Блоги LEPEL.BY
БЛОГИ


 

 : 23.10.2016 (22:26) — 9 месяцев назад

353. ЗОРКА НАД МІХАЛОВАМ. Лісічонак (Гурко) Тамара


Звесткі пра аўтара тут.

 Нешта мне так сумна-сумна. Сяджу на лавачцы каля плоту і гарую. Гэта ж канец жніўня, хутка скончыцца лета. Не сёння, дык заўтра бацькі прыедуць ды павязуць мяне на Данбас.

 Валерык застанецца ў Міхалове з бабуляй Проскай, каб ёй не быць адной.

 Божачка любы, дык я не хачу на той Данбас. Які ён? Татка казаў, шахты ўсюды вялікія, і там у іх людзі працуюць, пад зямлёй. Чулі такое дзіва? Каб гэта не татка распавядаў, ніколі б не паверыла. У нейкай яміне! Гэта ж жудасна… А як яны там бачаць? А там жа можа і гады ўсялякія жывуць. Страхоцце якое… Не, не хачу, не паеду я туды. Схаваюся на гарышчы ці ў пуні, паспрабуйце, знайдзіце…

 Ай, з гэтымі думкамі зусім заблыталася. Пакуль той іхні Данбас, заўтра за сенам едзем. Збірацца трэба, а я сяджу, нібы дурніца.

 Смяецеся? Не смейцеся. Не катацца ж еду, а дапамагаць, бо я вялікая ўжо, пайду ў другі клас. Дзед Пракоп і грабелькі мне зрабіў, маленькія, пад мой расток. Новенькія, жоўценькія, аж зіхацяць, і ў руцэ спрытныя.

 Паедзем аж за Пунты і будзем цэлы дзянёк, бо там не толькі бабіна дзялянка, а і Сільвановічаў, і Карпавых. Звозіць будуць усіхняе сена, па чарзе.

 Едзем на шырокай, высокай брыцы. Яна таксама новенькая, бы мае грабелькі, і так жа зіхаціць і пахне жывой лазой. На хаду ўладкоўваемся. Малышня сядзіць, паміж стойкамі звесіўшы ногі. Дзядзька Васіль стаіць у брычцы, быццам велікан-гаспадар, круціць над галавой лейцамі: ну, з богам, паехалі…

 Брычка коціцца сабе, і коцяцца мае думкі. Усё мне тут знаёмае, роднае: двары, ля якіх праязджаем, дарога, па якой я колькі гадкоў бегала босая, і гэтае сінюткае неба, і гэтыя палі… А як жа я буду без іх? Хто будзе пасвіць маю Малышку? Ірваць ахрап’е? Палоць градкі? А кветачкі, мае любыя кветачкі, што я прывезла з Гарадзянца? Ой, я-ёй, горка мне…

 Але пакуль я ў думках бедавала, ужо і прыехалі. Тут думаць некалі, трэба рабіць. Я за бабай Проскай буду падграбаць, каб ніводнай сухой траўкі не засталося, гэта ж ежа на зіму для каровак.

 А наўкола прыгажосць якая, прастора ад краю да краю! Сонейка цёпленькае, ветрык ласкавы кружыць, кружыць галаву, хочацца пяяць ад шчасця ды ад радасці. І не толькі мне адной, ужо пяюць бабуля з цётачкай Фенькай, і падхоплівае цётка Вольга, і нясецца песня ўдалячынь. Во, якія мае міхалоўцы: гуляюць – пяюць, працуюць – пяюць. Няхай пяюць, а я верш пра Міхалова прыдумляць буду:

 Кут зялёны, ветрык у полі,

 Бярозкі, асінкі, крывыя таполі,

 Сунічкі, малінкі ды смачны грыбок

 І шэранькі зайчык з-пад елачкі скок.

 І вожык калючы, іголкі тырчком,

 Прыходзіць з лясочку за малачком.

 Пад хатай крылечка,

 Ў падпечку авечка

 І салавейка ў садочку –

 Усё гэта ў любым зялёным куточку.

 Аблокі і рэчка, дымок з грубкі-печкі,

 Браток мой Валерык,

 У дружбе мы з ім, у даверы.

 І Танька, і Галька, і Верка,

 Якая так любіць цукеркі.

 Валодзька Хрыстынін, і Сашка-браток –

 Усё гэта родны зялёны куток.

 Такое салодкае слова –

 Радзіма мая і маё Міхалова.

 Так і прайшоў дзень. Граблі, складвалі на брыку, хто знізу падаваў, хто наверсе таптаў. Абвязвалі вяроўкай вышэйшы за брыку воз і развозілі па дварах. Пакуль былі ў ад’ездзе, мы, малыя, займаліся сваёй справай. Мальцы майстравалі сабе рагаткі, а мы, дзеўкі, збіралі кветкі, плялі вянкі, гулялі ў хованкі, сілкаваліся. Звычайны вясковы дзень.

 Але заканчваўся ён незвычайна. Калі быў накладзены апошні воз, нас падсаджвалі, і мы, чапляючыся за вяроўкі, лезлі ўверх. І, апынуўшыся на самай верхатуры, мне здавалася, што я стаю на краю зямлі, пад самым небам, вось-вось дакрануся да яго рукой. І заходзілася маё сэрцайка, і гукала я на ўвесь голас: ”Ой, гой-гой! Як хораша жыць! Неба, я цябе люблю! Сонейка, дай дакрануцца да праменьчыка! Ветрык, я палячу з табой, дай мне крылы!”

 І смяялася неба. І сонейка, хаваючыся за небакрай, гарэзліва ўсміхалася мне. І лагодна абвяваў плечы ветрык. А я стаяла і абдымала раскінутымі рукамі сваю любую радзіму, і моцна-моцна прыціскала яе да грудзей. Гэтак на ўсё астатняе жыццё запамінала дзяцінства, уцягвала ў сябе яго пах неверагодны, крышталёвы і звонкі, бы зорачка, бы ранні досвітак, бы свежы восеньскі снег, бы сцюдзёная вадзіца з крынічкі…

 Але ўжо кранаўся воз, і крычала знізу бабуля, і я, смеючыся з нязграбных сябровак, уладкоўвалася спрытней і плыла, быццам па моры, пра якое распавядаў мне татка. А можа гэта калыхала мяне мая міхалоўская радзіма?

 І ўжо насоўвалася сутонне, і мільгацелі ўверсе зорачкі, і я засынала… Ах, каб можна было назаўсёды застацца ў тым сне…

 І я сама ператваралася ў зорачку, і зіхацела над сваім Міхаловам.

 А Мiхалова было такім маленькім зверху і такім вялізным у маім сэрцы, што запаўняла душу аж да самага донца. І ці я растваралася ў радзіме, ці яна ўва мне?

.

Небо в сумрак опустилось,

Звёзд коснулась я рукой.

То ли явь, а то ли снилось:

Пела родина со мной.

.

Мне напутствие давала:

Никогда не унывать,

Где бы только ни бывала,

Родину не забывать.

.

Пронесла наказ сквозь годы

И вернулась вновь к тебе

Сквозь жару и непогоду

Вспять развратнице судьбе.

            *   *   *

Мне бы счастья хотя бы немножечко:

Песню бы спеть под гармошечку,

В танце пройтись с каблука на каблук,

И чтоб руку держал милый друг.

.

Мне бы снега зимой много белого,

С горки на санках я бы летела бы,

Зелёной весны и красного лета,

И соловьиных в роще сонетов.

.

Мне бы туда, где рассветы в полнеба,

Где поля золотятся от хлеба,

Где простор и луга заливные,

Где тайные тропки до боли родные.

.

Мне бы вернуться снова и снова

В такое далёкое то Михалово,

В милое детство нырнуть с головою,

Мне бы, счастье, столкнуться с тобою.

Напісана ў 2016 годзе.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора




 

Copyright © 2009 - 2017 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение