Блоги LEPEL.BY
БЛОГИ


 

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 09.05.2017 (22:48) — 8 месяцев назад

1) ХРОНІКА ЧАТЫРОХ ДЗЁН ПАРТЫЗАНСКАГА ЖЫЦЦЯ КАНЦА ВАЙНЫ. Шуневіч Анатоль


Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 У дакументальна-мастацкай аповесці распавядаецца пра поўнае нечаканасцяў небяспечнае блуканне групы партызанаў па Домжарыцкім балоце дзеля выканання задання камбрыга выйсці насустрач Чырвонай арміі пры яе ўступленні на Лепельшчыну. Праз увесь твор праходзіць вобраз незаслужана забытай, а таму дагэтуль невядомай жыхаркі вёскі Валова Гара Марыі Міхайлаўны Шуневіч, партызанкі атраду №3 брыгады імя Сталіна, які дыслакаваўся ў ваколіцах Бярэзінскага каналу. Прозвішчы і падзеі сапраўдныя. 

1. Пасля ўсяго

  Вайна ў маёй памяці захавалася бы нейкі даўні сон ці калісьці прачытаная кніжка, з якой засталіся толькі самыя яскравыя эпізоды. Але бывае і так, што ўзгадваюцца такія падзеі, на якія дарослыя ў той час людзі даўно забыліся. А я памятаю. Вось толькі асэнсаваць іх, прааналізаваць і раскласці па часе не заўсёды бывае магчымым.

 Бяжыць рака часу хутка і няўмольна, жыццё накладвае пласт за пластам новыя падзеі, людскія турботы ў якіх сціраюць справы мінуўшчыны, канкрэтныя чалавечыя лёсы.

 Не ведаю, як у каго, а вось у мяне, калі я стараюся штосьці ўзгадаць, у першую чаргу на памяць прыходзяць некалькі здарэнняў з уласнага жыцця, якія быццам і не адыгралі вельмі значнай ролі ў маім ці ў лёсе родных альбо блізка знаёмых людзей. Не ведаю, чаму згадкі тыя заўсёды турбуюць памяць, прыходзяць у снах, у думках і ўспамінах.

 Вось і цяпер заплюшчваю вочы і бачу сцэну з далёкага дзяцінства, а канкрэтней - з пасляваеннага лета сорак пятага году. Цёплы дзень канца маю, дзесьці кукуе зязюля, весела шчабечуць птушкі, бягуць па сваіх справах вялікія барвовыя мурашы. На вясковых могілках, падкурчыўшы пад сябе босыя ногі, на краю яшчэ не зарослай мохам магілкі сядзяць дзве жанчыны. Тут жа, паміж імі, корпаецца хлопчык бярозавым дубцом ад веніка, спрабуючы скіраваць мурашыныя калоны ў іншым кірунку.

 Маладзейшай жанчыне, маці хлопчыка, год пад 26, старэйшай – за 50. Паціху ідзе гаворка. Збольшага вядзе размову старэйшая жанчына:

 - Ты ж, Уладзічка, не здзіўляйся, што я не плачу, няма чым плакаць, выплакала ўсе слёзы, толькі ў грудзях нешта скрыгоча, ды камяк у горле сядзіць, бы кавалак лёду. Жыць не надта хочацца, ды і не баюся смерці. Калі ёсць той свет, дык і з Міхалам сустрэнуся, і з дзеткамі.

 - Ну, што ты, цётка Кацярына, кажаш? Табе яшчэ жыць трэба ды жыць, дзяцей гадаваць, унукаў дапамагаць даглядаць. Скончылася вайна, хутка мужчыны дахаты вернуцца, і твой сын Стась прыдзе.

 - Да цябе можа і вернецца, а мне ўжо чакаць нечага. Маё жыццё ў мінулым. Паглядзі, Уладзічка, на руку. Вось парэж хоць адзін палец, хоць другі – балюча аднолькава і таму, і іншаму. Шасцёра іх у мяне было, засталося чацвёра. Баліць дужа ўсё нутро – не здолела зберагчы дзетак, віну сваю адчуваю перад Міхалам. Я ж іх нарадзіла, малаком уласным выкарміла, на руках сваіх вынянчыла, старалася, каб і галодным не былі, і халодна ім не было. Дык за што, за чые грахі такія пакуты? Ад Манечкі толькі плюшаўка засталася – Міша-начштаб некалькі прывёз пасля разгрому нямецкага гарнізону, апрануў нас. Яны не надта грэюць, але штосьці трэба апранаць, бо хату як палілі, дык усё і згарэла, засталіся, у чым стаялі, нават фотаздымкі і дакументы не збераглі. Апрану плюшаўку і здаецца, што Манечка да мяне лашчыцца, прытулілася, і так лагодна робіцца, душа адпачывае, хоць не надоўга. Міхал яшчэ ў 41-м памёр. Усё хварэў, рамантус – хвароба ўсіх леснікоў. Вось і брат яго Адолька ў 38 год сканаў, пакінуў Анэту з шасцю дзецьмі. Пакуль на ногі паставіла, нагаравалася. А цяпер таксама двох пахавала сыноў. Бронічку толькі 17 мінула.

 Трошкі памаўчаўшы, старая звярнулася да малодшай:

 - Ад Юзіка нічога не чуваць?

 - Не, цётачка, пакуль нічога, кажуць, што паранены, можа вернецца, - адказала малодшая. - А ты, Уладзічка, чакай і спадзявайся, што вернецца, не губляй надзеі, паранены – не забіты.

 Некалькі хвілін сталая жанчына ўзіралася ў вершаліны соснаў, затым ціхім голасам, ні да каго не звяртаючыся, працягнула размову, быццам агучваючы свае думкі:

 - Сынок мой Антоська нас ратаваў, за нас і прыняў страшэнную смерць. Мне распавядалі людзі з Зацяклясся, што параненаму, яшчэ жывому, вочкі выкалалі, а на плечыках зоркі выразалі. Дзякуй Франусьцы і тым людзям з Зацяклясся, што сыночка пахавалі і зямелькай засыпалі. Манечка, дачушка, дзе ж твая магілка? Груган, птушка чорная, прынясі хоць адну костачку. Я б слязьмі яе абмыла на бацькавай магіле, вось тут закапала б. Я ж кожны дзень насіла б табе кветкі, якія ты вельмі любіла.

 У маладзіцы па твары цяклі слёзы. Спахмурнеў і хлопчык, не ведаючы, аб чым гэта гутараць дарослыя, і чаго плача маці.

 - А ты, Уладзічка, ідзі шчаўе збіраць, каля шлюзаў яго шмат і без травы. Дзякуй богу, што хоць травіца беражэ людцаў ад голаду. А я з Міхалам паразмаўляю, усё гора яму распавяду, папрашу прабачэння за тое, што не змагла дзяцей зберагчы. Можа лягчэй будзе. Час – лекар, але ж камень да канца жыцця на сэрцы застанецца.

 …Прайшло 70 год, а дагэтуль у вачах стаіць самотная постаць старой жанчыны на вясковых могілках паміж дзвюмя векавымі хваінамі, прыгнутая самым цяжкім чалавечым горам – няўчаснай смерцю ўласных дзяцей.

 Гады страшнага ваеннага ліхалецця адыходзілі ў гісторыю, аддаляліся бы страшны сон, забываліся ў турботах паўсядзённай барацьбы за выжыванне, за лепшае жыццё. На старых могілках патроілася колькасць пахаванняў – цэлае пакаленне адышло ў небыццё. Новае пакаленне ўжо не ведае той бяды, што нясе з сабой вайна. Ну, і дзякуй богу, каб ніколі нашыя дзеці і ўнукі яе не зведалі, але памяталі і былі ўдзячныя сваім бацькам і дзядам, што далі магчымасць больш за паўвека пражыць у адноснай цішыні, без крывавых выпрабаванняў.

 Напачатку 80-х, а калі дакладней сказаць, то 9 мая 1984 года, зайшоў я да добрага знаёмага Аляксандра Стрыжонка, якога ведаў яшчэ з дзяцінства, жывучы ў вёсцы Валова Гара. Дзядзька Аляксандр у той час, а быў тады 1943 год, знаходзіўся спачатку ў брыгадзе Дубава, а затым у брыгадзе Лабанка, дзе займаўся рамонтам зброі, пашкоджанай у баях пры падрыве нямецкіх цягнікоў і іншых сродкаў перамяшчэння, знішчэнні варожых складоў. Дзядзька Аляксандр кожны дзень прыходзіў да дзеда Юзіка Шуневіча і Стася Левановіча за драўлянымі часткамі адрамантаванай зброі. Рабіліся тыя часткі з чорнай каржакаватай бярозы, клёну. Гэтыя дрэвы знаходзілі толькі людзі, што добра ведалі мясцовыя лясы. Спачатку рабілі нарыхтоўкі, затым сушылі ў лазнях і печах. Умелыя рукі старых майстроў рабілі дэталі, не горшыя за заводскія.

 Убачыўшы дома гаспадара, я спытаў:

 - Дзядзька Аляксандр, чаму вы сёння на парад не прыходзілі?

 - Ат, дзяцёнак, я лепш з вудай гадзіну-другую пабуду, можа рыбы на патэльню навуджу. Не хачу ў адным натоўпе з былымі народнікамі хадзіць, душа не прымае. Пад спадніцамі жонак адседзелі ўсю вайну, прытыкнуліся да яе ўжо пад канец, а цяпер з чырвонымі сцягамі ходзяць ды яшчэ юбілейныя ўзнагароды атрымліваюць. Знайшліся мне пераможцы! Да таго ж усе сустрэчы заканчваюцца папойкамі, а гэта не па мне. Сапраўдныя пераможцы - мае таварышы, многія з якіх склалі галовы. Вось я пазіраю на ваду і бачу кожнага ў сваёй памяці. Тым і ўшаноўваю іх, пакуль сам жывы.

 Мяне бераглі ў атрадзе, нават негалосны загад быў: не скіроўваць на заданні, бо працавалі мы ўдзень і ўначы, калі патрэба была. Мной і нашай групай былі адрамантаваныя тысячы адзінак нямецкай і нашай зброі. У баях пад Беразіном давялося пад бамбаваннем рамантаваць кулямёт. Толькі сабраліся выпрабаваць, а тут – разрыў авіябомбы, і асколак зноў пашкодзіў кулямёт. Давялося зноўку рамантаваць пад бомбамі, але абыйшлося, нават не параніла. У сантыметрах ад смерці былі. Вайна ёсць вайна, тут не адгадаеш, дзе цябе чакае пагібель.

 З цягам часу прыходзілі і вопыт, і майстэрства. Узімку 44-га зрабіў сабе аўтамат. Зыходнымі матэрыяламі паслужылі руля нямецкай стрэльбы, стабілізатар авіябомбы, кавалак восі калёсаў, шына кола падводы, бярозавы прыклад. Вынік быў значны, бо хуткасць страляніны, дальнябойнасць павялічыліся, а ёмістасць раўнялася ручному кулямёту. Выпрабаванне зрабіў камісар брыгады Качан і загадаў рабіць больш такой зброі. Я падараваў першы аўтамат-кулямёт партызану Суліму альбо, як яго клікалі сябры, Васю Хафізаву.

 Другі аўтамат-кулямёт я сабраў для сябе, толькі рулю ўзяў ад кулямёту. Больш зрабіць не давялося – пачалася блакада. З тым аўтаматам я і скончыў вайну.

 - Дзядзька Аляксандр, - кажу. – З вамі ў атрадзе Сучынскага, кадравага вайскоўца са Свярдлоўскай вобласці, была Марыя Шуневіч з Валовай Гары. Які лёс напаткаў яе і іншых вашых аднапалчаняў? Што вы ведаеце пра іх? Павінны ж мы захоўваць праўду пра тых, хто заслугоўвае славу і павагу за гераічныя ўчынкі.

 На нейкі момант чалавек замоўк, як бы збіраючыся з думкамі і шукаючы ў памяці месца, з якога можна пачаць расповяд. Потым, пільна ўглядаючыся ў твар суразмоўцы, ціха сказаў:

 - Я ведаю многае. На маіх вачах усё было: і добрае, і дрэннае, і гераічнае. Ну, а падзеі тых апошніх дзён партызанскай барацьбы нават у снах перажываю да гэтага часу. Людзі павінны ведаць імёны сапраўдных герояў…

 …Пасля прарыву з Ушацкага катла выходзілі малымі групамі на месцы дыслакацыі: спачатку ў вёску Валова Гара, затым, напачатку чэрвеня, на возера Палік, дзе прабылі адны суткі. На балоце каля Паліка сабралася шмат народу, як цывільных, так і рэшткаў многіх партызанскіх брыгад і атрадаў, шпіталяў, партызанскіх сем’яў.

 Балота ўвесь час бамбілі самалёты, не заціхалі артылерыйскія абстрэлы. Кожны снарад ці бомба знаходзілі сваіх ахвяраў. Балота засыпалі ўлёткамі прапагандысцкага зместу, запалохвалі расправамі і знішчэннем усяго жывога, нават зброяй “возмездия”.

 Раніцай выклікалі камбрыг Ярмуш і камісар брыгады Качан камандзіра трэцяга атраду Сучынскага і начальніка штабу Чарнова, кадравых вайскоўцаў і ўраджэнцаў адпаведна Свярдлоўскай і Куйбышаўскай абласцей, камандзіра другога атраду Міколу Самуся і палітрука – настаўніка з вёскі Свядзіца.

 Самусь неяк збярог рацыю і распавёў аб падыходзе Чырвонай арміі. Адначасова было дадзена заданне аб выхадзе насустрач нашым войскам, праводзячы пры гэтым мабілізацыю ў вёсках і робячы дыверсіі на шляху адступаючых акупантаў.

 Качан з большай групай пайшоў на Ушачы, свядзіцкія з настаўнікам накіраваліся ў свае мясціны, у раён вёсак Свядзіца і Свяда. У групу Сучынскага і Чарнова трапілі трое партызанаў з вёскі Рудня, Муля – габрэй з Заходняй Беларусі, начальнік боезабеспячэння атрада Стрыжонак, жонка начальніка штаба Чарнова - Марыя Шуневіч з вёскі Валова Гара, і Колька – 12-гадовы сын Донькі Пшонкі з Рудні.

 Паколькі шлях групы ляжаў балотамі, давялося ўсе рэчы пакінуць на Паліку. Чарноў нават не ўзяў белага каня, з якім не разлучаўся ў самых крытычных варунках. У хуткім часе акружэнцы пусцілі жывёліну на харчаванне.

2. На выкананне задання

 На досвітку 7 чэрвеня ад Паліка ў бок домжарыцкіх балот пацягнуўся ланцужок з васьмі чалавек, калі не лічыць Кольку. Наперадзе ішоў Сучынскі з Пшонкам Мікітам, які лічыўся правадніком, бо трохі ведаў гэтыя мясціны, паколькі працаваў лесніком у запаведніку. Праз некалькі крокаў за імі ішлі Стрыжонак з Мулем, затым Максім Пшонка і Донька з сынам. Замыкалі ланцуг Чарноў з Марыяй.

 Праз паўгадзіны Чарноў дагнаў Сучынскага і, ідучы побач, сказаў:

 - Паслухай, камандзір! Можа спынімся на колькі хвілінаў, параімся, а то, чаго добрага, на засаду нарвёмся, Тым больш, што ў фрыцаў паветраная разведка хутка пачнецца.

 - Добра, Міша. Спыні Мікіту, а то ён у сваіх пасталах-скараходах заходае нас. А ўвогуле гадзіны са дзве можна смела рухацца, якраз да вострава дойдзем, а там і параімся. Зірні на карту. Якая там адлегласць да вострава?

 - Камандзір, - умяшаўся ў размову Мікіта. – Я тут быў разы са два і шлях добра ведаю, а да вострава за гадзіну дабяромся. З пасталоў жа не смейцеся, у ботах добра па грунтоўцы хадзіць, дык яны ў мяне за плячыма. А пасталы хоць адразу і прамоклі, але ўсё ж лягчэй за боты. Наперадзе ж столькі рэчак і балацявін, што не паспееш з ботаў ваду выліваць. Мне ж і выліваць не трэба.

 - Ну, хопіць рэкламы, - з усмешкай сказаў Сучынскі. – Мікіта і Максім – уперад. За імі – Донька з сынам, Міша з Марыяй, Стрыжонак з Мулем, я буду замыкаць. Дыстанцыя – не меней за пяць крокаў. Стрыжонак, а ты чым нагрузіўся?

 - Ды ў мяне, камандзір, інструмент. Яго я пакінуць не магу.

 - Муля! Будзеш часам дапамагаць Аляксандру, бо ў цябе апрача карабіна нічога не бачна.

 - Ёсць, – адгукнуўся Муля. – Поўныя кішэні ячменю.

 - А бохан хлеба? Ты што, згубіў?

 - Я аддаў параненым у шпіталі. Там мой зямляк быў.

 - Ну, што ж, будзеш жаваць ячмень.

 Але ў голасе камандзіра не было чуваць папроку.

 Праз гадзіну, калі ўжо добра развіднела, атрад выбіўся з балота на востраў, густа парослы па краях хмызняком, а далей – яловым гушчаром. Пад адной з ялін у добры мужчынскі абхват размясціліся стомленыя хадой партызаны.

 - Мальцы! Паўгадзіны на адпачынак і апошні перакур. Пасля сябе нічога не пакідаць, нават бычкі. А цяпер падлічым свае запасы, сказаў Сучынскі. - Чарноў! Займіся падлікам баявых сродкаў і харчавання. А дзе начальнік штаба?

 - А ён пачаў падлікі з Марусі, - усміхнуўся Мікіта.

 - Хопіць кпіць, пачнём з цябе.

 - У мяне стрэльба фрыцаўская і да яе восем патронаў. Бохан хлеба і ячмень.

 - І ўсё?

 - Не, яшчэ, як і дамовіліся, НЗ – “лімонка”. Боты ў мяшку за спіной.

 - Гэта мяне не цікавіць. Максім! У цябе што?

 - Стрэльба наша і да яе 10 патронаў. Хлеб, ячмень і НЗ.

 - Ну, у Мулі вядома што. Ты НЗ не згубіў і не падараваў земляку?

 - Не, усё на месцы. І дзве абоймы да карабіну.

 - Ну, дзе цябе носіць, Міша? Часу у нас не так і шмат. Працягвай падлік.

 - Так, у нас з табой два аўтаматы і да іх па два дыскі, два пісталеты з запаснымі абоймамі, дзве НЗ і адна процітанкавая граната. Два боханы хлеба, ячмень ды мяшок з сухарамі. У Марусі – пісталет з запасной абоймай, акраец хлеба і кайстра з медыкаментамі. У Донькі з сынам – стрэльба і да яе 10 патронаў, адна НЗ, адна ракетніца з дзвюма ракетамі, бохан хлеба і ячмень.

 Цяжэй за ўсіх было Стрыжонку, які, акрамя самаробнага аўтамату-кулямёту і двух дыскаў да яго, нёс мяшок з інструментамі, два боханы хлеба, на грудзях муліла “лімонка” – НЗ. Нікому даверыць зброю і інструменты не хацеў, дазваляў Мулю несці толькі харчы.

 Надвор’е не наладжвалася, імжыў дробны дожджык. Не надта хацелася выходзіць з-пад яліны, але час прыспешваў. Вопратка, пашытая з нямецкіх шынялёў, намокла, а ніжняя бялізна з парашутнага шоўку не грэла. Зноў жа - мокрыя ногі.

 - Так можна і гарачку схапіць альбо малярыю, - прашаптаў Муля.

 Чарноў папляскаў хлопца па плячы і прамовіў:

 - Там, Муля, на Паліку, пад пастаянным бамбаваннем, нашмат горш. Хадой сагрэемся, а ўначы падсушымся. А цяпер – узняліся, пастроіліся.

 Сучынскі абышоў маленькі строй, зазірнуў кожнаму ў вочы, спыніўся каля Марыі, якая сярод разнамаснага воінства мела больш прывабны выгляд: у чорнай плюшаўцы, чорнай спадніцы, кароткую стрыжку на галаве захінала шэрая шарсцяная хусцінка, ногі абутыя ў перашытыя афіцэрскія боты, праз плячо перакінутая кайстра з чырвоным крыжам.

 - Ну, як настрой, Маруся? Я бачу, ты нават не змокла, а то тут некаторыя скардзяцца на макроту ды баяцца захварэць.

 - Ды не, камандзір, з плюшаўкі сапраўды вада сцякае, але ўсё адно змокла, ды яшчэ боты велікаватыя. А балота я не баюся, усё жыццё па балоце цёпаем, а захварэць можна і на печы седзячы.

 - Чулі, што кажа жынчына? А вы - мужыкі, і павінны быць мацнейшымі. Яшчэ раз нагадваю аб тым, што ў бой нам увязвацца нельга, патронаў не хопіць і на гадзіну, НЗ – на самы крайні выпадак. Літасьці ад “камінаў” чакаць нельга, затое пакут болей. Менавіта за намі вядуць паляванне роты брыгады Камінскага. А цяпер – раздаць сухары і хлеб, снедаць будзем на хаду.

 І зноў атрад рушыў на ўсход. Ішлі пратаптанымі дзікімі жывёлінамі сцежкамі, пералазячы цераз дрэвы, паваленыя непагаддзю, прадзіраючыся скрозь густое дробналессе.

 А 10-й гадзіне выйшлі на ўскраек мохавага балота, парослага карлікавымі соснамі. Выходзіць з лесу, Сучынскі палічыў небяспечным, тым больш, што чуўся гул самалётаў. Калі на ўзлеску сабралася ўся група, паклікаў да сябе Чарнова, Стрыжонка і Мікіту.

 - Даставай, Міша, карту. Трэба параіцца наконт далейшага нашага руху, бо трэба нам як мага хутчэй дабрацца да месца дыслакацыі ды прыдумаць больш небяспечны маршрут.

 - Зараз, Грыша, яна ў санітарнай кайстры – баюся, каб не змокла. Маруся! Давай сюды кайстру.

 Жанчына борздка прынесла кайстру і, адкінуўшы верх, дастала загорнутую ў лашчоную паперу карту.

 Разгарнуўшы на каленях даволі пацёртую карту і прытрымліваючы адной рукой загнуты край, Сучынскі заціснутай у пальцах другой рукі чарацінай правёў тры нябачныя лініі.

 - Вось што, хлопцы, у нас тры шляхі, трэба выбіраць больш небяспечны. Першы – гэта ўздоўж Бярэзіны з выхадам на Рожна. Другі – уздоўж Вялікай ракі альбо Гурбы з выхадам на Цярэшкі. Трэці – па цэнтры ўздоўж безыменнай рачулкі. Уздоўж Бярэзіны давядзецца ісці больш па сухадоле, але там будуць невялікія вёскі і вялікая верагоднасць нарвацца на засаду. Другі маршрут больш доўгі, амаль у паўтара раза, і зноў жа - выхад на хутар Нешкава і вёску Цярэшкі. Не даю гарантыі, што там нас не чакаюць. Тым больш у Велеўшчыне, дзе быў нямецкі гарнізон. Трэці маршрут карацейшы, але больш давядзецца ісці па адкрытай мясцовасці – па мохавых балотах, дзе не схаваешся ад самалёта. Карлікавымі соснамі не захінешся, з самалёта ўсё бачна, кожная дробязь.

 Сучынскі ўзяў кубанку з чырвонай стужкай, пакруціў у руках і ціха дадаў:

 - Так, не цікавая перспектыва, але хто якую думку мае наконт гэтага? Мікіта!

 - А мне ўсё адно. Куды скажаш, камандзір, туды і павяду.

 - А ты, Аляксандр, што маўчыш?

 - Я фінскую кампанію прайшоў з пачатку і да канца. І калі не бачыў сам, дык чуў многае, што адбывалася на фронце. Былі выпадкі, калі адзін снайпер стрымліваў наступленне цэлай роты. Залезе на дрэва і выбівае байцоў. Альбо закапаецца ў снег у цёплым адзенні і з-пад густой ялінкі смаліць з аўтамата. Мяркую, трэці варыянт болей падыходзіць. Глядзіце, які глыбокі мох, амаль па калена хавае ногі, і, калі своечасова ўпасці з адваротнага боку кургана ды захінуць галаву чымсьці падобным на мох альбо сасну, магчыма, з самалёта і не заўважаць.

 - Думка слушная, - пахваліў Сучынскі. – А ты што думаеш, начштабу?

 - Давядзецца прымаць трэці варыянт. Нізкая хмарнасць, ды самалёты больш над ляснымі масівамі лятаюць. Да таго ж, хто можа падумаць, што па голай мясцовасці хтосьці пойдзе. Трэба пакеміць над маскіроўкай.

 Сучынскі зірнуў у бок Стрыжонка.

 - Аляксандр, што ў цябе ёсць з інструменту?

 - Ёсць малаток, сякера і пілка па жалезе.

 - Пілка не спатрэбіцца, а вось сякеру даставай. Міша! Кліч астатніх і распавядзі, што трэба рабіць.

 Чарноў моўчкі ўзняўся з кургана і махнуў рукой, запрашаючы да сябе астатніх партызанаў:

 - Пойдзем напрасткі ў бок Домжарыцаў. Але, каб нас не ўбачылі з самалёта, для маскіроўкі трэба высекчы вялікія лапкі з ялін альбо сосен. Рабіць маскіроўку трэба як мага хутчэй. Стрыжонак! Бяры сякеру і з дапамогай Донькі, Максіма і Мікіты нарыхтуй восем, не, дзевяць маскіровак, ды праверце, як гэта будзе працаваць.

 Нарыхтоўшчыкі, параіўшыся між сабой, вырашылі не выкарыстоўваць яловыя лапкі. Цёмныя, яны не дапасуюцца да светлага моху і светла-зялёных сасновых галінаў. Вырашылі нарыхтаваць сасновых лапак. Выбіраючы больш густыя галіны, хутка сабралі тры бярэмкі.

 - І што мы будзем рабіць з гэтай зялёнкай, бо пад такой драбніцай і галаву не схаваеш, не тое, што замаскіруешся, - выказаў сумнеў Донька.

 Стрыжонак моўчкі выцягнуў з кішэні скрутак шоўкавых нітак з парашутных стропаў, выбраў некалькі галінак і звязаў паміж сабой. Затым, трымаючы звязку перад сабой, падыйшоў да невысокага кургана і хуценька лёг плячыма на мох.

 - Хлопцы! Адыдзіце крокаў на 20 і паглядзіце.

 - Калі тыя вярнуліся назад, спытаў:

 - Ну, што, бачна чалавека?

 - Не, толькі ногі бачныя. Але, не ведаючы, не зразумееш, што там, - сказаў Донька.

 - Тады давайце хуценька вязаць.

 Праз паўгадзіны дзевяць прымітыўных маскіровак былі звязаныя і перанесеныя да агульнага прыпынку, дзе іх чакалі астатнія партызаны.

 Чарноў зірнуў на бярэмак звязаных лапак і ціха, быццам самому сабе, прамармытаў:

 - Гук самалёта далятае хвілінаў за пяць да яго з’яўлення над галавой. Трэба маскіравацца за дзве-тры хвіліны. Аляксандр! Дэманструй на хуткасць маскіроўку.

 Стрыжонак падняў адну з вязак і, як толькі Чарноў узмахнуў рукой, апусціў маскіроўку амаль да долу, затым кульнуўся плячамі на мох, захінаючы галінкамі ўсю постаць.

 - За адну хвіліну ўправіўся, - пахваліў Чарноў. – Навука не складаная. Але трэба кожнаму паспрабаваць.

 Меней як за паўгадзіны “навука” была засвоеная, і атрад зноў рушыў на ўскод, трымаючы пад пахамі маскіроўкі.

3. Балотная адысея

 

 Цяпер паперадзе ішлі Сучынскі і Мікіта, затым Стрыжонак з Мулем, Донька з сынам, Максім, і замыкалі ланцужок Чарноў з Марыяй.

 - Паслухай, Мікіта, як доўга нам дабірацца да Вялікай ракі? – спытаў Сучынскі.

 - Ды яна толькі называецца Вялікай, а на самой справе ў вярхоўі можна пераскочыць. Пойдзем да таго месца, дзе Гурба ўліваецца ў Вялікую раку. Топаць нам давядзецца каля гадзіны, а то і больш. Балотам марудна прасоўвацца. Я і сам толькі адзін раз тут праходзіў, да таго ж гэта было ўзімку. Кладкі былі перакінутыя. Цяпер можа вада іх знесла. Уброд пярэйдзем, усё адно мокрыя.

 Праз паўгадзіны Сучынскі спыніўся.

 - Мікіта! Пачакаем астатніх. Трэба параіцца.

 І, калі падыйшоў Чарноў, запрасіў яго да сябе на балотны курган, астатнім загадаўшы зрабіць прыпынак і палуднаваць.

 - Міша, прайшлі паўтары гадзіны. Павернем на поўнач і пярэйдзем Гурбу, затым Вялікую раку, магчыма ўброд. Потым, як і дамовіліся, выйдзем да ручая без назвы і ўздоўж яго – да пераходу ў домжарыцкія балоты. Было б добра да цемры выйсці на сухадол. Давай падсілкуемся і трошкі адпачнём.

 - Не, Грыша. Калі толькі хвілінаў 20.

 А з усходу пачуўся спачатку ціхі, затым усё больш моцны гул многіх матораў, і адна хваля, потым другая чырвоназорных летакоў паляцела на захад. У хуткім часе данесліся глухія выбухі.

 - Напэўна, масты на Бярэзіне і Бузянцы бамбяць, а можа фрыцаў, што адступаюць, - бы разважаючы, прамовіў Сучынскі. – Гэта ім не 41-ы год. Але давайце збірацца.

 І зноў атрад рушыў на паўночны усход. Праз гадзіну падыйшлі да балотнай рэчкі, шырынёй каля чатырох метраў.

 - Гэта Гурба, - сказаў Чарноў. Стрыжонак! Давай сякеру, будзем рабіць кладку. Мікіта! Прыкінь, дзе не так шырока і глыбока. Донька і Максім, дапамажыце падрыхтаваць калы і ссячыце тры самыя высокія хвоі.

 Хутка Пшонкі прыцягнулі тры хлысты і штосьці накшталт калоў з тонкіх хваінаў. Хлысты перакінулі на іншы бераг, куды паказаў Мікіта. Затым, абапіраючыся на калы, першымі перайшлі Донька з Колькам і Максім. Ствалы прагіналіся, але аднаго чалавека вытрымлівалі. Далей справа пайшла лягчэй, бо з іншага боку падавалі для падтрымкі калы.

 - Уброд не змаглі б перайсці, - сказаў Чарноў. – Больш за тры метры калы, а на палову залазяць у багну. Вось табе і ручаіна! Адкладваць няма калі, трэба спяшацца.

 Не спыняючыся на адпачынак, на хаду перажоўваючы ячмень ды хапаючы з купін леташнія журавіны, падыйшлі да Вялікай ракі, як выдалася – не меншай за Гурбу, толькі з больш забалочанымі берагамі. Паблізу раслі карлікавыя сосны, якія не маглі паслужыць будаўніцтву пераправы. Пашанцавала Мікіту. Прайшоўшы метраў сто ўніз па рацэ, заўважыў напаўзатоплены човен, выдзеўбаны з тоўстай яліны. Агульнымі намаганнямі вылілі ваду і развярнулі дубіцу ўпоперак ракі. Але даўжыні не хапала.

 - Мальцы! – скамандаваў Чарноў. – Я і Мікіта трымаем човен, астатнія пераходзяць па адным. Трымайцеся за барты, бо дужа слізкае дно чаўна.

 Першымі на супрацьлеглы бераг перабраліся Донька з сынам. Бацька, стоячы амаль па пояс у вадзе, трымаў човен. Чарноў узяў Марыю за руку і, дапамагаючы залезці ў дубіцу, папярэдзіў:

 - Кайстру нельга мачыць, будзь асцярожная. Трымайся рукамі за барты, бо слізка.

 Апошнім перайшоў Сучынскі. Плынь павярнула човен уздоўж ракі, але на беразе яго моцна трымалі.

 - Ну, што, мальцы, падзякуем чалавеку, што выдзеўб гэтую дубіцу, і няхай яна дапаможа іншым, бы нам. Усцягніце на бераг. А цяпер, Мікіта, зразаем вугал і – наперад. Да цемры трэба выйсці на ўскраек лесу.

 Той узлесак чорнай палосай віднеўся на самым небакраі.

 - Мікіта! І як далёка да цвёрдага долу? – спытаў Сучынскі правадніка. – Гэты мох ужо надакучыў. Да канца жыцця бы дурны сон буду памятаць. Вядома, калі дажыву.

 - Дажывём, камандзір. А мох з балотам можа ў прыродзе і добрую ролю адыгрываюць. Чалавек да ўсяго прызвычаіцца. І тут на астравах людзі жылі, выкупілі балотныя ўзвышшы за капейкі з пачатку веку і прыжыліся. Прозвішчамі тых і цяпер гэтыя астравы называюць: Філімонавы, Кубскае, Старобіна, Нешкава, Траян, Віленка, Будрэвічыха, Маліноўшчына, ды ўсіх і не ўзгадаеш. Цяжка працавалі ўсёй сям’ёй: раскарчоўвалі, капалі канавы, масцілі грэблі і масты, будавалі сядзібы. Людзі бачылі перспектыву, а без яе жыццё не мае сэнсу, таму і співаюцца людзі, і лянуюцца працаваць. А засталося нам, камандзір, каля пяці кіламетраў. Па добрай дарозе за гадзіну адужалі б, а па балоце можа за паўтары ўправімся.

 - Прыпыніся, Мікіта, няхай усе падыдуць. Ты толькі, філосаф, пра перспектыву нікому не кажы, а то прышыюць палітыку ды яшчэ прыгадаюць, як у 41-м са стрэльбай па вёсцы хадзілі ды пяршак у кабет выпрошвалі.

 - Ды я што, проста да слова прыйшлося. А ў стрэльбе той баёк спілавалі ды па чарзе хадзілі. Вунь у Барсуках па чарзе старастамі былі, кожны мужчына па тыдні абавязалаўку адбываў, нават падлеткі ў чыне хадзілі. Немцы прыедуць – стараста ёсць, парадак, значыць. Партызаны прыйдуць – караць усю вёску зноў жа не будуць. Хітравалі, як маглі. Так і жылі, пакуль партызаны ў 42-м масава не з’явіліся, і не пачалася мабілізацыя.

 - Голь да выдумак хітрая, - прамовіў Сучынскі. – Чаго так расцягнуліся? Баяцца нечага, у гэты час рама не паляціць, а нам да цемры трэба выйсці з гэтага балота на сухое месца. Маруся, ты што возішся з Мулем?

 - Малярыя ў яго. Магчыма, камар укусіў, а можа ў земляка інфекцыю падхапіў. Гарачка ў яго, мабыць за 40, і вусны пасінелі, калоціцца ўвесь. Хінін спрабавала даць, не хоча, горкі, кажа.

 - Муля, жыць хочаш?

 - Ага, я апошні ў сям’і, маці слова даў, што выжыву.

 - Тады глытай пілюлю. Стрыжонак, дай вады запіць. Міша! Сабрацца ўсім і не выкідваць маскіровак, яны нам могуць спатрэбіцца. Максім! Дапамажы Мулю. Выйдзем з балота, будзем сушыцца і сагрэемся.

 Блізкі адпачынак падбадзёрыў людзей, і ўжо густым ланцужком паспяшаліся ўсе да бачнага пад небакраем лесу. Нават хворы Муля не адставаў, абапіраючыся на плячо Максіма. Пасля гадзіны хады ўжо можна было бачыць высокія хваіны, што сцяной захіналі небакрай. Апошні раз выбліснула скрозь аблокі сонца, і насунуўся вечаровы змрок.

 Апошнія метры даваліся даволі цяжка. Але праз 20 хвіляў партызаны выйшлі на сухое месца, густа парослае дробналессем, і, бы падкошаныя, паваліліся на цёмна-зялёны востраўны мох, усцелены чарнічнікам з яшчэ не паспелымі ягадамі.

 Хвілінаў праз дзесяць устаў Чарноў і, падышоўшы да Сучынскага, сказаў:

 - Грыша, як ні стаміліся, але трэба ўзнімацца.

 Убачыўшы Колькавы босыя ногі, пажартаваў:

 - Трывалыя бацькавы боты не знасіліся і не парваліся?

 - Не, я ўсё лета босы бегаю, у нас усе босыя ходзяць, толькі да зімы абутак ладкуем: лапці, пасталы. І толькі па святах маці чаравікі дае абуваць.

 - А вогнішча распаліць зможаш?

 - Змагу з адной запалкі.

 - З адной? Не паверу. Можаш паспрабаваць. Пойдзем глыбей у лес, каб не было бачна святла.

 - Дзядзька Міша, а стрэльнуць дасі з нагана?

 - Вядома, дам, толькі не зараз.

 Адышоўшы за высокі вывернуты корч, Чарноў дастаў бляшанку з запалкамі. У гэты час Колька прынёс кару яліны з пацёкамі смалы і жменю сухіх яловых іголак. Атрымаўшы запалку, зняў шапку і доўга цёр серу аб валасы. Узяўшы пададзеную пушку, хуценька чыркнуў аб яе запалкай, і, як толькі з’явілася полымя, паднёс да смалістай кары. Хутка агонь ахапіў усю карыну, а затым і сухія іголкі з галінкамі. Праз некалькі хвілінаў да агню падышлі з сушняком астатнія партызаны. Запалілі другое вогнішча і, трымаючы на бяспечнай адлегласці верхнюю вопратку, сушылі на сабе ніжнюю, паварочваючыся да цяпла рознымі бакамі.

 Амаль да поўначы правазіліся з сушкай адзення і памалу, наламаўшы галля і яловых лапак, паснулі.

 Не спалася Марыі. Думкі, успаміны агортвалі жанчыну з усіх бакоў. Не так, як трэба, дзеецца ў свеце, адтуль усё не так і ў жыцці кожнага чалавека. Але ж раней, да вайны, хоць і цяжка жылося, аднак ёсць аб чым узгадаць: і мары былі чыстыя, і будучыню светлую бачылі, нават вялікія непрыемнасці ў той час у параўнанні з вайной здаюцца маленькімі дробязямі.

 Вось такім чэрвеньскім пахмурным ранкам гналі невялікі статак кароў са сваёй стрыечнай сястрой Франяй. Дзеўкі адбывалі чаргу па выпасе ўласнай жывёлы. У вёсцы гэта называлі “адбываць радоўку”. Пастуха наймаць не было за што, тым больш, што аднаму справіцца са статкам у два дзесяткі галоў было цяжкавата, асабліва ў летнюю спёку, калі авадні і сляпні так дапякалі кароў, што тыя беглі, задраўшы хвасты, куды вочы глядзяць. Да таго ж, наўкола калгасныя пасевы і сенажаці. Таму пасвіць кароў лічылася ці не самай цяжкой працай, і тут патрэбная была вялікая ўважлівасць і моцныя маладыя ногі.

 …І пайшоў дробны дожджык, таму галовы і плечы дзевак захіналі льняныя мяшкі з увагнутым унутр вуглом.

 - Маня, дык куды пагонім кароў? – пытаецца Франя. - Можа на Зінькевічава ляда?

 - Ды куды заўгодна, абы далей ад калгасных пасеваў, бо, не дай бог, залезе якая ў шкоду, тады бяды не абярэшся. Няхай па дамбе ідуць. Ты, Франуська, глядзі ад канавы, а я – ад калгаснага поплаву.

  - Маня, тут бегаць шмат трэба, а я ўчора нагу пракалола на скапач.

 - А ты не бегай, сястрыца, без патрэбы, глядзі толькі, каб плюшчэўніку не наеліся. Тут адхоны высокія, у канаву не палезуць.

 Дожджык не спыняўся, але каровы пасля начнога адпачынку старанна пасвіліся, тым больш, што не даймала заедзь, і пастушкі, прысеўшы на край дамбы, вялі паміж сабой спакойную гутарку.

 - Маня, а што такое прынцэса? Гэта прыгажуня, а ці штосьці горшае?

 - Ну, што ты, Франуська, прынцэса – гэта дачка караля і, вядома, у казках і паданнях яна была прыгажуняй і чакала свайго прынца на белым кані. Але, бывае, калі хочуць абразіць кагосьці ці зайздросцяць каму, дык могуць так назваць. А ты чаго пытаешся? Можа, які кавалер цябе так назваў?

 - Не, сястрыца, гэта цябе Гялена так называла. Казала: гэта ж трэба, прынцэса галовы мальцам тлуміць, а сама ў дзеўках засядзелася, дабраць сабе прынца не можа.Але ж не была б тая шляхцянка: па вуліцы басанож ідзе, а шклянка з галавы не зваліцца, ды з кожным прывітаецца з усмешкай.

 - Слухай, Франуська, больш старым рабіць няма чаго, дык языкамі перамываюць костачкі кожнага. А мой час прыдзе. Ніхто, як бачыш, не застаецца ў адзіноце. У мяне мара вучыцца, але ж, як даведку з калгасу атрымаць? Кажуць, што ёсць школы, дзе спевам вучаць. Але гэта толькі мара. А замуж выйсці яшчэ паспею, не пераростак, ды і няма за каго. Мне ж хочацца сапраўднага кахання аднойчы і назаўсёды.

 - А мне, Маня, Сідзячок кветкі падараваў. А дзядзька Юзік дык маме сказаў, каб звярнула ўвагу на Яську Казлоўскага, хлопец шляхетны і пры партфелі. Я ж не ведаю, хто мне даспадобы, ды і маці кажа, што не трэба спяшацца хамут на шыю насоўваць, стукне 18, тады і будзем думаць.Браты разбегліся, Бронічка яшчэ малы, а Юзік егерам працуе, дык дома рэдка бачым яго.

 - Маці ў цябе, Франуська, мудрая жанчына. Шкада дзядзьку Адольку, у 38 год памёр. Дый наш бацька хварэе на рамантус – хвароба ўсіх леснікоў, бо ўвесь час на балотах, у сырасці.

 - Сапраўды, Маня, маці чытае кніжку на польскай мове, дык там напісана, што хутка вайна будзе паміж казлом і баранам, пішуць, што баран казла ў мора скіне. А вось хто баран, а хто казёл, не пішуць.

 - Франуська, ты глядзі, нікому аб гэтым не кажы, не дай бог, хтосьці з актывістаў ці камсамольцаў пачуе, падвядзем і маці, і братоў. Лепш пагутарым аб чымсьці іншым.

 - А ты, Маня, праспявай аб чым-небудзь, лепш пра каханне. Мне вельмі падабаюцца такія песні.

 Дзеўкі спынілі размову, сцішыліся. Франуська чакала пачуць песню, а Марыя разважала, якую праспяваць, глядзела кудысьці далёка, падстаўляючы твар пад дробныя кроплі дажджу. Затым ціхім голасам, амаль шэптам, бы ўгаворваючы суразмоўцу, пачала свой спеўны аповяд:

 - Паслухайце, дзеўкі, паслухайце ўсе: каханнем не займайцеся – яно бяду нясе…

 Голас выканаўцы стаў больш моцны, у яго дадаліся ноткі трагізму, калі пачаўся расповяд пра лёс двох закаханых людзей. Ядзі - год 17, Міколу – 25, бацькі не дазвалялі дзеўку замуж браць. Не пайшлі маладзёны супраць волі бацькоў, а вырашылі скончыць жыццё самагубствам. Пайшлі ў чыстае поле, дзе развіталіся адзін з другім і з жыццём. І цыдулку напісалі, каб іх разам пахавалі. Так маладзенькая пара з кахання памерла. Шырокая магіла травою зарасла.

 Імжыў нудлівы дождж. Наўзрыд плакала Франуська. А Маня суцяшала дзяўчыну:

 - Гэта ж толькі песня, а на самой справе такога і не было.

 - Не, Маня, не скажы, напэўна, было, бо ты бачыла на могілках пліту гранітную, на ёй напісана: Ядзвіга, а далей літары сцёртыя, напэўна, там было імя: Мікола.

 - Не выдумляй, Франуська, лепш пайшлі ўзнімаць статак на паўдзён, а то ляглі кароўкі адпачываць. Няхай у хлявах адпачываюць, там іх і падояць…

 “Як жа даўно гэта было, а прайшло ўсяго шэсць год, здаецца ж, што вечнасць, - вярталася ў рэчаіснасць Марыя. - Знайшла Франуся свайго Яську. Я кахання дачакалася, толькі не ў добры час. Наша сям’я бацьку пахавала. Загінуў Антось. Невядома, што са Стасем. Не лепш і ў Франусі: двох братоў, Ваціка і Бронічку, пахавала. Невядома, што з Баранасёвай сям’ёй і самой цёткай Анэтай. Шкада Бронічку, у 17 год загінуць, як жа цяжка было малому ў такім узросце паміраць. А можа ўсё, што здарылася, толькі сон?”

 Лезуць думкі адна за другой, але стомленасць усё ж перамагае, і Марыя быццам правальваецца ў чорную яміну…

1983 - 2017.

Працяг глядзець тут.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора




 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение