Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 30.11.2011 (18:41) — 7 лет назад

Возера Дракона

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 4, всего: 701

 Знайшоў у інтэрнаце спадарожнікавую карту Заслонаўскага палігона. Вывучаю размяшчэнне лясных азёраў. Прасёлак з цэнтральнай дарогі ў Матырына праходзіць скрозь заняты лесам перашыек, які падзяляе азёры Рыбанец і Вялікія Акунічы. Але што гэта? Па левы бок прасёлка, паблізу Рыбанца, чарнее круглявая плямка – так на спадарожнікавых картах пазначаюцца вадаёмы. Што гэта можа быць, калі нават падрабязная карта-кіламетроўка не паказвае лясное возера на гэтым месцы? Наводжу на плямку курсор. На ёй ускоквае надпіс “DragonLake”. Адразу шукаю англійска-рускі перакладнік. Чытаю і дзіву даюся – возера Дракона. Адкуль такая назва на Лепельшчыне, калі драконаў у нас ніколі не было? Няўжо які ў даўніну перасяліўся з Паўднёва-Усходняй Азіі? Паразважаўшы, прыходжу да высновы, што дракон атаясамліваўся са славянскім змеем ці цмокам у Вялікім княстве літоўскім. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” пацвярджае гэта: “Цмок. У казках і народных паданнях – пачвара у вобразе змея, дракона”. Усё зразумела! Не дракон з Паўднёва-Кітайскага мора, а цмок з Лепельскага возера пераляцеў у дрымучы лес палігона. Хутчэй шукаць цмока ў возеры Дракона, пакуль зіма не замаскіравала лясны вадаём!

На палігон еду з Экімані. Трохкіламетровую лясную дарогу да таго растаўклі цяжкія лесанарыхтоўчыя ці ваенныя машыны, што кітайскі мапед “Альфа” некалькі разоў глухне ў гразі. Перад Вялікімі Акунічамі ўлева паварочвае сцежка. Віхляючы між тоўстых хваін, заязджаю на крутую гару, парослую маладым соснікам. Скрозь ствалы старога бору ззаду сінеюць Вялікія Акунічы, наперадзе – Рыбанец. А перад ім у глыбокай лагчыне сапраўды ледзь прыкметна цямнее адасобленае воднае люстра, пахмурным небам пафарбаванае ў чорны колер. Ад гарадскога мікрараёна Сельгастэхніка праехаў 21,3 кіламетра.

Пехатой спускаюся ў нізіну, ступаю на мох. Дол балота даволі трывалы. Купіны доўгімі ніткамі пацягвае журавіннік. З’ядаю некалькі буйных пераспелых ягадзін. Мяккія, кіслыя, смачныя. Шкада, што мала іх – мабыць выбралі.

Як і ўсе балоты, на месцы якіх даўным-даўно сінелі вадаёмы, наваколле возера Дракона парасло чэзлым соснікам, якому некалькі соцень гадоў.

Вадаём акруглай формы. На вока прыкідваю дыяметр – дзесьці 200 ці 300 метраў. Балотны бераг даволі трывалы аж да самай вады. Скрозь чорны водны пласт дна не бачна. Па ўсім люстры плаваюць зялёныя лісцікі расліны, падобнай на бабоўнік, аднак суцэльнага кіліму не ўтвараюць. З вады тырчаць гнілыя хлысты.

У моху вытаўчаныя ледзь прыкметныя сцежкі. Бабёр зрэзаў бярозы, а сосны не зачапіў – нясмачныя. Вядро без дна прыстасаванае пад сядзенне – яшчэ і рыбу хтосьці вудзіў.

Выразаны бабром трохметровы гладкі кол апускаю ў ваду. Адчуваю, што на двухметровай глыбіні лезе ў мяккі глей. Цвёрдага дна не намацваю. Выцягваю. Адразу вада закаламучваецца белай суспензіяй. Да кала прыляпіўся белы глей.

З боку Рыбанца ў возера Дракона пракладзены ручай з нерухомай вадой. Бабра ці цмока справа? Апускаю ў рэчышча кол. На метровай глыбіні дно даволі цвёрдае.

Дзе ж цмок? Гукаю:

-- Цмок!!!

Па-ранейшаму воднае люстра толькі лёгкі вятрыска рабаціць.

Спрабую скрозь лес засохлых дрэў-свечак без сукоў прабрацца да Рыбанца. Не пускае густы трыснёг.

Возера Дракона абышоў. На баравым схіле набрыў на кучу аплёткі ад кабелю – свінец даставалі. Вось табе і глухмень!

Хоць і зрабіў адкрыццё для сябе, аднак вандроўкай застаўся не вельмі задаволены – напярэдадні года Дракона сапраўднага дракона-цмока так і не пабачыў.

Назад дабіраўся цераз Заслонава – дарога лепшая, хоць шмат пяску. Праехаў 22,6 кіламетра.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


693. МОЙ ДОМ МЕНЯ КОРМИТ. Маркович Леонид — 3 дня назад,   за неделю: 384 
РЭТРА БЛУКАННІ ВА ЎЛАСНЫХ АКВАРЭЛЯХ — 6 дней назад,   за неделю: 319 
ЮНЫЕ КУРЦЫ НЕ НАШЕГО ВРЕМЕНИ. Шуш Эсенскі — 2 дня назад,   за неделю: 244 
691. МАСЛОБОЙНЯ. Шкиндер Василь — 1 неделю назад,   за неделю: 147 
ЯК ЯК ЯК — 7 дней назад,   за неделю: 141 



 

Copyright © 2009 - 2019 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение