Блоги LEPEL.BY
БЛОГИ


 

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 05.08.2016 (23:33) — 2 года назад

280. РАДОЎКА Ў МІХАЛОВЕ. Лісічонак (Гурко) Тамара


 Карова малако дае. Смачнае. Тлустае. Наеднае. Але для таго рагулю трэба ўтрымліваць: паіць, карміць, даіць, пасвіць. І ніводзін з гэтых складнікаў не даецца лёгка. Усюды праца, праца, праца…

  Ад ранняй вясны і да позняй восені даводзіцца кароўку пасвіць. Не адну, а ў вясковым статку. Таму і не кожны дзень, а па чарзе. Радоўку адбываць, як кажуць у вёсцы.

 Тут таксама, як і на касавіцу, раненька ўставалі. Але я раніцу любіла, таму раней бабулі прачыналася і пачынала збірацца так: хусцінка, шаравары, боцікі і, галоўнае, дубечык. Яго мне Валерык учора змайстраваў – такі спрытненькі, як раз па маёй руцэ. Валерык з намі не пагоніць, ён любіць ранкам паспаць, дык у нас з ім дамова: я з раніцы пасу, а ён з абеду.

 Сабраліся, выганяем. Сёння гонім пад Баравенскія Хутары. Гэта добра, бо не дужа далёка. І патравы вялікай няма – там толькі адно бульбяное поле ды кусточкі з маліннікам.

 Во ўжо і на месцы. Кароўкі за траўку, і мы снедаць. Кідае бабулечка паддзёўку. А што там у нас? Ну, вядома: сала салёненькае ды агурочак з лешкі, ды цыбулька зялёненькая, яечка варанае і маё любімае малачко. У спёку добра піць хоць салодкае, хоць кісленькае. Дзякуй вам, кароўкі, скубіце добра, а я вас буду даглядаць за вашае белае цудоўнае смакаццё.

 Разумныя жывёліны скубуць сабе паціху, а мы з бабуляй заводзім гутарку. Больш гаворыць яна, а я слухаю. Як яна была маладой, як выходзіла замуж, нарадзіла дзетак аж сямёх. А потым вайна, дзеда Сямёна забралі ў армію, згарэла хата, і як яна вандравала з дзеткамі адна (двое памёрлі), пяцёх на ногі трэба было паставіць. Нацярпелася мая любая бабулечка, і я ўжо плачу горкімі слёзамі, шкадуючы яе. Яна выцірае мае шчочкі фартушком:

 - Ой, не гаруй, унучачка, усё прайшло ды быллём зарасло. А давай лепш заспяваем.

 У нашай сям’і спявалі ўсе. Бабуля старадаўнія песьні любіла, матуля спявала ўсё больш жалобныя, а цётачка Алька ўсялякія, яна і цяпер ходзіць у наш РДК, спявае ў хоры ветэранаў. А я рамансы люблю ды бабуліны песні. Самая ейная любая: “Зялёная вішня з-пад кораня выйшла…” Заводзім у два галасы, і ляціць песня летуценнем аж да самага неба сіняга.

 Кароўкі наеліся, паляглі, і мяне нешта ў сон пацягнула, прытулілася да бабуліных каленек, і пакуль вочы не заплюшчацца, гляджу на белыя воблакі: во, па небе нашая сукрыстая авечка бяжыць, а тут раптам котка Жмурка з кацяняткамі… І ўжо заплюшчваюцца вочы, гладзіць мяне бабуля пяшчотна па галаве:

 - Паспі крышачку.

 І я правальваюся ў салодкі сон, і ў ім воблака ператварылася ў прынца на белым коніку, які капыціць па небе – едуць да прынцэсы. Ну, а прынцэса, вядома ж, я.

 Але не даюць мне доўга прынцэсай пабыць – абступілі кароўкі з усіх бакоў.

 А Малышка нашая стаіць нада мной і мыкае. Нічога не зразумею: коні ж не мыкаюць, дык гэта што, можа прынц? Але я спужалася і са страху расплюшчыла вочкі, а на мяне Малышка глядзіць сваімі вялізнымі каровінымі вачыма:

 - Уставай, лежабока, казала, глядзець будзеш за намі, а сама спіш, нібы крупы прадаўшы.

 Ах, я вас! Хапаю дубец - прынцэсы кароў не пасвяць!

 - Яшчэ як пасвяць! – трасуць рагулі рагамі…

 А дзе ж бабуля?

 - Што, спалохалася, унучачка? А гэта я за малінкай збегала, - і падае мне бітончык з малінай.

 Ух, якая духмяная ды сакавітая, кідаю ў рот адну за другой ды раптам спахапляюся: а бабулечцы пакінуць трэба.

 - Еш, еш, дзетка, я ў кустах наелася. Трошкі і я цяпер прылягу, а ты за кароўкамі паглядзі.

 А што за імі глядзець? Патравы побач няма, ды ў мяне і памочнік ёсць, Дружок во побач хвастом віхляе. Спі, мая родная бабулька, можа і ты ў сне казачнай прынцэсай пабудзеш… Пырскаю я са смеху: ці можа бабай Ягой? Але тут жа мне робіцца сорамна. Баба Яга страшная ды злосная, а мая баба Проска ростам невялічкая, косы доўгія, аж ніжэй пояса, а як яна закруціць іх на галаве неяк спрытна, дык бы тая каралеўна… А яшчэ і добрая. Не, бабулечка, будзь у сваіх снах Феяй казачнай, гэта сапраўды твой вобраз. Думаючы так, гляджу на яе, і яна ўсміхаецца скрозь сон, нібыта чуе мае думкі.

 І вось ужо падхопліваецца, глядзіць на сонейка – пагонім на паўдзён, час ужо.

 Во колькі спраў перарабілі за паўдня: малін наеліся, паспалі, з прынцам сустрэліся, а галоўнае – радоўку да абеду адбылі.

 Усё, я вольная! Цяпер пабягу сябровак наведаю. Ага, Тонькі дома няма, Галькі таксама… Можа ў ахрап’е пайшлі? Ну, няхай сабе, пабягу да бабы Пракопіхі…

Напісана ў 2016 годзе.







Ёкраманабабай: 06.08.2016 в 12:15 — 2 года назад

Валацуга, ты не сам выдумау гэтую маладзицу з Михалова?




Кикимора Болотная: 09.08.2016 в 18:58 — 2 года назад

А если он её выдумал, так портрет откуда слямзил?




ольга: 10.08.2016 в 22:56 — 2 года назад

такая маладзица есть в лепеле.я лично знаю ее.живет на плинтовке






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора




 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение