Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 03.12.2011 (09:31) — 7 лет назад

Кладкі

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 485

Здаўна Верабкі падзялялі на дзве часткі -- Верабкі і Бусянкі -- рака Бярэшча і калісьці суднаходны Верабскі канал. Мастоў не было. Каб з Бусянкоў трапіць у магазін, на могілкі ці ферму, а з Верабак раней на Барысаўскі тракт, а пазней на Мінскую шашу, канал пераадольвалі па шлюзах, а Бярэшчу па кладках. Дзесьці на мяжы 50-х і 60-х гадоў мінулага стагоддзя шлюзы разбурылі здабытчыкі каляровых металаў (створкі шлюзаў грунтаваліся на масіўных бронзавых шарнірах). І тады людзі супольна пабудавалі над каналам кладкі. Рэдкія аўтамабілі пераадольвалі вадацёкі ўброд.

Бег час. Кладкі вялікімі паводкамі зносіла бурлівая плынь канала. Калі вада змяншалася, вяскоўцы ўзводзілі новыя кладкі. Ужо пабудавалі драўляныя масты цераз Бярэшчу і Верабскі канал, праклалі да іх дарогу, на якой утварылася новая вуліца Бусянкоў. Але тое было на ўсходняй аселіцы вёскі. Жыхары заходняй яе часткі працягвалі карыстацца кладкамі -- да мастоў далёка.

У сярэдзіне 70-х гадоў меліяратары распрацавалі торфаўчастак “Бярэшчанскі мох”. Шмат карыснай тарфакрошкі даў ён сельскай гаспадарцы. Але ў выніку была цалкам спынена плынь часткі Бярэшчы ад мяжы торфаўчастка да яе вусця. Ваду скіравалі ў Верабскі канал, ад чаго той ні на сантыметр не папаўнеў. А рака перастала існаваць. Драўляны мост цераз яе замянілі трубой. Кладкі з-за непатрэбнасці забурыліся.

А кладкі цераз канал працягвалі служыць людзям. Драўляны мост замянілі на жалезабетонны, а прымітыўны пешаходны масток з хісткімі парэнчамі працягваў існаваць.

Аднойчы пасля вялікай паводкі кладкі не аднавілі. Не было каму -- адны старыя кладкабудаўнікі пайшлі на той свет, іншыя занядужалі. А моладзь села на легкавікі -- ім і далёкі шлях на мост не кола. Ды і магазіна, і клуба ў Верабках не стала. На могілкі ж бусянкоўцы ходзяць не часта. Словам, засталіся вяскоўцы і канал без кладак.

Ужо ў 80-х гадах тадышні старшыня былога калгаса “Барсукі” Уладзімір Карчагін задумаў пабудаваць на Верабскім канале каскад вадаспадаў, развесці стронгу. Яго праект так і застаўся ў марах, аднак кладкі ён зрабіў. У новым месцы. Дзе шлюз быў. Праўда, пешаходная пераправа складалася з хісткіх двух бярвён без апораў, а таму прагнулася, падгніла, зламалася і сплыла ў Эсу. Аднак некалькі гадоў паслужыла людзям.

Ішлі гады. Тое пакаленне верабчанаў, басаногае дзяцінства якога праходзіла на кладках, на зыходзе працоўнага жыцця пачало вяртацца ў родны кут ды пераабсталёўваць старыя бацькоўскія хаты пад сучасныя дачы. Зачасцілі ў Верабкі Васіль Азаронак з латышскай Юрмалы, Галіна Азаронак з Мурманска. Перасяліліся з Лепеля Лідзія Міхно (Азаронак), Валянціна Баграцова (Шушкевіч). Сталі настальгаваць яны па былых кладках, хадзіць на магілкі бацькоў і дзядоў цераз мост, а гэта лішні кіламетр.

І ў рэшце верабчане-дачнікі сабралі 30 подпісаў пад зваротам у Слабадскі сельвыканкам наконт будаўніцтва кладак. Улады ініцыятыву падтрымалі, прыцягнулі бярвенні.

Галіна Азаронак сабрала з верабчанаў 445 тысяч рублёў. За іх старэйшына вёскі Надзея Пруская дамовілася з брыгадай будаўнікоў, і за дзень выраслі кладкі. З бярвення, мошчанага аполкамі. З парэнчамі. На месцы кладак Уладзіміра Карчагіна.

Спецыяльна ездзіў на агляд кладак.

 Па-праўдзе кажучы, арыгінальнасцю архітэктурнага вырашэння яны не вызначаюцца. Аднак людзям служаць, як і раней, верна. Няхай толькі мінаюць збудаванне паводкі.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 7 дней назад,   за неделю: 507 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 20 часов назад,   за неделю: 257 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 4 дня назад,   за неделю: 245 
ЮШКИ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
ВЫЙШЛА КНІЖКА ПРА ЛЕПЕЛЬСКІХ КАВАЛЕРАЎ. Шуш — 7 месяцев назад,   за неделю: 51 
681. «ПОЛЬСКІЯ ШПІЁНЫ». ШКОЛА. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 50 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение