Блоги LEPEL.BY
БЛОГИ


 

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 17.03.2017 (23:17) — 8 месяцев назад

2) Генацыд на Лепельшчыне: КАЗЛОЎСКІХ РАССТРЭЛЬВАЛІ БЕЗ РАЗБОРУ. Шуневіч Анатоль


 Нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Валова Гара. Жыве ў Лепелі.

 Працяг. Пачатак глядзець тут.

 Ішлі гады. Надышоў час гарбачоўскай перабудовы. З’явіліся выкрывальныя артыкулы ў перыядычных выдннях, вырасла новае пакаленне людзей, не зведаўшых ні генацыду, ні вайны. Пасля першых гутарак з роднымі рэпрэсаваных я зразумеў, што мы недастаткова ведаем аб тым часе. А трэба ведаць як мага болей, бо, не ведаючы праўды аб мінулым, не будзем мець будучыні, не зможам супрацьстаяць тым сілам, што зноў цягнуць нас у мінуўшчыну.

 Вядома, да архіваў КДБ мяне не дапусцяць. Згодны, што ўспаміны дзяцей і старых могуць мець недакладнасці, але іншых матэрыялаў няма і, напэўна, не будзе. Лічу, што сведчанні пацярпелых ад сталінскіх рэпрісіяў людзей з’яўляюцца вялікай часткай фактаў, што праліваюць святло на маштабы злачынства, учыненага бальшавіцкімі нелюдзямі пад кіраўніцтвам “правадыра ўсіх часін і народаў” Сталіна і яго прыспешнікаў.

Пайменны спіс людзей з вёсак Барсукі і Валова Гара, наўпрамую пацярпелых ад Сталінскага генацыду

 1. Будрэвіч Вікенці Адольфавіч (высланы з сям’ёй, 6 чалавек, у Казахстан).

 2. Будрэвіч Альжбета (паўтара года адбыла ў Варшаўскай турме).

 3. Будрэвіч Адольф (расстраляны).

 4. Буевіч Антон (высланы з сям’ёй, 11 чалавек, 10 з іх загінулі).

 5. Гілеўскі Эдуард (расстраляны).

 6. Занько (Цяліца) Антаніна Іосіфаўна (расстраляная).

 7. Зінькевіч Іосіф (расстраляны).

 8. Закрэўскі Браніслаў (высланы з сям’ёй, 8 чалавек, лёс невядомы, кажуць, што загінулі ў дарозе).

 9. Куноўскі Вінчэсь Лявонавіч (расстраляны).

 10. Куноўскі Вячаслаў Лявонавіч (расстраляны).

 11. Казлоўскі Мікола (раскулачылі і выслалі ў Сібір з сям’ёй, 8 чалавек, 4 загінулі).

 12. Казлоўскі Франц Іванавіч (расстраляны).

 13. Казлоўскі Пётра Іванавіч (расстраляны).

 14. Казлоўскі Фэлька Іванавіч (расстраляны).

 15. Казлоўскі Ігнась Іванавіч (расстраляны).

 16. Маліноўскі Адольф (высланы з сям’ёй, 5 чалавек, усе загінулі, сядзібу прадалі).

 17. Мацкевіч Іосіф (загінуў, пра сям’ю, 5 чалавек, звестак няма, кажуць, што загінула).

 18. Прывада Мікола Лазаравіч (расстраляны).

 19. Парфіновіч Браніслаў (расстраляны).

 20. Парфіновіч Антаніна (расстраляная).

 21. Парфіновіч Кацярына (маці Парфіновіча Браніслава, высланая ў Сібір з двума ўнукамі, усе загінулі).

 22. Сідзяка Іосіф (Юзік, расстраляны).

 23. Урбан Лаўрэн Сцяпанавіч (расстраляны).

 24. Урбан Гаўрыла Іванавіч (расстраляны).

 25. Цяліца Іосіф Францавіч (расстраляны).

 26. Цяліца Карла Францавіч (расстраляны).

 27. Цяліца Юльян Францавіч (расстраляны).

 28. Шартух Міхаіл (расстраляны).

 Прама пацярпелых ад сталінізму – 67 чалавек, з іх каля 55 былі расстраляныя і загінулі ў дарозе, у месцах пасяленняў. Ускосна пацярпелых - больш за палову насельніцтва дзвюх вёсак, якое налічвала на той час каля трох соцень чалавек. Нават у жахлівай Другой сусветнай вайне страты былі меншыя.

 У Барсуках я размаўляў з апошняй удавой, жонкай Куноўскага Вінцэся, Эміліяй Людзвігаўнай, а ў вёсцы Забор’е – з 90-гадовай дачкой Казлоўскага Міколы, Петрунэляй Мікалаеўнай. Пры добрай памяці бабулькі былі, хоць і скардзіліся на кепскае здароўе. Казалі, што “дамоў” ужо сабраліся, але хочуць хоць перад смерцю ўбачыць пробліск справядлівасці.

 З горкімі слёзамі вядуць людзі свае ўспаміны. Гэта слёзы скаргі, слёзы памяці, слёзы вялікага гора. Я веру іх слёзам і іх аповядам.

 Было б справядліва назваць пайменна тых людзей, хто ставіў подпісы пад даносамі. Але ж ці будзе гэта справядлівым у адносінах да іх дзяцей, унукаў? Да таго ж трэба мець на руках нейкія дакументы аб тым, альбо некалькі афіцыйных заяваў сведкаў. Усе падпісанты ўжо на тым свеце, добрай памяці аб сабе яны не пакінулі. Сярод іх былі здраднікі радзімы. Але нельга не агучыць імя старшыні калгасу імя Варашылава, Кубара, які не толькі пісаў даносы, але і прымушаў людзей падпісваць іх, удзельнічаў у арыштах. Больш таго, Кубар (імя па бацьку Арцёмавіч) прысвойваў маёмасць зняволеных, здзекваўся над дзецьмі і жонкамі вязьняў. Быў выпадак, калі згвалтаваная Кубарам жанчына зацяжарала ды нарадзіла дзіця. Парадзіха напісала заяву ў міліцыю, але нічога не дамаглася. У хуткім часе немаўля памёрла.

 Напрыканцы 80-х гадоў мясцовыя актывісты-камуністы выказвалі пашану першаму старшыні калгасу, нават яго партрэт вісеў у калгаснай канторы. І ніхто з дзяржаўных чыноўнікаў ці партыйных функцыянераў не падумаў, як ушанаваць памяць аб бязвінных ахвярах сталінізму. Да гэтага часу не адбыўся суд над сталінізмам як самай заганнай ідэалогіяй, не адслужана грамадзянская паніхіда ва ўсёй краіне. Мне невядома, што дзесьці намаганнямі дзяржавы збудаваны помнік бязвінна загубленным людзям.

 Тэрор і рэпрэсіі распачаліся ўжо напачатку калектывізацыі, асабліва супраць тых, хто не пажадаў пакінуць свае хутары ды ўступіць у калгас.

Узгадвае Буевіч (Казлоўская) Петрунэля Мікалаеўна з Забор’я Пышнянскага сельсавета

 Бацька мой, Казлоўскі Мікола, з жонкай Альжбетай (маёй маці) жыў непадалёк ад Валовай Гары, каля возера Плаўна. Яшчэ напачатку веку, падчас Сталыпінскіх рэформаў, за сімвалічную цану выкупіў у купца-габрэя лясную высечку на 20 гектараў і пасяліўся з сям’ёй. Чатыры сыны, чатыры дачкі – толькі жыві ды радуйся.

 Бацька па тым часе быў даволі адукаваным чалавекам, добра ведаў сялянскую справу, і хоць давялося ўсёй сям’ёй шмат працаваць, аднак цягам колькіх гадоў распрацавалі больш як 10-гектарнае поле, узвялі сядзібу з усімі гаспадарчамі пабудовамі, расчысцілі нізіны пад сенажаці. Бацька з сынамі пракапаў з возера канаву і ператварыў частку балота ў сажалку, дзе было поўна рыбы.

 У Першую сусветную ды Грамадзянскую войны склалі галовы Стась і Янак. Антось вярнуўся з куляй у жываце. Толькі малодшы Казік заставаўся дома. Напрыканцы 20-х гадоў дочкі Марыля, Петрунэля і Вікця выйшлі замуж з бацькоўскай хаты, а ў сям’ю прыйшлі нявесткі. Таму з гаспадаркай спраўляліся самі, парабкаў не трымалі.

 Хутар сярод балотаў - нібы востраў. Два сабакі сцераглі жывёлу ад ваўкоў. У статку было некалькі кароў, авечкі, каля 20 свіней, чатыры кані. У садзе з 20 дрэваў стаялі 18 пчаліных калодаў.

 Працавалі шмат. Зямля радзіла на здзіўленне ўсім. Падчас жніва запрашалі вясковак жаць, а вяскоўцаў касіць. Плаціў бацька за дзень працы болей, чым у калгасе атрымлівалі за год. У той час калгаснікі галадавалі, прыходзілі пазычаць зерне і бульбу. Нікому бацька не адмовіў, людзі і сёння добрым словам узгадваюць старога Міколу і яго сям’ю.

 Але ж хутар быў бяльмом на воку мясцовай улады. Увесну напачатку 30-х гадоў прыехаў міліцыянт з цэлай хеўрай актывістаў-гультаёў, выгнаў з хаты нашу сям’ю і павёз у Лепель. Лайдакі-актывісты кінуліся рабаваць маёмасць. Ад статку прыбеглі сабакі, адных рабаўнікоў узагналі на грушу, іншыя разбегліся па наваколлі. Давялося брату Казіку вяртацца ды ратаваць грабежнікаў ад сабакаў.

 Усю маёмасць расцягнулі актывісты, жывёлу адвялі ў калгас, пчаліныя калоды разбурылі, сад высеклі. Хутка сажалка стала балотам. Зямля без гаспадрскіх рук перастала радзіць.

 Бацьку ў Лепелі дапытвалі, патрабавалі грошай, золата, нават у лазні здзекваліся. Пасля невыноснай муштры ён захварэў, і я забрала да сябе роднага чалавека пад распіску. У мяне ён праз два гады і памёр.

 Выкінутыя з цягніка на сібірскі мароз змерзлі астатнія, і толькі Казік з жонкай Анэляй збеглі назад. Маці Анэлі хавала іх у Валовай Гары. Але хтосьці данёс, і за ўцекачамі пачалося паляванне. Адразу злавіць не ўдалося. Дапытвалі маці, білі па галаве, пасля чаго ў жанчыны да самай смерці яна балела.

 Потым Казік пад прозвішчам Баранаў жыў у сястры. Аднак доўга хавацца было бессэнсоўна, усё адно рана ці позна зловяць, і Баранавы самі паехалі надалей ад роднай зямлі. Пасяліліся ў Іркуцкай вобласці, прыжыліся, выгадавалі чатырох дзяцей. Жывуць нашчадкі Казлоўскіх Міколы і Альжбеты далёка ад бацькаўшчыны. Але для добрых ды працавітых людзей чужына не стала мачахай.

Напісана ў 1991 – 2017 гадах.

Працяг глядзець тут.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора




 

Copyright © 2009 - 2017 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение