Блоги LEPEL.BY
БЛОГИ


 

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 31.12.2016 (21:58) — 6 месяцев назад

384. ТАРОНКАВІЦКІ НЕКРОПАЛЬ: ГІСТОРЫЯ З´ЯЎЛЕННЯ. Тухта Валер


Звесткі пра аўтара глядзець тут.

    Апошнім часам, як у друкаваных выданнях, так і ў інтэрнэце, з’явілася шмат публікацый, у якіх згадваецца некропаль з каменнымі крыжамі ля вёскі Двор-Таронкавічы.  Аўтары, падаючы матэрыял, не надта дбаюць пра даставернасць атрыманых з розных крыніц фактаў, гоняцца  за таннай сенсацыяй. З лёгкай рукі журналістаў  нарадзілася мноства неймаверных версій паходжання  гэтага сакральнага месца.

    А як было на самой справе? Вось на гэтае пытанне і хачу даць адказ, бо непасрэдна спрычыніўся да гэтае справы разам са сваімі сябрамі-краязнаўцамі.

    Напачатку восені 2003 года ад мясцовых людзей краязнавец Васіль Шкіндзер даведаўся, што ў наваколлях Таронкавічаў на калгасным полі з зямлі трактар плугамі выкапаў камень з загадкавым сімвалам. На пошукі яго ў  хуткім часе з Васілём і накіраваліся. Каменная пліта насамрэч аказалася даволі цікавай. Да цяперашняга часу не сціхаюць спрэчкі наконт паходжання выявы на гэтым камені. Большасць навукоўцаў – ад этнографаў да археолагаў - даволі скептычна ставяцца да часу ўзнікнення выявы, лічачы яе навадзелам. Асноўны аргумент – добрая захаванасць  адбітку і якасці яго выканання. Нехта, не зважаючы на думку вучоных мужоў, верыць у сапраўднасць сімвалу і тое, што ён з’яўляецца сапраўднай эпіграфічнай каштоўнасцю.

  Разышліся думкі і ў трактоўцы самой выявы. У  памкненні раскрыць яе сакральны сэнс, кожны аперуе сваімі светапогляднымі ўяўленнямі. Паганцам бачыцца чалавек, які плыве ў лодцы па рацэ вечнасці. Хрысціяням падаецца выява Ісуса Хрыста. Хто з іх мае рацыю? Сказаць складана. Прыгледзьцеся і вы да гэтага сімвала. Думаю, кожны знойдзе сваю трактоўку.

    Камень з цікавай выявай вельмі нам спадабаўся, тым болей, што да таго часу чагосці падобнага не траплялася. Пачалі меркаваць, якім чынам захаваць каштоўнасць. Пакуль разважалі, вырашылі даследаваць наваколлі. Моцным было наша здзіўленне, калі на ўскрайку бліжэйшага лесу ў зарасніках кустоўя і крапівы адшукалі некалькі каменных крыжоў розных памераў і формы. За больш дакладнымі звесткамі вырашылі звярнуцца да жыхароў Двор-Таронкавічаў. Але ўцямнага адказу не атрымалі.  Хутчэй за ўсё, старыя могілкі былі зруйнаваныя – крыжы і каменныя надмагіллі сцягнулі ў лес, а на іх месцы ўтварылі калгаснае поле.

    Вырашылі аднавіць старыя могілкі. Чарговы наш візіт у Таронкавічы адбыўся ўжо ў кастрычніку таго ж году. Да таго часу сваімі думкамі падзяліліся з Валадаром Шушкевічам, Васілём Хацкевічам і Анатолем Хаванскім. Яны згадзіліся дапамагчы. Васіль Шкіндзер з Поўсвіжа прыехаў на ўласным трактары. З яго дапамогай чаплялі крыжы тросам і выцягвалі на поле.

 Было гэта зрабіць не так ужо і проста з-за вялікай вагі надмагілляў.

 Паколькі дакладнага месца, дзе раней маглі знаходзіцца могілкі, не ведалі, вырашылі абраць для размяшчэння крыжоў больш зручнае месца. Дзеля гэтага аблюбавалі пагорак з якога добра былі бачныя навакольныя далягляды.

Кампазіцыю  размяшчэння   крыжоў і каменных пліт выбіралі, кіруючыся сваімі густамі.

 У цэнтры закрасавалася каменная пліта з таямнічым сімвалам.

 Па чатырох краях паставілі каменныя крыжы і камяні з высечынымі на іх крыжыкамі.

З тае пары прайшло больш за дзесяць гадоў. На працягу ўсяго гэтага часу да канца застаецца незразумелым у чым сакрэт прывабнасці таронкавіцкага некропаля.

 Старых сярэднявечных могілак з каменнымі крыжамі яшчэ даволі захавался на абшарах нага рэгіёна. Але ніводнае з тых месцаў не прыцягвае да сябе столькі ўвагі з боку аматараў гісторыі, турыстаў, прадстаўнікоў розных веравызнанняў - ад паганцаў да хрысціяняў, як  таронкавіцкія крыжы.

    Запісана ў 2016 годзе.







Андрей: 10.01.2017 в 19:34 — 6 месяцев назад

сапраўды, цікавы некропаль. сістэматызую звесткі пра такія месцы на бялыніччыне. справа ідзе, але марудна. наконт таямнічага знака, як на мой суб´ектыўны погляд, то гэта крыж у коле. магчыма, стылізаваны пад выяву чалавечка. у народнай культуры ўвогуле моцна праяўляецца антрапаморфнасць крыжа.






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора




 

Copyright © 2009 - 2017 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение