Блоги LEPEL.BY
БЛОГИ


 

 : 08.02.2017 (23:18) — 5 месяцев назад

406. СЦЕЖКАМІ ВАЕННАЙ ГІСТОРЫІ ДОМЖАРЫЦКАГА КРАЮ. Тухта Валер


Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Пачнём знаёмства з ваеннай гісторыяй Бярэзінскага запаведніка з Домжарыцаў.

 Школьны краязнаўчы музей. Тут ёсць асобная экспазіцыя, прысвечаная падзеям Другой сусветнай  вайны. Экспанаты, архіўныя дакументы, фотаздымкі таго часу яскрава паказваюць ваенную эпоху.

Асабліва багаты і насычаны сабраны краязнаўчы матэрыял пра дзейнасць партызанскай брыгады “Жалязняк”. Яна створаная ў пачатку 1942 году на базе групы акружэнцаў пад кіраўніцтвам Рамана Дзякава і партыйнага актыву Бягомльскага раёна на чале з Манковічам.

 Менавіта Домжарыцы сталі цэнтрам зараджэння партызанскага руху ў паўднёва-заходняй частцы Лепельшчыны. Першай баявой аперацыяй партызанаў быў разгром нямецка-паліцэйскага гарнізона ў Домжарыцах у снежні 1942 году. Паступова партызанскаябрыгада “Жалязняк” набірае моц і становіцца грознай сілай у барацьбе з захопнікамі.

 У вёсцы Кветча на грамадзянскіх могілках  пахаваны камандзір  партызанскага атраду Кузьма Аўтушка. Гэтага чалавека можна лічыць першым партызанам навакольных мясцін. Удзельнік савецка-фінскай вайны, у якой быў адзначаны медалём “За адвагу”. Улетку 1941-га, калі пачалася вайна, адразу распачаў актыўную дэейнасць па фармаванні партызанскага атраду, куды ўступілі мясцовыя хлопцы і салдаты-акружэнцы. Кузьма Аўтушка загінуў у ліпені 1941-га ў баі з літоўскімі калабарантамі. Цела героя яны спрабавалі спаліць у хаце, а затым забаранялі вяскоўцам хаваць яго некалькі дзён. Употай, уначы, аднавяскоўцы Кузьмы пахавалі яго на вясковых могілках. Пасля смерці камандзіра партызаны працягвалі дзейнічаць, і ў хуткім часе атрад Кузьмы вырас у вялікую партызанскую адзінку.

 На ўскрайку Кветчы знаходзіцца брацкая магіла жыхароў Пастрэжжа. Улетку 1943 году ў Кветчы разыгралася крывавая драма. На працягу месяца немцы праводзілі карную аперацыю супраць партызан. Вялікія страты ад акупантаў несла мясцовае насельніцтва. Асабліва цяжка было жыхарам вёсак, што знаходзіліся ў партызанскай зоне. Немцы праводзілі тактыку “выпаленай зямлі”, калі спальваліся ўсе населеныя пункты, а мясцовае насельніцтва выганялася з наседжаных месцаў. Вось пад такую расправу трапілі пастрэжцы. Усіх жыхароў вёскі ад малога да старога прыгналі ў Кветчу і як пасобнікаў партызанаў жывых спалілі ў адрыне, што стаяла на краю вёскі. У полымі загінулі 60 чалавек. У 1980-я па ініцыятыве

Станіслава  Блажэвіча, колішняга  жыхара Пастрэжжа, на магіле ахвяр быў усталяваны помнік.

 У Крайцах у брацкай магіле пахаваны Герой Савецкага Саюзу Віктар Кладзіеў, які быў уганараваны гэтага звання пасмяротна. Недалёка ад вайсковага пахавання знаходзіцца помнік загінулым землякам.

 Усталяваны помнік — скулыптурная кампазіцыя партызана з аўтаматам у руках — і ва ўрочышчы Магілкі, непадалёк ад былой вёскі Пастрэжжа.

 У брацкай магіле спачываюць дзясяткі партызанаў, якія загінулі падчас прарыву блакады ў домжарыцкіх балотах улетку 1943 года. У асобнай магіле спачывае Міхаіл Гнятко, паводле розных даных, камандзір ці камісар атраду “За радзіму”.

 17 красавіка 1976 года магілу сына наведалі бацькі Гнятко.

 На вялікі жаль, большасць партызанаў так і засталіся безыменнымі. У выніку пошукавай працы стала магчымым даведацца імёны некаторых загінулых. Іх імёны як і многіх іншых не значацца на помніку. Гэта дзевятнаццацігадовы Віктар Мікулёнак з барысаўскай вёскі Дубраўка і яго аднавясковец Казімір Ігнатовіч. Гэтыя хлопцы і яшчэ трое латыгаліцкіх мужчын падарваліся на мінах. Немцы спецыяльна сабралі ў Пастрэжжы моладзь з навакольных вёсак, каб размініраваць дарогі.

 Узбоч дарогі, што вядзе з Пастрэжжа ў Крайцы, усталяваны помнік партызану Мікалаю Калітніку, ураджэнцу чашніцкай вёскі Латыгалічы.

 У Пераходцах нахаваны падпольшчык Рыгор Васілец, ураджэнец Гомельскай вобласці. Ён працаваў дырэктарам Пераходскай школы. Было яму тады ўсяго дзевятнаццаць гадоў.

 3 пачатку вайны ўсталяваў цесныя сувязі з першымі партызанскімі групамі. Разам са сваімі вучнямі ўпотайкі ад акупацыйных уладаў слухаў радыё, весткі з фронту. Затым ад рукі пісаў лістоўкі і распаўсюджваў па навакольных вёсках. У лістападзе 1941 года ў вёску наехалі немцы. Шукалі маладога настаўніка, бо мелі ўжо на яго данос. У закладнікі ўзялі ўсіх вясковых мужыкоў. Рыгор вымушаны быў выйсці са сваёй схованкі. Яго расстралялі на ўскрайку Пераходцаў. Затым вяскоўцы пахавалі Рыгора Васільца на могілках.

 Саўскі Бор — невялікая вёсачка ў самых нетрах Бярэзінскага запаведніку. Дабрацца сюды можна адзінай дарогай, што бяжыць праз лясны гушчар ад Пераходцаў. Менавіта тут, у глухім бары, у атачэнні багністых балот, непадалёк ад ракі Бярэзіны, семдзесят гадоў таму назад размяшчаўся партызанскі шпіталь брыгады “Жалязняк”.

 На ўскрайку вёскі ў брацкіх магілах спачываюць партызаны, якіх медыкам выратаваць не ўдалося.

 Разам ляжаць і тыя, хто загінуў у баях з ворагам за некалькі кіламетраў ад Саўскага Бору...

2017 год.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора




 

Copyright © 2009 - 2017 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение