Блоги LEPEL.BY
БЛОГИ


 

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 18.03.2017 (23:10) — 8 месяцев назад

3) Генацыд на Лепельшчыне: КУБАР ВЕРБАВАЎ ДАНОСЧЫКАЎ. Шуневіч Анатоль


Нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Валова Гара Лепельскага раёна. Жыве ў Лепелі.

Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку – тут.

 Узгадвае Лук’яновіч (Урбан) Зінаіда Лаўрэнаўна

 Бацьку добра памятаю: добры быў, ласкавы. Прыедзе з працы змораны, галодны, але кожнага на руках патрымае, пагладзіць белыя галоўкі. Нас чацвёра было: Паўла, я, Казя і Анютка. Татка першым у калгас уступіў, стараўся добра працаваць, не лайдачыў як актывісты.

 Улетку 1937 года ў дзверы ўламіліся энкэвэдысты з Кубарам, загадалі бацьку збірацца. Маці разбудзіла нас, бацька пацалаваў кожнага ў галаву, сказаўшы:

 - Спіце. Я хутка вярнуся. І не плачце. Слухайцеся маму.

 Не магу ўзгадваць: сэрца баліць ды слёзамі абліваецца.

 Як узгадаю, дык заўсёды галоднымі былі, бо з калгасу нічога не атрымлівалі – “палачкі” ставілі. Агарод дрэнны быў, угнойваць не было чым. Брат пасвіў калгасны статак, маці – цэлы дзень на працы ў калгасе. Я – з малымі. Не было часу ў лес схадзіць па грыбы ці ў ягады.

 У вайну немцы спалілі хату, бо Паўла ў партызанах быў. У чужых вуглах жылі.

 Калі прыйшла Чырвоная Армія, дык брат адразу пайшоў на фронт. Неўзабаве прыйшла пахаванка.

 Пра бацьку нічога не ведаю. Кажуць, што ў Воршы расстралялі. Да гэтага часу нават не рэабілітавалі. Дужа крыўдна і горка: каму былі патрэбныя нашыя сірочыя слёзы ды смерць таткі?

 Тады ў кожным кутку крычалі: “Ворагі народа”! А сёння бы вады ў рот набралі. Няўжо так ўсё і патоне ў мінулым? Ні памяці, ні смутку, ні пакаяння…

Узгадвае Цяліца (Казлоўская) Ядзвіга Францаўна

 Бацьку арыштавалі 13 лютага1937 года. У сям’і было пяцёра дзяцей, і маці шостым была цяжарная.

Сам бацька працаваў у калгасе, быў прыгожым, вясёлым чалавекам, любіў песні, жарты. І браты па ім былі: Пётра, Фэлька, Ігнась. Адзін з іх быў нават старшынём сельсавета. Барсукоўскія актывісты настракацілі данос: ці то бацька няўдала пажартаваў, ці камусьці з іх упоперак дарогі стаў, бо ні перад кім шапку не ламаў. Прымусілі падпісаць данос нават далёкую сваячку. Даносы напісалі і на бацькавых братоў.

 Ні для каго не было сакрэтам, што старшыня калгаса Кубар вербаваў даносчыкаў, прымушаў падпісвацца. Аднак большасць людзей адмаўляліся гэта рабіць і, вядома, станавіліся кандыдатамі ў “ворагі народу”.

 Калі арыштоўвалі бацьку, дык нават энкэвэдыст паспачуваў:

 - Што ж ты нарабіў, Казлоўскі? Як жа будзе жыць сям’я?

 Але мы неяк жылі. Над намі здзекваліся, абзывалі ворагамі народу. Даводзілася маўчаць, моўчкі плакалі, каб нас ніхто не чуў, нашых слёзаў не бачыў. Аднойчы цяля калгаснае здохла, дык рахункавод сказаў:

 - Даглядалі ж з сям’і ворага народу…

 Крыўдзілі на кожным кроку, каня не давалі, каб дроў прывезці, на сабе цягалі, нават сярпом траву ў балоце забаранялі жаць, пакуль у калгасе сена не нарыхтуюць.

 Падчас вайны мы, чым маглі, дапамагалі партызанам, пяклі хлеб, шылі бялізну з парашутаў, верхнюю вопратку з трафейных шынялёў, праваднікамі былі. Увесь час пад смерцю знаходзіліся.

 Старэйшы брат Вячаслаў добраахвотнікам пайшоў у партызаны, а калі нашы прыйшлі, дык да канца вайны быў на фронце, мае баявыя ўзнагароды. Ніхто з нас не быў ні лайдаком, ні злодзеем, ніхто дрэннага слова пра нас не скажа.

 Бацьку рэабілітавалі яшчэ ў 1959 годзе. Кажуць, што братоў і яго расстралялі ў Воршы. Цяжка ўзгадваць такое, быццам нажом памяць па сэрцы рэжа. Вельмі хачу, каб сёняшнія ўлады прылюдна сказалі, што бацька не вінаваты. Хачу, каб памяць засталася нашчадкам, тым, хто апасля нас жыць будзе. Але ж як гэта зрабіць?

Узгадвае Гардзіёнак (Цяліца) Яніна Юльянаўна

 Бацька працаваў у калгасе пастухом, потым конюхам. У сям’і было трое дзяцей: старэйшы брат Франік, я і малодшы Вася. Бацька дрэнна бачыў, дык, каб не згубіць кароў, мяне, малую, браў з сабой. Забіралі яго якраз у навагоднюю ноч. У хату ўламіліся двое энкэвэдыстаў і старшыня калгаса Кубар. Кубар адразу схапіў бацьку і паставіў у кут, а потым штурхнуў на лаўку ды запатрабаваў у энкэвэдыстаў кайданкі. Кайданкоў не было, і ён звязаў бацькавы рукі аборынай ад лапцяў. Зрабілі вобшук, забралі фотаздымкі бацькі, сваякоў, нават матуліну хусцінку. Маці накінула на плечы бацьку армячок ды так-сяк насунала на ногі лапці. Так і павялі. Мы кінуліся за бацькам, ды Кубар дзверы знадворку падпёр дошкай.

 Даносы ў асноўным падпісвалі чалавек пяць з ліку актыву калгасу, калі-небудзь прымушалі ставіць крыжыкі непісьменных калгаснікаў.

 Бацька зімой коней даглядаў. Дасць ім сена, аўса, а яны галодныя. Чаму так, зразумеў, калі аднойчы падпільнаваў ды злавіў злодзея-актывіста, які краў з кармушкі. Даклаў старшыні Кубару. Актывісту-злодзею – нічога, а бацька паплаціўся жыццём.

 Насіла бацьку перадачу ў Лепель, але ніводнага разу не бачыла. Бачыла Антосю Занько – рукой з-за кратаў махала, прасіла, каб за сынком Мішам глядзелі.

 Аднойчы зімой, у страшную завіруху, з Куноўскай Эміліяй панеслі перадачу сваім. Дзесяць кіламетраў прайшлі і не заўважылі, куды ідзем. Агледезеліся толькі тады, калі зноў прыйшлі дахаты.

 Неяк распавядаў на добрым падпітку актывіст, які падпісваў данос на бацьку:

 - Прывялі мяне да следчага на вочную стаўку, а там Юлік сядзіць пабіты, у слёзах. Убачыў мяне і кажа: “Браток Андрэйка, ці ж я за мяжу хадзіў? Я ж дарогі не бачу. Гэта ж хлусня”. А мяне папярэдзілі, што трэба казаць, дык я глядзеў у столь і казаў: “Хадзіў за мяжу, стасункі з Польшчай меў”.

 Жыццё апасля таго, як бацьку забралі, стала дужа цяжкім, увесь час было галодна і халодна. Кожны дзень працавалі ў калгасе ад цемры да цемры нават мы, дзеці, і без выходных. Калі маці прасіла брыгадзіра адпусціць яе хоць на паўдня, каб дзецям ягад ці грыбоў сабраць, дык той адразу крычаў:

 - Пойдзеш – будзеш там, дзе муж!

 Вядома, што быць там ніхто не жадаў, плакалі моўчкі, паскардзіцца было некаму. Дровы на сабе цягалі. Маці ў аглоблі запражэцца, а мы падпіхаем. Кубар з актывістамі рагочуць з нас:

 - Мы з вас шляхецтва вытруцім, ператворым у жывёлу.

  Пасля вайны мяне накіравалі працаваць у леспрамгас. Цяжка прыходзілася, але я была моцная, і нядрэнныя па тым часе грошы плацілі. Брыгадзір патрабаваў яму частку заробку аддаваць, а то каня не дасць, каб агарод пасадзіць альбо дроў прывезці:

 - Ворагам народу не паложана!

 У вайну партызанам дапамагалі. Старэйшы брат Франік быў у партызанах, а калі прыйшла Чырвоная армія, падаўся на фронт. Дайшоў да Берліну.

 Здзекваліся з нас 15 гадоў, як выжылі, не ведаю. Дзе бацьку забілі, невядома, пакуль рэабілітацыі няма. Кажуць, што ў Воршы.

 Добра памятаю старога Маліноўскага і яго сям’ю. жыў і працаваў на сваім хутары, я нават сябравала з яго кульгавай дачкой Марыляй. Цяпер той хутар завецца Маліноўшчына. Вельмі працавіты чалавек быў, ветлівы і набожны. Калі заходзіў у хату, дык шапку здымаў ды кланяўся гаспадарам, прыгаворваючы:

 - Пан Езус пахвалёны.

 Калі яго з сям’ёй забралі ўначы, дык маёмасць расцягнулі, а хату прадалі ў Домжарыцы.

Напісана ў 1991 – 2017 гадах.

Працяг глядзець тут.







Мартин: 19.03.2017 в 10:36 — 8 месяцев назад

А где Кубар был во время войны и после?




Lost_faith: 19.03.2017 в 14:47 — 8 месяцев назад

Горкая праўда жыцця






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора




 

Copyright © 2009 - 2017 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение