтва, свята майго жыцця.

 Адшумелі ўрачыстасці майго дзяцінства. Помню, як  дзень Перамогі поўніўся ветэранамі ля помніка і моладдзю на школьным стадыёне. Гульні, скокі, канцэрт і, вядома ж, буфет з жаданым марожаным,  якога ніяк не маглі наесціся. Буфет адкрывалі  ў школьнай сталовай яшчэ з вечара.

 Апусцела вёска. Няма каму есці марожанае, якога ў любым магазіне – хоць на хлеб маж, абы грошы. Няма каму збірацца ля помніка, ці не таму самотна схіліў голаў парэпаны ад часу жалезабетонны, злёгку пабранзавелы салдат з аўтаматам, да якога ўжо нават вянкоў не прыносяць, адно яшчэ дзеці са школы кладуць раз у год кветкі.

 Ды не гэта галоўнае... Апусцелі нашы пачуцці. Адбываецца дэвальвацыя каштоўнасці дня Перамогі ў свядомасці, асабліва ў маладзейшых. І гэта не марожанае, яго не купіш за грошы, ім не напоўніш скрыні народнае памяці. Чаму так адбываецца? Напэўна, таму, што мы ўсё часцей пачалі хлусіць – і сабе, і дзецям. І сёння моладзі цяжка разабрацца, дзе нашы сапраўдныя каштоўнасці, а дзе нашы ідэалагічныя шоры і самападман. А  маладым -- калі што незразумела, то і фік з ім. Мы святую бацькоўскую Перамогу забалбаталі, утапілі ва “вселенском” папулізме, якому ўжо ніхто сур’ёзна не верыць. Адбылася падмена паняццяў, і хто ў тым вінаваты, відавочна, зразумела...

 26 лютага 2011г

 Маё жыццё – пакутліва цяжкі і нудны шлях са змрочнага  палону адной скрынкі – тэлевізара,  у  цемру другой – труны.

*     *    *

 Пісьменнікам я так і не стаў. Цяперака пісьменніку мала пісаць, трэба быць цыганом, які ўвесь час нахвальвае свайго творчага пегаса ды борздзенька падганяе яго па базарчыку бліжэй да пакупніка. У мяне іншы менталітэт. Я – беларус, да таго ж, несучасны і, напэўна, усё ж правінцыйны… “Я мужык, а гонар маю…”

                  *     *     *

 Вялікі талент не ўмее прагінацца і вечна набівае гузы аб вушак. А ў гэты час маленькая бяздарнасць спакойна грукае ў дзверы  і праходзіць, “даже головой не задевая о косяк”, яе ахвотна пускаюць, бо на скрайні выпадак бяздарнасць добра ведае, дзе трэба прыгнуцца, дзе ўтуліць галаву ў плечы, дзе ўкленчыць, а дзе і ўвогуле прапаўзці вужом – каб гуза не набіць.

                  *     *     *

 Палітбюробістыя. Сядзяць па трыццаць, па сорак гадоў у мяккіх крэслах. Мазалі на задніцы. Бадай ужо спруцянелі, а цела ўсё без касцей, каб спрытней было выварочвацца. Называюць сябе гнуткімі. Язык счасалі, б’ючы ўпустую аб зубы. Ці насамрэч упэўненыя, што без іх усё пойдзе на скрут галавы, ці прыкідваюцца, употай спадзеючыся дачакацца, каб вынеслі ўрачыста ўперад нагамі. Іншы раз так учэпіста за поручні крэсла трымаюцца, што рукі па локці ў крыві. Вылятаюць толькі, калі добра дадуць ім выспятка. Бен Алі, Мубарак, Кадафі – хто наступны?!

 26 ліпеня 2011 года

 Ведаеце, чым пісьменнік адрозніваецца ад звычайнага пісьменнага чалавека? Тым, што пісьменнік напіша прыгожа, а непісьменнік – “правільна”. Бо напісаць прыгожа ў яго не хопіць таленту.

 11 чэрвеня 2012 года

 - Вавоцька, - мой юны сябар не выгаворвае літары “л”, — яна што, дэбіва?

 - Хто?

 - Ды дзяўчына. Напісава мне: “Вадно, спокойной ночи. Я иду спать”. Чаго яна так рана спаць квадзецца?

 Адвячорак. Сямнаццацігадовы Руслан не прасыхае “ВКонтакте”, зрываецца толькі каб папаліць.

 - І адкуль жа яна, твая абранніца?

 - Ды з нейкага Ввадзівастока.

 Дваццаць першае стагоддзе… Іронія інтэрнэту… А зямля ўсё яшчэ круглая і ўсё яшчэ круціцца…

 Пазаўчора

 - Вавоцька. А па натуры можна зорку з неба дастаць?

 - Ну-у! Гэта, ведаеш, якая вялікая лесвіца патрэбна.

У нас такой нямашака.

 Пазірае недаверліва, ці не пацвельваюся я з яго.

 - Руслан, ты калі-небудзь пажар бачыў?

 - Вядома.

 - Дык вось уяві сабе пажар, толькі ў мільёны, мільярды разоў большы. Гэта і ёсць зорка.

 - Як? А чаму ж яна такая мавенькая?

 - Таму, што знаходзіцца ад нас на адлегласці мільёнаў светлавых гадоў?

 Ці што зразумеў, але яму цікава.

 - А чаму сонца грэе?

 - Таму, што гэта бліжэйшая да нас зорка. Гарыць дык і грэе.

 Цікава. Але ўсё роўна не верыць. Не прывык ён верыць людзям.

 Руслан закончыў дзясяты. Якое там закончыў… А ці што ў школе калі гаварылі пра зоркі ці пра той Ввадзівасток? Хіба ён чуў! Пофігу яму, бо тую школу, як нячысцік царкву, балотам абыходзіць. Калі Руслан “закончыць” і адзінаццаты, настаўнікі, пэўна, у царкве свечку паставяць…

Пададзена ў 2016 годзе.







Мартин: 02.08.2016 в 08:55 — 2 года назад

У кожным радку адчуваецца рука майстра.Аўтар мае густ і здольнасці. Тэкстаў такога узроўня на LEPEL.BY яшчэ не было. Годны быць у саюзе пісьменнікаў. Дарэчы, да якога саюза ен далучыўся?




Терентий: 02.08.2016 в 09:17 — 2 года назад

Не в бровь, а в глаз! Умница!




ВАЛАЦУГА: 04.08.2016 в 12:43 — 2 года назад

У Беларусі два Саюзы пісьменнікаў: адзін; беларускіх (канкрэтна), а другі: Беларусі: (як бы зборны). У тым і розніца. Валодзя Міхно - беларускі пісьменнік. Сам мяне вучыў так адрозніваць Саюзы. А цяпер больш зразумела: Саюз беларускіх пісьменнікаў - апазіцыйны, Саюз пісьменнікаў Беларусі - праўладны.




Санчо: 13.08.2016 в 16:43 — 2 года назад

Да.журнал постарел однакоСтыдно






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ДЫК УЛА АБМЯЛЕЛА ЦІ ПАПОЎНІЛАСЯ? ФотаФік — 6 дней назад,   за неделю: 427 
АФІША МАЙГО ФЭСТУ. Цмок Лепелькі — 1 неделю назад,   за неделю: 334 
ПАНТОНЫ СЕЛІ НА ДНО. ФотаФік — 1 неделю назад,   за неделю: 257 
655. ...І РАБІНАВЫ КАМЕНЬ ЗА ВЁСКАЙ. Тухта Валер — 1 день назад,   за неделю: 116 
 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение