Блоги LEPEL.BY
БЛОГИ


 

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 02.01.2017 (23:39) — 8 месяцев назад

385. З ГІСТОРЫІ БЯРЭЗІНСКАГА ЗАПАВЕДНІКА. Тухта Валер


Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 У 1929 годзе Бярэзінскі біясферны запаведнік адзначыў пяцігадовы юбілей свайго існавання. У архіўных крыніцах стала магчымым адшукаць цікавыя факты з гісторыі станаўлення гэтай прыродаахоўнай установы. Акрамя іншага, захаваліся ўнікальныя фотаздымкі і схема запаведніка.

  На той час запаведнік меў назву “Дзяржаўны паляўнічы ахоўнік БССР”. Межы яго працягнуліся больш як на 200 кіламетраў. Найбольшая даўжыня з поўначы на поўдзень – каля 60 кіламетраў. Агульная плошча – 65000 га. Пад лесам знаходзілася 45000 га, астатняя тэрыторыя была занята водазаборам і сенажацямі.

 Расліннасць прадстаўлялі розныя віды, найбольш рэдкімі былі вяз, ільміна і ліпа. Паводле сведчання лясной варты, прычынай таму было знішчэнне насельніцтвам іх на лыка і драўніну.

 Як вядома, запаведнік першапачаткова ствараўся дзеля аховы папуляцыі баброў на рацэ Бярэзіна. У сувязі з гэтым занепакоенасць адміністрацыі выклікаў сплаў лесу па рацэ, які безупынна працягваўся з вясны да восені.

 Ад шлюзу №1, які размяшчаўся на Сергуцкім канале, дарога вяла да канторы запаведніка праз вёску Крайцы, хутар Малахоўскага, вёску Пастрэжжа (8 хат), хутары Могілкі і Плясінка. Праўленне Дзяржаўнага паляўнічага ахоўніка з 1927 па 1930 год знаходзілася на хутары Вялікая Рака, за 16 кіламетраў ад шлюзу №1. Тэрыторыя вакол канторы была абнесена высокім, да чатырох метраў, частаколам з трывалай падвоенай брамай.

 Прыкладна за кіламетр ад канторы запаведніка, сярод дзікага лесу, быў пабудаваны невялікі гадавальнік пушных звяроў. Пад яго адвялі каля гектара гушчару. У гадавальніку ўтрымліваліся тры пары лісіц. Кожная пара знаходзілася ў асобным вальеры з драцяной агароджы. Каб лісы не маглі вылезці праз норы, у зямлю на метровую глыбіню апусцілі агароджу з дошак. Верхнія драцяныя краі загарадкі загнулі ўнутр вальера, каб перашкодзіць лісам пераскочыць яе.

 З-за адсутнасці сталых біялагічных назіранняў за жывёламі не атрымлівалася вызначыць прычыны іх бясплоднасці. Мелася таксама метэаралагічная станцыя другога разраду, якая не працавала з-за адсутнасці спецыяліста. Назіранні вяліся толькі за атмасфернымі ападкамі.

 Узімку ў запаведніку праводзілася падкормка некаторых відаў жывёл. Козам нарыхтоўвалі стажкі сена і закладвалі снапы аўса. Для ласёў, асабліва ў месцах іх новых стаянак, назапашвалі грудкі асінніку.

 З драпежнікаў вадзіліся ваўкі і рысі. Барацьба з імі вялася шляхам сцяжковых аблаў, а таксама закладкай у паасобных месцах атруты. Знішчаліся непатрэбныя жывёлы не толькі ў запаведніку, але і за яго межамі.

 Вялікай перашкодай у справе аховы паляўнічай фаўны служыла размяшчэнне ў запаведніку больш за 120 хутароў, з якіх паходзіла пераважная колькасць браканьераў. Натуральна, што для мясцовых жыхароў, якія здаўна жылі на гэтай тэрыторыі і вялі натуральную гаспадарку, звыклым было карыстацца прыроднымі багаццямі. Таму ім было цяжка ў адначассе адмовіцца ад традыцыйнага ладу жыцця і пазбавіцца адной з галоўных крыніц існавання. Сяляне, нягледзячы на забароны, працягвалі збіраць ягады, паляваць на жывёл і высякаць лясы. Адной з формаў пратэсту служылі падпалы лясоў. Перад Барысаўскім акруговым зямельным аддзелам паўстала задача знайсці неабходныя зямельныя фонды для высялення хутарцаў за межы запаведніка.

 Штат супрацоўнікаў быў невялікі - усяго 50 чалавек: загадчык, два яго намеснікі, справавод, 6 егераў-аб’ездчыкаў, 37 егераў-леснікоў, адзін вартаўнік пры гадавальніку пушных звяроў і адзін вартаўнік-конюх. Сярод іх былі толькі дзве жанчыны. Па нацыянальным складзе падзяляліся так: 49 беларусаў і адзін эстонец.

 Асабовы склад лясной варты быў набраны з беднаты і дэмабілізаваных чырвонаармейцаў. У абавязкі варты ўваходзіла сачыць за тым, каб не было высечак, палявання, весці ўлік звяроў. Кожны ляснік у дзённіку павінен быў адзначаць, у якім месцы і якога звера ён бачыў. Праз два тыдні ляснік здаваў дзённік аб’ездчыку, які падагульняў працу леснікоў і накіроўваў ўсе звесткі ў канцылярыю запаведніка. Паводле вынікаў уліку за 1927 – 1928 гады ў запаведніку налічвалася наступная колькасць звяроў: мядзведзяў – 13, ваўкоў (узімку) – 9, ліс – значная колькасць, рысяў – 9, куніц – 60, выдраў – 45, норак – 16, баброў – 27, ласёў – 40-60, дзікіх коз – 200, глушцоў – каля 60 вывадкаў, мелася вялікая колькасць рабчыкаў, белых курапатак, цецерукоў.

 38 чалавек лічыліся сябрамі Саюза працаўнікоў зямлі і лесу. Культурную і палітвыхаваўчую работу сярод службоўцаў праводзіў рабачкам. Але гэтая праца была разгорнутая недастаткова па аб’ектыўных прычынах: леснікі былі раскіданыя па вялікай тэрыторыі запаведніка. З-за таго, што не праводзілася работа па павышэнні кваліфікацыі, паводле сведчання самой адміністрацыі, многія егеры-леснікі не адпавядалі свайму прызначэнню.

 У запаведніку мелася невялікая бібліятэка з 204 выданняў. Выпісваліся наступныя газеты і часопісы: “Беларускі батрак” - амаль усімі служачымі, “Московский батрак” – 12 экзэмпляраў, “Беларуская вёска –  7, “Звязда”, “Труд”, “Профрук”.

 Вытворчыя нарады склікаліся раз на два месяцы ў асноўным для разгляду пратаколаў самавольных высечак. Час працы службоўцаў з прычыны яе спецыфічнасці быў ненармаваны. Заробак егера-лесніка складаў 20 рублёў за месяц і 5 га сенажацяў. Казённыя кватэры адсутнічалі, таму леснікі здымалі жыллё ў мясцовых жыхароў, што ставіла службовых асоб у пэўную залежнасць ад насельніцтва.

 Паміж запаведнікам, Свядскім і Бягомльскім лясніцтвамі была заключана дамова аб сацыялістычным спаборніцтве. Галоўныя пункты яе прадугледжвалі поўнае выкаранне самавольных парубак, правядзенне тлумачальнай работы сярод насельніцтва аб шкодзе лясных пажараў, павышэнне кваліфікацыі і дабрабыту лясной варты. Адміністрацыя запаведніка падтрымлівала цесныя сувязі з раённымі выканаўчымі камітэтамі Лепельскага, Бягомльскага, Барысаўскага, Халопеніцкага раёнаў і 11 сельсаветамі, да межаў якіх прымыкалі прыродаахоўныя тэрыторыі.

 Перад запаведнікам востра стаяла задача па арганізацыі навукова-даследчай працы. У планах было стварэнне біялагічнай станцыі з пэўным штатам навуковых супрацоўнікаў. Прадугледжвалася тэлефонная сувязь паміж канцылярыяй запаведніка, аб’ездчыкамі і леснікамі, будаўніцтва жылля для работнікаў, зніжэнне цякучкі кадраў, узмацненне аховы ўсіх відаў паляўнічай фаўны, асабліва баброў.

Напісана ў 2016 годзе.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора




 

Copyright © 2009 - 2017 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение