19 мар 2017 в 21:45 — 4 года назад

4) Генацыд на Лепельшчыне: КУНОЎСКАЯ АД ГОРА ЗВАР’ЯЦЕЛА. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 3, всего: 1382

Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.

Узгадвае Бяляк (Куноўская) Марыя Вікенцьеўна

 Жылі мы небагата. Бацька адным з першых уступіў у калгас. Сядзіба стаяла на хутары Барок (Паўлава). Школа была на цэнтральнай сялібе калгаса, дык бацька нас цераз рэчку на руках пераносіў кожную раніцу. Быў тата працавітым і вельмі пяшчотным да дзяцей. Як яго забіралі, дык памятаю, што была ноч, духата, страшна, слёзы высахлі, не разумелі, што робіцца. Татка ўзяў на рукі двухгадова Яначку, пацалаваў у галоўку ды перадаў маме.

 Быў бацька працавітым і вельмі пяшчотным да дзяцей. Як яго забіралі, дык памятаю, што была ноч, духата, страшна, слёзы высахлі, не разумелі, што робіцца. Татка ўзяў на рукі двухгадовага Яначку, пацалаваў у галоўку ды перадаў маме.

 Праз нейкі час маці выклікалі на допыт у Лепель. Вось тады мы ўжо дужа напалохаліся, думалі, што застанемся адны. Беглі за маткай, крычалі і падалі.

 Потым мама распавядала, што прывялі яе да следчага, пасадзілі на лаву, а потым прывялі бацьку. Моцны мужык, ён ледзь ногі перастаўляў, вочы ў крывападцёках. Следчы адразу патлумачыў, што Куноўскі не ўмее запалкі запальваць і чыркнуў не ад сябе, а да сябе, вось сера і трапіла ў вочы. На ўсе абвіначванні ў бок мужа маці сказала следчаму, што гэта паклёп.

 Мы радаваліся, што мама вярнулася дахаты. А вось бацьку не дачакаліся.

 У хуткім часе арыштавалі бацькавага брата Куноўскага Вячаслава Лявонавіча, які жыў на хутары Кірплеўшчына. Жыў у старэнькай хатцы. Сям’я была вельмі бедная. Трое дзетак: старэйшая Ядзя і двое блізнят – Аня і Лёля. Жонка дзядзькі Ваціка ад страху і гора страціла розум, і на рукі нашай маці Эміліі Людзвігаўны ляглі турботы па доглядзе траіх дзяцей і хворай жанчыны. У час вайны хворую застрэлілі немцы, а дзяўчынкі пасля вайны выхоўваліся ў дзіцячым доме ў Лепелі.

 Наколькі цяжка было жыць, словамі не пакажаш. Але цярпелі і вайну перажылі. Успаміны, быццам страшны сон. У вайну нас, падлеткаў, палавілі ды скіравалі ў Нямеччыну. Гора і там схапілі шмат. Здзекваліся з нас, хіба што не стралялі. Прымушалі працаваць па 12 гадзін.

 Старэйшы брат Юзік, як толькі прыйшла Чырвоная армія, пайшоў на фронт, быў паранены.

 Злосці і нянавісці няма, перагарэла ўсё ад часу, Толькі крыўда душыць, і толькі адно пытанне ў галаве: хто адкажа за ўсе пакуты людзей, дзеля чыёй радасці тое рабілася, дзеля чыёй карысці?

Узгадвае Сазонава (Цяліца) Марыя Іосіфаўна

 Бацьку забіралі двойчы. Першы раз забралі яшчэ ў 1933 годзе. Спачатку паслалі яго працаваць на будаўніцтва аэрадрома ў вёсцы Дражна, адбываў так званы гужтруд. Там і схапілі як быццам за тое, што брат Франок жыў у Заходняй Беларусі. Без суда арыштавалі і завезлі на будаўніцтва Беламора-Балтыйскага каналу. Капалі, стоячы па калена ў вадзе. Кармілі дрэнна, і калі бацька зусім злёг, дык яго занеслі ў вагон і скіравалі дамоў паміраць. У Лепелі з цягніка звялі людзі, а далей ісці не мог. Добра, што знаёмыя праходзілі, дык завялі яго да сябе. Накармілі, далі нават вопратку і галёшы, а назаўтра адвезлі дахаты. Памятаю, што мы вячэралі, маці зварыла дзевяць бульбін, на кожнага па адной, а тут бацьку прывезлі, худога, хворага. Я зманіла, што не хачу есці, і яшчэ дзве сястры адмовіліся ад сваіх бульбін, каб накарміць бацьку.

 Нас сямёра дзяцей было. Усе збіралі бацьку зёлкі на лекі і з цягам часу вылекавалі.

 З кожным годам жыццё наладжвалася, абзавяліся каровай і іншай жывёлай. Бацька працаваў конюхам, рамантаваў конскую збрую. Але ж камусьці не хацелася, каб людзі жылі па-чалавечы. Арыштавалі бацьку энкэвэдысты, не паглядзелі на беднасць, дзяцей. Абвінавацілі ў шкодніцтве калгасу, як быццам забіваў цвікі ў хамуты і калечыў калгасных коней. Трымалі бедака ў Варшанскай турме. У 1938 годзе ў Воршы была Крупская Надзея Канстанцінаўна і звярнула ўвагу на бацьку. Тады многіх рэабілітавалі і бацьку ў тым ліку, але дамоў не адпусцілі, расстралялі. Апасля праверкі Надзеяй Крупскай, атрымалі ліст, што бацька памёр у Варшанскай турме, невінаваты. Сям’і сплацілі 2000 рублёў. І толькі ў 1983 годзе даслалі рэабілітацыю аб тым, што бацьку расстралялі. А расстралялі на наступны дзень пасля размовы з Крупскай.

 Забралі ў 1937 годзе і старэйшую сястру Занько Антосю. Яна працавала ў калгасе, была чальцом сельскага Савету. Абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі, сувязях з замежжам. На самой справе Кубару трэба было забраць дзядзькаву хату, у якой жыла сястра, вось і настрачылі паклёп актывісты.

 Яе сыну Мішу было каля трох гадоў, бег за матуляй, плакаў. З цягам часу мамай пачаў зваць бабу Міхаліну. Апасля вайны выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Лепелі. Да канца жыцця памятаў, як бег за маці. Тая, калі бачыла знаёмых, усім наказвала берагчы сына. Дзе забілі сястру, невядома.

 У вайну загінуў брат Адолька. Быў ён у брыгадзе Кірпіча кулямётчыкам. Уначы немцы атачылі заставу. Адбіваліся да апошняга патрону, потым кінуліся ўрукапашную…

 Вядома, цяжка жылося без бацькі, крыўдзілі нас калгасныя начальнікі і актывісты. Калі сястра Уладзя разбілася, зваліўшыся з арэляў, дык нават не хацелі даваць каня, каб адвезці дзяўчынку ў лякарню. Дровы заўсёды на сабе цягалі. І ніхто ніколі не чуў нашых скаргаў, не бачыў нашых слёзаў, толькі ведалі, што браць, браць, браць. Бралі маёмасць, гвалтам заганяючы ў калгас, бралі жыцці бацькоў, бралі нашу дармовую працу… Да сеняшняга дня не далі слова праўды сказаць, не далі і волі. Рабамі пражылі свой век, рабамі і памром. Не веру я цяпер нікому і нічому. Засталіся на сэрцы толькі крыўда і гора. Хто мне скажа, дзе я пражыла - на сваёй радзіме альбо на чужыне, а можа ў турме, што ўсё жыццё баялася сказаць слова праўды? Паверу ў справядлівасць толькі тады, калі дзяржава паставіць помнік сваім ахвярам з іх імёнамі і прылюдна рэабілітуе ўсіх загубленых людзей.

Узгадвае Стэльмах (Цяліца) Еўфрасіння Карлаўна

 Бацька наш працаваў у калгасе на розных работах. Чацвёра нас, дзяўчынак, было: Адэля, я, Анюта і Ядзя. Дружная і добрая сям’я была.

 Прыехалі за бацькам каля чатырох гадзін раніцы. Ён ужо на працу сабраўся. Зайшлі ў хату двое энкэвэдыстаў, двое засталіся пад вокнамі. Бацька зразумеў усё, бо братоў ужо забралі, але ж куды было дзецца. Сказаў толькі:

 - Хто ж за вас, дачушкі, заступіцца? Хто вас накорміць?

 Зрабілі вобшук, забралі бацькавы фотаздымкі, больш нічога не знайшлі. Маці накінула на плечы бацьку кажушок. Так і пасадзілі ў машыну. Беглі за “чорным крумкачом”, плакалі, крычалі, але ж толькі лес чуў наш плач, бачыў нашыя слёзы.

 Насілі бацьку перадачу, дык старэйшая сястра яго бачыла. Сядзеў маўклівы, не паказваў твар. Кажуць, яго дужа білі, але ён адмовіўся падпісваць пратакол. Дзе яго забілі, не ведаю.

 Без бацькі цяжка жылося. Дома нічога не было, а ў калгасе варылі суп, але хлеб свой трэба было мець. Мы сароміліся без хлеба есці, так і хадзілі галодныя, карміліся травой: увесну шчаўем, улетку асакой, ягадамі, грыбамі.

 У школе добра вучыліся, але далей працягваць вучобу нельга было марыць дзецям ворага народу, шлях да адукацыі быў зачынены. Нават сваякі з іншай вёскі не дужа жадалі нас бачыць, дзверы перад намі зачынялі. У малодшай сястры Ядзі здольнасці былі да музыкі, добра іграла і на гітары, і на балалайцы, спявала. Але ж прымножыць гэты талент магчымасці не было.

 Час прайшоў немалы, але і сёння нешта ў грудзях сядзіць, так і чакаеш нечага невядомага. Можа страх у сэрцы, а можа вялікая крыўда за дачасныя смерці бацькоў ды свае пакалечаныя лёсы. І сны да гэтага часу сняцца пра тыя страшныя гады.

 Рэабілітавалі бацьку толькі ў 1989 годзе апасля таго, як напісалі заяву.

Напісана ў 1991 – 2017 гадах.

 Працяг глядзець тут.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


ВАКЗАЛ ТОНЕ  — 6 дней назад,   за неделю: 977 
779. СПАСЁТ ЛИ КТО БЕРЕЗИНСКИЙ КАНАЛ? Чуес Светлана  — 3 дня назад,   за неделю: 481 
Мемуар 121. ЯЗЫК ОБУЧЕНИЯ ДЕРЕВЕНСКОГО БЕЛАРУСА  — 1 неделю назад,   за неделю: 479 
ВСТРЕЧА №2  — 1 неделю назад,   за неделю: 381 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ