Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 07.12.2011 (17:38) — 7 лет назад

Сфальсіфікаваная гісторыя. Падрыў моста

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 506

Мне ў рукі трапіў партызанскі бестселер “Вайна ў тыле ворага” Рыгора Лінькова, у якой легендарны партызанскі камандзір Баця распавядае аб баявых дзеяннях лясных воінаў на тэрыторыі Беларусі. Кніжку гэтую мала хто чытаў, паколькі выдадзена яна ў 1961 годзе Мардоўскім кніжным выдавецтвам горада Саранска, і ў Лепель трапіла выпадкова.

Вядома, бестселер зацікавіў. Аднак знайшоў у кнізе і такія звесткі, якія выклікалі сумненне ў мяне і старажылаў Гадзіўлі. Маю на ўвазе апісанне падрыву моста над ракой Эса ў гэтай вёсцы. Прыводжу відавочныя памылкі ў змесце і падаю сапраўдныя факты тых падзей, якія грунтуюцца на дакладных геаграфічных і гістарычных даных. Ведаю іх таму, што нарадзіўся ў Гадзіўлі ў 1952 годзе і жыў у ёй па 1970 год.

Лінькоў апісвае канец 1941 года:

“Шаша, што злучала гарады Лепель і Барысаў, праходзіла паблізу ад нашай базы. Нямецкія аўтакалоны рухаліся па ёй днём і ўначы. Спыніць рух па гэтай магістралі мела вялікае значэнне і для дзеянняў нашага атрада. Было вырашана падарваць мост цераз раку Эсу ў вёсцы Гадзіўля, у дванаццаці кіламетрах ад горада Лепеля”. Перапыняю аповяд, каб удакладніць. Насамрэч па цяперашніх спрамленых дарогах адлегласць ад пачатку Лепеля да пачатку Гадзіўлі раўняецца 18 кіламетраў. Сам прамераў яго неаднойчы.

“Мост гэты быў невялікі, усяго трыццаць восем метраў даўжыні. Але глыбокая і хуткаплынная рака Эса з тарфяністымі, забалочанымі берагамі выключала магчымасць пераправы ўброд”. У апошнім сказе ўтрымліваецца шэраг памылковай інфармацыі. Пачну па парадку. Эса ўзгаданым месцам сапраўды хуткаплынная таму, што мелкая – да пояса не дацягне, а не глыбокая, як сцвярджае Лінькоў.

Тарфяністымі і забалочанымі берагі там ніколі не былі. Наадварот, да гэтага часу яны пясчаныя і высокія, выкарыстоўваліся сялянамі пад выган, пашу і калгаснае ворыва. Гэтыя фактычныя абставіны далі магчымасць вяскоўцам спакон вякоў карыстацца бродам паблізу моста, калі ён перабудоўваўся. У Лінькова ж усё наадварот.

“Становішча з аховай моста нам было добра вядома. Дзевяць чалавек гітлераўскай аховы жылі ў асобнай хатцы, непадалёк ад моста, і вялі настолькі бяспечны лад жыцця, што часта клаліся спаць, не выстаўляючы вартавога на ноч.

Такія паводзіны фашысцкіх салдатаў тлумачыліся тым, што мост знаходзіўся ў самой вёсцы, а вёска ахоўвалася мясцовым здраднікам па прозвішчы Міснік”. Такога прозвішча ў Гадзіўлі не было, сама бліжэй яго мелі жыхары Верабак, якія знаходзіліся за 10 кіламетраў.

“Завербаваны гестапа, Міснік быў прызначаны старастам вёскі”.Старастам Гадзіўлі ў 1941 годзе быў прызначаны Пётр Прускі, родны брат майго дзеда па матчынай лініі Іллюка Прускага.

“Ён дамогся прызначэння ў вёску невялікай каманды нямецкіх салдатаў. Але непакоіўся ён пры гэтым не столькі аб ахове моста, колькі аб ахове ўласнай персоны. Прызначанаму старшым каманды яфрэйтару ён казаў: “Вы, пан афіцэр, можаце спаць спакойна. Аб ахове моста я сам панепакоюся, мне ўсё адно вёску ахоўваць трэба”. Яфрэйтар спачатку слухаў такія запэўніванні беларуса з недаверам і нёс службу па ўсіх правілах. Аднак хутка пераканаўся, што вёска ўначы патрулюецца мужыкамі, і стаў адносіцца да аховы моста абыякава.

Выконваючы заданне каменданта па ачышчэнні раёна ад ненадзейных людзей, Міснік стараўся ва ўсю: выдаваў савецкіх актывістаў не толькі сваёй, але і навакольных вёсак. Байцы-акружэнцы, што прабіліся на ўсход, абыходзілі Гадзіўлю на добры дзесятак кіламетраў. Трапіць на вочы гэтаму нягодніку было ўсё адно, што трапіць на вочы гестапа. Адных ён адразу здаваў у камендатуру, іншых забіваў сам па дарозе “пры спробе ўцекчы”.

Місніка баяліся. Яшчэ болей баяўся сам Міснік. Частку мясцовых актывістаў гітлераўцы расстралялі, некаторых скіравалі на катаржныя работы ў Германію, камусьці ўдалося схавацца ў лес. Астатнія мужчыны падпарадкаваліся Місніку, і ён арганізаваў з імі надзейную ахову вёскі. Выстаўленых патрулёў ён правяраў сам, і барані бог калі хто правароніць з’яўленне пабочнага чалавека.

У самагоне і прадуктах для нямецкай каманды недахопу не было, а на ўсялякі выпадак стараста панепакоіўся і аб тэлефоннай сувязі з лепельскім гарнізонам.

Пераканаўшыся ў сваім дабрабыце, акупанты перайшлі на санаторны рэжым.

Таму ўся складанасць аперацыі па знішчэнні моста заключалася ў тым, каб непрыкметна падысці да хаты Місніка і захапіць яго. Толькі пасля гэтага можна было перарваць тэлефонную сувязь з Лепелем і прыступіць да ліквідацыі фашысцкай аховы і моста.

Усе гэтыя даныя нашай разведкі і паведамленні двух жыхароў вёскі Гадзіўля, якія знаходзіліся ў нашым атрадзе, былі ўлічаны, і план аперацыі быў прадуманы ва ўсіх дэталях”. На гэтым месцы аповяд Лінькова трэба перапыніць. Можа ён апісвае дзеянні старасты Прускага і памылкова называе яго Міснікам? Ці мог Пётр Прускі верна служыць немцам, ці яны гвалтам прызначылі кіраваць вёскай здаровага саракагадовага мужыка, як тое да смерці сцвярджалі яго дачка Ліза Кунчэўская і пляменніца, а мая маці, Вольга Шушкевіч (абедзве 1928 года нараджэння) і да гэтага часу сцвярджаюць гадзіўлянскія старажылы Эмілія і Аляксей Якубоўскія (адпаведна 1937 і 1936 года нараджэння)? Усе яны запэўнівалі і запэўніваюць, што Пётр Прускі на пасадзе старасты не паспеў зрабіць нічога благога. А ці мог? З адказнасцю зазначаю, што мог!

Усе мае продкі да смерці і я да арміі жылі ў Гадзіўлі. Свой радавод ведаю добра. Мой прадзед Захар і яго сыны Іллюк з Пятром жылі за тры кіламетры на хутары Ляды асобнымі гаспадаркамі. У 1937 годзе іх раскулачылі. Хаты і гаспадарчыя пабудовы забралі калгасныя актывісты з Велеўшчыны. Захар з пакут хутка памёр. Яго жонку Домну з той жа прычыны спаралізавала, і яна, нерухомая, дажывала свой век у сына Іллюка ў Гадзіўлі, дзе ён, як і Пётр, вымушаны быў будавацца з нуля. Таму цалкам верагодна, што Пётр, пакрыўджаны на савецкую ўладу, узяўся сумленна ўкараняць новыя парадкі. Зноў даю слова Лінькову.

“Выкананне аперацыі я даручыў Аляксандру Шлыкаву. У склад групы былі ўключаны нязменны спадарожнік Шлыкава — Валянцін Цялегін, як лепшы з мінёраў, жыхар вёскі Гадзіля Сцяпан Азаронак у якасці правадніка і пятнаццаць баявых хлопцаў з дэсантнікаў і акружэнцаў”. Азаронкі ў Гадзіўлі ніколі не жылі, бліжэйшыя носьбіты такога прозвішча знаходзіліся за чатыры кіламетры — у Слабадзе, за шэсць кіламетраў — у Валатоўках, за 10 кіламетраў — у Верабках.

“Цёмнай ноччу Шлыкаў са сваімі людзьмі перабраўся цераз раку ніжэй вёскі і падышоў да яе з боку Лепеля. Атрад разбіўся на тры групы. Сцяпан Азаронак і з ім тры байцы накіраваліся да хаты старасты. Другая група з трох байцоў на чале з дэсантнікам Серпіёнавым пайшла знішчаць тэлефонную сувязь з Лепелем. Яна ж павінна была сачыць за выхадамі з вёскі і нікога не прапускаць у бок горада. Пачакаўшы крыху, Шлыкаў з астатнімі байцамі непрыкметна падышоў да хаты, у якой размяшчалася ахова моста.

Пяць гранатаў амаль адначасова выбухнулі ў памяшканні, дзе спалі гітлераўцы. У адказ не раздалося ніводнага выстралу. Два байцы скрозь праёмы ў вокнах скочылі ў задымленую хату, асвятлілі яе ліхтарыкам. Фашысты аказаліся ў большасці перабітымі. Трох, ашалелых ад выбуху, давялося прыстрэліць з пісталетаў.

Пакончыўшы з аховай, Шлыкаў павёў сваю групу на мост. У гэты час падышлі трое пасланых да хаты старасты і даклалі, што Місніку ўдалося збегчы. Злы сабака ўзняў такі люты брэх, што заўсёды насцярожаны здраднік, мабыць, адчуў набліжэнне небяспекі і паспяшаўся схавацца. Гэта значна ўскладніла аперацыю. Трэба было спяшацца.

Цялегін прыступіў да мініравання паляў, але адразу ж выявілася, што толу на ўвесь мост не хопіць. Тады байцы кінуліся да размешчанай паблізу смалакурні, і праз якія-небудзь паўгадзіны дзесятак бочак са смалой і шкіпінарам, падрыхтаваных для адпраўкі ў Лепель, былі расстаўлены на мосце. Цялегін, закончыўшы мініраванне, пачаў падводзіць да бочак канец бікфордава шнура.

…На дарозе паказаліся чатыры чалавекі.

— Стой! Хто ідзе? — крыкнуў паставы.

— Свае, — пачуўся знаёмы голас.

Шлыкаў кінуўся насустрач.

— У чым справа? Чаму вы так затрымаліся? — спытаў ён у Серпіёнава.

— Ды вось нейкі грамадзянін бег узбочынай дарогі па накіраванні да Лепеля. Мы яго затрымалі, як было загадана, а калі павялі сюды, ён спрабаваў уцячы. Але злавілі. Назваўся Грыдзюшкам Ігнатам. Кажа, што мясцовы. Збег быццам з нямецкага лагера і абыходзіў вёску, каб не наткнуцца на патрулёў старасты…

Байцы абступілі затрыманага.

— Сцяпан! — паклікаў Шлыкаў Азаронка, які па-ранейшаму стаяў ля парэнчаў на мосце. — Ідзі-тка сюды. Ты вось гэтага грамадзяніна Грыдзюшку не ведаеш?

— Каго? — нехаця адгукнуўся Сцяпан і, быццам п’яны, пакачваючыся, марудна закрочыў да невядомага. Байцы, трымаўшыя за рукі прыведзенага чалавека, адчулі, як ён здрыгануўся, пачуўшы голас Сцяпана, і тузануўся, каб вырвацца, але яны ўтрымалі яго.

Азаронак спыніўся, не даходзячы некалькі крокаў да затрыманага, і на імгненне знерухомеў. Вінтоўка выпала ў яго з рук, але ў наступную секунду ён скочыў наперад, пераскочыў цераз вінтоўку, і сутаргава ўчапіўся ў глотку небяспечнаму праціўніку.

— А-а!... Мі-іс-ні-ік!! — гартанным голасам прахрыпеў ён і, зваліўшы сваю ахвяру на зямлю, пачаў душыць.

…Па просьбе ўсіх байцоў Шлыкаў дазволіў Сцяпану ўласнаручна забіць здрадніка. Азаронак гэта выканаў прама тут жа, на сярэдзіне замініраванага моста”. Прашу чытача звярнуць увагу на месца расстрэлу старасты.

“Калі 17 чалавек перайшлі мост і аддаліліся метраў на семдзесят, васямнаццаты чыркнуў запалку. Бочкі са шкіпінарам, расстаўленыя на мосце, успыхнулі, зашыпеў бікфордаў шнур. Пераканаўшыся, што ўсё ў парадку, Цялегін пабег за таварышамі.

Праз хвіліну пад ахопленым полымем мостам раздаўся выбух. Труп здрадніка разам з абломкамі паляў цёмным сілуэтам узляцеў у паветра.

…Увесь зваротны шлях Сцяпан Азаронак ішоў у прыўзнятым настроі і нават спрабаваў насвістваць матывы песняў беларускай калгаснай моладзі.

Хлопцам таксама было весела.

— Ну як, задаволены, дзядзька Сцяпан, што з Міснікам скончыў? — спытаў Цялегін.

— Вядома, задаволены, мілы! А то, як жа ты, сынок, думаў? Гэта ж сабака шалёны, а не чалавек быў. Ён майго малодшага брата выдаў гестапа? Выдаў! — задаваў сам сабе пытанні і сам жа адказваў на іх Азаронак. — Бацьку майго, старога дзеда пабіў? Пабіў! А ну-тка, калі б Міснік жывы застаўся ды даведаўся, што я на падрыве моста быў? Ды ён бы тады ўвесь наш род знішчыў! А цяпер што ж? Цяпер іншая справа. Пакуль фашысты самі аб усім даведаюцца, зір і канец ім прыйдзе.

…Зарыва над Гадзіўляй палымнела ўсю ноч і было бачна здалёк…” На гэтым цікавы аповяд Лінькова спыняю.

Пра падрыў моста ў Гадзіўлі я ведаў з дзяцінства паводле расповяду дарослых. Пацвярджаюць падзею і Якубоўскія. А вось са смерцю старасты зноў атрымліваецца накладка. Пра апошнія хвіліны жыцця старасты Пятра Прускага я ведаў з дзяцінства. Аб тым мне распавядалі яго жонка Еўдакія, дачка Елізавета, пляменніца Вольга. Гэта пацвярджаюць сваімі ўспамінамі і Якубоўскія.

— Партызаны завялі Пятра Прускага за вёску ў бок Велеўшчыны і на ўскрайку Барысаўскага бальшака закалолі шомпаламі. Небарака крычаў на ўсю вёску, — узгадвае Эмілія Якубоўская.

Месца гэта размешчана на супрацьлеглай ад моста вясковай аселіцы. Лінькоў жа сцвярджае, што старасту расстралялі на мосце, і выбух узнёс цела здрадніка ў паветра. Навошта нямецкага прыслугача вялі забіваць а адваротнага боку Эсы за цэлы кіламетр цераз усю вёску і навошта цягнулі назад труп, каб запусціць яго ў паветра разам з мостам?

Пятра Прускага ніхто не падрываў. Яго труп Еўдакія з дзецьмі на возе завезлі ў Рудню і пахавалі на вясковых могілках, бо ў Гадзіўлі сваіх тады не было. Пасля таго, як памерла Еўдакія, побач з яе магілай ужо ў Гадзіўлі дачка Ліза паставіла помнік з надпісам: “Прускі Пётр Захаравіч. 1901 — 1941.”

Кажуць, што пераможцаў не судзяць. Легендарны Лінькоў-Баця — пераможца. За свае дзеянні ён заслугоўвае не суда, а шматлікіх узнагарод. Аднак у апісанні некаторых падзей, у прыватнасці падрыву моста ў Гадзіўлі, ён дапусціў, мякка кажучы, недакладнасці, а кажучы прама – выдумку. Гэтага рабіць было нельга, паколькі кніга дакументальная, а не мастацкі твор. Так, успаміны ён пісаў праз два дзесяткі гадоў пасля іх здзяйснення. Забыўся на дробязі.

Я злавіў Лінькова ў хлусні толькі адносна адной Гадзіўлі, а ў кнізе на больш як 600 старонак апісваюцца падзеі ў дзесятках вёсак… Вось на такой “праўдзе” выхоўвалася маё пакаленне.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 7 дней назад,   за неделю: 268 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 21 час назад,   за неделю: 257 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 4 дня назад,   за неделю: 245 
ЮШКИ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
ВЫЙШЛА КНІЖКА ПРА ЛЕПЕЛЬСКІХ КАВАЛЕРАЎ. Шуш — 7 месяцев назад,   за неделю: 51 
681. «ПОЛЬСКІЯ ШПІЁНЫ». ШКОЛА. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 50 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение