Блоги LEPEL.BY
БЛОГИ


 

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 17.12.2016 (21:57) — 4 месяца назад

377. НОВЫ ГОД У МІХАЛОВЕ. Лісічонак (Гурко) Тамара


Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Ізноў кліча мяне маё Міхалова. Кліча ўзімку, у той першы дзень, калі дзед Пракоп прынёс мяне, малечу, за пазухай і паклаў у далоні маёй радзімы, і люляе яна мяне і не адпускае. І чую я тыя пахі дзедавага тытуню, пах пухнатага снегу, пах бабуліных рук, пах дабрыні і лагоды.

 І шчыміць сэрца. І баліць душа, і ўзлятае птушкай, і дзе б я ні знаходзілася, ляціць у маё дзяцінства. Кружыць, кружыць над палямі і кустамі і апускаецца якраз пасярод Міхалова ля малой дзяўчынкі, што стаіць на дарозе, захутаная аж па самы нос у вялізную бабуліну хустку. Стаіць ля хаты Быстрыцкіх, дзе жыве яе сяброўка Галька, бо пачула, як тая грукае ў акно. Акно замерзла, але Галька прадыхала дзірачку і скрозь яе глядзіць на Тамарачку, кліча ў хату. Вось і дзверы адчыніліся, цётка Ганна выйшла. “Ну, ужо заходзь”. А няма часу мне заходзіць. Ці вы не бачыце, я не проста катаюся, а па справе іду.

 А справа ў мяне такая. Учора прыехалі з Данбасу цётачка Алька і дзядзька Іван, прывезлі гасцінцаў ад таткі з матуляй, і цяпер тыя гасцінцы я вязу да дзеда Пракопа і бабулі Марыі.

 Бабе Просцы некалі, поўная хата гасцей, нейкіх яшчэ два хлопцы прыехалі разам з дзядзькам Іванам, бачна, да бабулі. Зараз б’юць парсюка.

 Гасцінец вязу на санках. У кашы. Гэта прыдумка Валерыка. Звычайна ў гэтым кашы сяджу я сама. Раней, калі ён катаў мяне на санках, дык як разгоніцца, я вывальвалася. А потым пасадзяць мяне ў кошык і як дадуць з Валодзькам па дарозе ды дзе з гары, мне і не страшна, я быццам у калысцы.

 Але цяпер самой даводзіцца цягнуць гэтыя санкі. Ну, нічога, я ўжо і даехала. Адчыняю дзверы. Але што гэта мяне ніхто на сустракае? У хаце пуста, ціха, цёпленька, пахне дранікамі ды скваркамі, мусіць, бабуля раніцай смажыла. Можа ў хлеў пайшлі? Ну, хай сабе. У мяне яшчэ справа ёсць.

 Матуля перадала мне з Данбасу падарунак да Новага году – сукенку бялюткую-бялюткую, нібы снег. У бабы Проскі няма вялікага люстэрка, а што там убачыш у маленькім? А ў бабы Марыі вялізнае, круглае, на ўсю сцяну, да яе ўсё Міхалова ходзіць, калі каму што прымерыць трэба.

 Распранаюся. Прыбіраюся ў сукенку. Ай, якая прыгажосць! Не магу адарваць вачэй, стаю нерухома, такую я толькі на малюнку ў кніжцы бачыла.

 - А хто гэта да нас прыехаў? – чую голас дзеда.

 - Хто, хто? – адказвае яму бабуля Марыя. – Тамарачка з Валерыкам. Не бачыш санкі Прошчыны?

 - Санкі бачу, дык нікога няма…

 - Ёсць, - выходжу з хаты ў трысцен.

 Дзед з бабай аж знерухомелі.

 - Дык, а гэта хто? – першы апрытомнеў дзядуля.

 - Хто, хто? Я, унучка ваша.

 - Не, гэта нейкая Снягурка.

 - Ай, дзед, - злуюся я. – Гэта матуля мне сукенку даслала з Данбасу.

 - Не ведаем мы ніякіх Снягурак, у лесе яны жывуць, - гэта заходзіць у хату цётка Тамара і смяецца.

 І тут я зразумела, што гэта яны жартуюць. Кідаюся да дзеда Пракопа. Ён бярэ мяне на рукі.

 - А я думаў Снягуркі халодныя, а гэтая цёплая. Ага, не, наша Тамарачка, - і кружыць мяне па хаце.

 І смяюцца ўсе, і так мне прыемна і ўтульна, і весела.

 - Ну, сядай ужо, будзем абедаць, - бабуля ставіць ежу на стол.

 Тут і капуста духмяная, гарачая, толькі з печы, і блінкі-дранікі, і скваркі. Аж слінькі цякуць.

 Сядаю на сваё любімае месца, каля дзядулі, на лаўку ў куточку, і ядзім мы з ім з адной міскі. Ён студзіць мне гарачую капусту, а насмішніца цётка Тамара ізноў жартуе:

 - Во, Снягурка ў лесе жыве і лыжку сама трымаць не ўмее.

 Ну і хай сабе жартуе, я і не крыўдую. Прыхінаюся да дзедавага бока і засынаю. І ўжо не чую, як дзед нясе мяне на ложак, як бабуля накрывае цёплай пярынай, бо я ўжо стаю ў лесе, у белай сукенцы, а вакол мяне сядзяць 12 месяцаў, і ярка гарыць полымя.

 Аб чымсьці гамоняць месяцы, не звяртаючы на мяне ўвагі, і мне дужа крыўдна, і збіраюся я ўжо заплакаць уголас, але раптам прачынаюся.

 Знікаюць месяцы, і гарыць не вогнішча, а трашчаць дровы ў пячурцы, дзядуля сядзіць на ўслоне, падшывае мае валёначкі, бабуля лушчыць семкі, што я прывезла, цётачка нешта шые. І гавораць:

 - Ну, усё, гатова, будзіць трэба.

 - Не чапай, хай паспіць, гэтакія санкі валакла, стамілася.

 - А я ўжо не сплю!

 - Ну, тады хадзі, карону мераць.

 Ай, божачкі! Сапраўдная карона, бы ў Снягуркі. І блішчыць, і каралькі збоку вісяць.

 Апранаю сукенку – ну, хутчэй, цётачка, давай карону. І раптам бабуля ўстае з услончыка, падыходзіць да шафы, і дастае адтуль… Што б вы думалі? Белыя сандалікі.

 - Во, Люба з Балгарыі прывезла. Хацелда ўлетку падарыць, але, калі такая справа, няхай будзе ад Дзеда Мароза.

 І захапляе ў мяне дух, і хочацца абшчапіць адразу ўсіх, і казаць “дзякуй”. А я стаю і маўчу, і шмыгаю носам, і зараз расплачуся ўголас ад тых пачуццяў, якімі поўніцца маё сэрца, а не могуць вымавіць вусны. І ў белай сукенцы, белых сандаліках, з каронай на галаве гляджуся ў люстэрка і не пазнаю саму сябе.

 А потым прыходзіць Валерык, сёння і ён будзе начаваць тут, бо ў бабы Проскі з-за тых гасцей няма месца. І мы вячэраем. Цётка Тамара ідзе да гасцей, а мы ладкуемся спаць. У бабы Проскі я звычайна сплю на грубцы, а тут у мяне ёсць свой утульны куточак. Яго дзядуля сам змайстраваў для мяне, бо я дужа люблю цяпло. За грубачкай прымасціў тапчанок, наклаў туды кажушкоў аўчынных, а бабуля зверху паклала пярыну. І сплю я там, як смяецца мая насмішніца цётка Тамара, бы прынцэса на гарошыне.

 І быў Новы год. І мяне паставілі на зэдлік, і я распавядала вершык. І ўсе пляскалі і казалі, якая я прыгажуня. І я вырашыла, што, калі вырасту, абавязкова стану артысткай.

 А затым яшчэ гулялі на Каляды. І толькі як ад’ехалі госці, бабуля склала сукенку і карону, і сандалікі ў скрынку – да наступнага Новага году. Але я часта зазірала ў яе і ўдыхала пах вяселля, жартаў, пах свята і радасці, пах зімы…

 

Вечернею порою,

Морозною зимою

Над сонною землёю,

Укрытою серебряным ковром,

Луна сияла фонарём.

Седыми были вековые ели,

Снежинки кружевом звенели,

И воздух разбивался хрусталём,

И падал снег серебряным дождём.

То была быль иль, может, небыль,

Звезда сверкнула ярко в небе –

Тихонько ангелы запели,

Христа качая в колыбели.

Душа от счастья ликовала –

Земля Спасителя встречала.

Плыла планета в серебре,

Стояли святки во дворе.

Напісана ў 2016 годзе.







Мартин: 17.12.2016 в 22:47 — 4 месяца назад

Эх, как мало было надо для того, чтобы ощутить себя счастливым в те годы, и как глубоко и незабываемо это чувство.






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора




 

Copyright © 2009 - 2017 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение