10 мая 2017 в 21:53 — 4 года назад

2) ХРОНІКА ЧАТЫРОХ ДЗЁН ПАРТЫЗАНСКАГА ЖЫЦЦЯ КАНЦА ВАЙНЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 11, всего: 1406

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 У дакументальна-мастацкай аповесці распавядаецца пра поўнае нечаканасцяў небяспечнае блуканне групы партызанаў па Домжарыцкім балоце дзеля выканання задання камбрыга выйсці насустрач Чырвонай арміі пры яе ўступленні на Лепельшчыну. Праз увесь твор праходзіць вобраз незаслужана забытай, а таму дагэтуль невядомай жыхаркі вёскі Валова Гара Марыі Міхайлаўны Шуневіч, партызанкі атраду №3 брыгады імя Сталіна, які дыслакаваўся ў ваколіцах Бярэзінскага каналу. Прозвішчы і падзеі сапраўдныя.

 Працяг. Пачатак глядзець тут.

4. Твань без канца і краю

 

 На золку Марыя разбудзіла Чарнова і ціха спытала:

 - Міша, учора дамаўляліся раней падняцца, можа час будзіць мальцаў?

 Чарноў падышоў да Сучынскага, пакратаў за плячо і, калі той расплюшчыў вочы, ціха сказаў:

 - Грыша, трэба хуценька прачынацца, паснедаць і – у дарогу. А ўвогуле, на мой погляд, мы надта бяспечна сябе трымаем. Трэба папярэдзіць хлопцаў ды выстаўляць вартавых, гэтая частка шляху ці не самая небяспечная.

 - Не хвалюйся, Міша, Мікіта кажа, што тут кіламетраў з пяць лес і няма дарог, а фрыцы не надта ўначы палезуць у гушчар, тым больш у балота.

 Паснедаўшы сухарамі, размочанымі вадой з-пад вываратня ды ўзяўшы ў рукі па лусце хлеба, рушылі ў дарогу. Ужо на хаду Марыя прымусіла Мулю праглынуць хінін, хоць гарачка ў хлопца не адчувалася.

 - Міша, - звярнуўся да Чарнова Сучынскі. – Давай памяркуем, дзе нам лепш прайсці да Лявонавых хутароў. А можа, як і ўчора, выйсці на домжарыцкія балоты? Мікіта і Аляксандр! Падыдзіце, спынімся на хвілінку. Міша, давай карту, Маруся – кайстру.

 Марыя хуценька дастала карту. Чарноў разгарнуў яе і абвясціў:

 - Злева ў нас рака Сергуч і Сергуцкі канал, далей – возера Домжарыцкае. Справа – дарога і грэбля на Лявонавы хутары. Калі глядзець па карце, то скрозь балота бліжэй удвая. Калі ніхто не перашкодзіць, каля Барсукоў будзем апоўдні. Па астравах не дойдзем і да вечару. Ну, дык што? Зноў рызыкнем?

 - А рызыка сёння ўсюды. Па сухадоле, думаю, не менш рызыкоўна, - ціха прамовіў Стрыжонак.

 - А што лясны чалавек скажа? – звярнуўся Чарноў да Мікіты.

 - Мне дык абы меней таптаць лапці. Праціснемся паміж возерам і хутарамі.  А хавацца ад рамы мы навучаныя: навошта ж тады цягаем бярэмкі маскіровак?

 - Дамовіліся, - заключыў Сучынскі. – Наперад! Мікіта - на дзесяць крокаў паперадзе. І будзь дужа ўважлівы, тут павінна быць нейкая дарога. Як толькі пачуеш небяспеку, узнімі ўгору руку і валіся. Астатнія – усю ўвагу на мяне. Я валюся – і вы валіцеся без лішяга шуму. А цяпер – ніводнага гуку. Сувязь – толькі знакамі. Да ўсходу сонца трэба перабрацца на балота.

 Моўчкі пацягнуўся атрад на ўсход і хвілінаў праз 20 Мікіта спыніўся і падняў руку, але не стаў валіцца, а асцярожна пераходзячы ад дрэва да дрэва, пакрочыў далей, затым узмахам рукі паклікаў Сучынскага.

 - Во, камандзір, бачыш, дарога - не дарога, але калісьці тут ездзілі падводы. Самае цікавае тое, што сёння раніцай тут прайшло шмат людзей. Толькі гэта не немцы – курылі на хаду. Бачыш, самакрутка? Можа, нашыя. Мох яшчэ не ўзняўся са слядоў, і кроплі вільгаці з травы збітыя. Пайшлі ў бок Сергуча, на Домжарыцы. Сляды ад ботаў.

 Сучынскі разгарнуў знойдзены недакурак.

 - Вось так, Мікіта, нямецкая газета. Ніколі б не падумаў, што сваіх суайчыннікаў баяцца давядзецца. Камінцы гэта, з брыгады Камінскага. Ледзь не сустрэліся. Немцы так рана не ходзяць, любяць паспаць дый самакрутак не круцяць. А гэтыя гады выслужваюцца.

 Запрашальным рухам рукі паклікаў астатніх. Амаль бягом перабеглі дарогу і зніклі сярод высокіх ялін і хваёвага дробналесся, накіроўваючыся на ўсход. Праз паўгадзіны Сучынскі ўзняў руку, і ўсе спыніліся. Вярнуўся і Мікіта. Чарноў разгарнуў карту.

 - Вось што, хлопцы. Хоць гэтая карта і зробленая для шпіёнаў, але, на мой погляд, трэба нам павяртаць на поўнач і мы павінны выйсці да возера. Мікіта, пойдзем па ўскрайку балота. Не выходзячы на прыазёрны поплаў, спынімся, каб агледзецца.

 - Міша, я – з Мікітам, ты – з астатнімі. І не адставаць, - скамандаваў Сучынскі. – Прашу нічога не губляць. Дыстанцыя паміж намі – крокаў 40.

 Ужо добра развіднела. На ўсходзе выбліснулі сонечныя промні, але з поўдня рухаліся шэрыя хмары, і хутка неба зноў зацягнулася імі. Заімжыў дробны дожджык.

- Закон подласці, - прабурчаў Донька. – Толькі высахлі, і на табе – зноў мокнем.

- Як мовіць, але ж і немцу не надта прыемна быць пад дажджом, таму не так небяспечна для нас прашмыгнуць на балота, - прамовіў Стрыжонак.

 І сапраўды без прыгод па балотным дробналессі абагнулі возера і выйшлі да дарогі, што вяла на Ніўкі і шашу Мінск - Віцебск. Спыніліся на ўскрайку сухадолу, парослым лазовым хмызам. Падышлі Сучынскі і Мікіта. Сучынскі сказаў:

 - Мальцы! Трэба спачатку разведаць, а затым усім лезці на дарогу. На маю думку, немцы яе павінны вельмі пільна ахоўваць. Гэта шлях з усяго лесу і балотнага масіву. Тут можна такую загародку забяспечыць, што і камар не праляціць. У разведку пойдзе начальнік штабу і Мікіта.

 Чарноў выцягнуў карту з-рад кіцелю, паклаў у санітарную кайстру Марыі і, перакінуўшы праз плячо аутамат, разам з Мікітам пакрочыў да цэнтра лясной палосы, што аддзяляла прыазёрныя балоты ад цэнтральнага Домжарыцкага балота.

 Прайшло больш за паўгадзіны, а разведка не вярталася, аднак у баку дарогі ўсё было ціха. Пакрысе непакой усё болей агортваў Сучынскага. Трывога была і на тварах партызанаў. Марыя ўзнялася і падышла да камандзіра.

 - Грыша, што магло здарыцца? Чаму Міша не вярнуўся да гэтага часу?

 - Ну, што ты, маладзіца, хвалюешся, упершыню ці што? Міша ведае, што рабіць. Набярыцеся трывання і не хвалюйцеся, - адказаў Сучынскі.

 Дзесьці непадалёк рэзка крыкнула сойка. Сучынскі схапіўся за аўтамат. Астатнія таксама трымалі напагатове зброю. Паміж дрэў з’явілася постаць Мікіты.

 - Ну, чаго навожыліся? Чыста на дарозе. Мы ў абодва бакі па кіламетру прайшлі і нічога не заўважылі. Начальнік штабу чакае на дарозе на ўсялякі выпадак. Сказаў, каб хутка ішлі і слядоў на дарозе не пакідалі. Тут не надта блізка, але па сухім ісці лёгка.

 - Мальцы! Бягом цераз дарогу ў розных месцах і на пясок не наступаць! Назірайце за мной і не адставаць, - загадаў Сучынскі.

 Не бягом, але хуткім крокам атрад рушыў на вялікай адлегласці за Сучынскім і Мікітам. Каля крутога павароту дарогі з невялікім трафейным біноклем у руках партызанаў чакаў Чарноў і, убачыўшы сваіх, паказаў далоняй у левы бок. Хутка перабеглі дарогу і спыніліся ў прыбалотным гушчары. Каля дарогі застаўся Мікіта.

 - Камандзір! Трэба параіцца, - звярнуўся да Сучынскага Чарноў. – Калі вельмі асцярожна рухацца, мы зможам каля кіламетра прайсці паўз шашу і тады, павярнуўшы ўскос ёй, пройдзем паміж Кубскім і трыма астравамі, гэта каля двух кіламетраў і кіламетра з паўтара ад шашы. Ісці давядзецца па мохавым балоце, але, як кажа Мікіта, не такім цяжкім, бы Палікоўскае. Рызыка ёсць, аднак выгадаем гадзіны са дзве, а то і больш, да таго ж людзі стаміліся, ледзь ногі цягнуць. Мы з Мікітам – уздоўж дарогі, а вы – глыбей і па ўскрайку лесу, у бок Нівак. Лічыце каля кіламетра, а мы вас сустрэнем, як толькі выйдзеце да балота. Арыенцір – невялікі востраў з высокімі ялінамі.

 Без шуму падняліся партызаны і рушылі ў паўночным накірунку. Уздоўж дарогі ішлі Чарноў і Мікіта, пільна ўглядаючыся ў прагалы між высокіх соснаў.

 - Тут недалёка павінна быць грэбля і ручай, - ціха сказаў Мікіта.

 І сапраўды лясны масіў звузіўся і абарваўся, адкрыўшы балотную чысцявіну з высокімі курганамі, парослымі маладым алешнікам і лазой.

 - Вось гэта і ёсць ручай, - прашаптаў Мікіта. – Вада паміж курганоў цячэ пад дарогу і ў Бузянку. За грэбляй чысты бор аж да самых Нівак.

 - Тады паварочваем направа і чакаем сваіх, - прамовіў Чарноў. – А то яшчэ палезуць у балота.

 Чакаць на ўскрайку балота давялося нядоўга. Між дробналесся з’явіўся Сучынскі з Мікітам, затым астатнія. Чарноў падняўся насустрач і, наблізіўшыся да Сучынскага, сказаў:

 - Грыша, вось наш шлях: каля гэтага вострава і да таго ледзь бачнага лесу. Гэта каля двух кіламетраў, як кажуць, з гакам. Думаю, што за гадзіну пройдзем.

 - Хрысціся, Міша, гэта ж амаль чыстае поле. Ад рамы не ўратуешся. Не дай бог, хто спалохаецца і дэмаскіруецца.

 - А мы папярэдзім усіх, - вырашыў Чарноў і, падышоўшы да партызанаў, сказаў: - Мальцы, ад кожнага з вас залежыць жыццё ўсіх, таму трэба ўважліва сачыць за камандзірам, на хаду падрамантаваць маскіроўкі і ісці як мага хутчэй.

 І зноў атрад пасунуўся ў балота, цобаючыся па калена ў даволі сцюдзёнай вадзе і мінаючы востраў з высокімі ялінамі, за вострыя вяршыні якіх як бы чапляліся нізкія воблакі. Нарэшце выйшлі на мохавае балота, дзе вады было меней, але ісці стала цяжэй, бо ногі вязлі ў глыбокім мосе. Даводзілася абмінаць даволі густы карлікавы хвойнік. Лясны бераг з высокімі соснамі і востраў з яшчэ вышэйшымі ялінамі прыкметна аддаляліся.

 Калі ўсе перасталі непакоіцца, з захаду пачуўся звонкі гул “рамы”. Сучынскі пвдняў угору руку і ўжо гучна крыкнуў:

 - Кладзіцеся!

 Адначасова з ім заваліўся Мікіта, нацягваючы на сябе маскіроўку і лаючы “чортаву драбіну”, з-за якой усё пуза змокла, і размок у кішэнях ячмень.

5. З вады – у ваду

 

 Гул “рамы” аддаліўся на ўсход, а з поўначы, ад шашы, выразна данёсся рокат аўтамабільных рухавікоў.

 - Хутка павінна быць візіра, там ад самай шашы праглядаецца балота, - сказаў Мікіта. – Незаўваўжанымі перайсці немагчыма, нават на адлегласці ў паўтара кіламетра ад шашы, тым больш, калі глядзець у бінокль.

 - Якая шырыня той візіры? – спытаў Чарноў Мікіту.

 - Ну, можа метраў 10 – 15.

 - Тады папаўзём на жыватах, - вырашыў Сучынскі. Трошкі, мальцы, пабудзем пластунамі. Вось так.

 Сучынскі накінуў на спіну маскіроўку і прапоўз некалькі метраў, трымаючы аўтамат і планшэт на шыі.

 - Рана не ўзнімацца, лепш глыбей запаўзці ў хвойнік. Усім зразумела?

 - Навука невялікая, - прабурчаў Максім. – ты, Донька, за мальцам глядзі, каб раней часу не ўскочыў. Усё ж дзіця.

 - Каб хутчэй перапаўзці, разыдземся фронтам, - сказаў Сучынскі. – Чарноў і Мікіта – уперадзе. Вельмі асцярожна, мальцы.

 Хвойнік стаў радзець. Былі добра бачныя постаці дазорных. Хвілінаў праз 10 Чарноў узняў руку. Усе спыніліся. Некалькі хвіляў начшатабу праз бінокль углядаўся ў накірунку шашы, затым зрабіў запрашальны рух рукой. Партызаны, прыгінаючыся, выйшлі на ўскрай візіры і, накінуўшы маскіроўкі на плечы, паціхеньку папаўзлі ўпоперак прагалу, абгінаючы мохавыя купіны, густа парослыя журавіннікам, і толькі ў хвойніку на супрацьлеглым баку візіры пачалі ўставаць.

 - Мальцы! Хуценька абтрасайцеся і як мага хутчэй – з гэтага небяспечнага месца, - напаўголаса загадаў Сучынскі.

 - Камандзір, павернем у бок трох астравоў, а то Кубскі востраў надта блізка - там абавязкова я зрабіў бы засаду, - перасцярог Мікіта. - Толькі б драбіна не наляцела, бо давядзецца перапаўзаць цераз зімнік, а ён значна шырэйшы.

 - Ціпун табе, Мікіта, на язык, яшчэ наклічаш бяду, - прабурчаў Максім.

 І як бы ў пацвярджэнне горшага ўжо з усходу пачуўся знаёмы гул “рамы”. Чарноў узняў руку і заваліўся ў мокры мох, нацягнуўшы на сябе маскіроўку. Астатнія замаскаваліся без загаду.

 Наперадзе глуха рвануў выбух, здрыгнулася балота, з соснаў пасыпаліся сухія іголкі і цэлыя лапкі, зрэзаныя асколкамі. Калі гул аддаліўся, да Чарнова падышоў Сучынскі.

 - Ну, Міша, такое адчуванне, што я зусім распрануты, безабаронны. Нічым яе не возьмеш, ніз бранаваны, толькі з ПТРа. Во, гадзіна, вярнулася назад тым самым маршрутам.

 Падышлі астатнія партызаны.

 - Пойдзем на месца выбуху, можа каго з нашых накрыла, можа дапамога каму патрэбная, - прыняў рашэнне Сучынскі.

 Першымі да месца выбуху падышлі Мікіта з Чарновым. Чарноў павярнуўся да падыходзячых партызанаў і падняў рукі. Усе спыніліся.

 - Слабанервовых прашу не падыходзіць, - ступіўшы на край варонкі, ціха сказаў начштабу. – І не трэба пакідаць сляды на выкінутай выбухам глебе.

 Глыбокая катлавіна пакрыху запаўнялася іржавай балотнай вадой. З іншага боку яміны на белай балотнай глебе былі раскіданыя парэшткі вялікага лося. Галава з разлапістымі рагамі і пярэдняй часткай тушы знаходзілася за 10 метраў ад катлавіны.

 Не затрымліваючыся, рушылі на поўдзень у бок трох астравоў, абыходзячы месца выбуху. Сучынскі падышоў да Стрыжонка і спытаў:

 - Як мяркуеш, Аляксандр, што гэта было?

 - Хутчэй за ўсё – бомба-сотка, трэба было разгрузіцца, а потым пахваліцца, што па партызанах расходаваў боезапас. Вось на жывёліне і зрабіў трэніроўку. Цяпер няхутка прыляціць.

 - Можа трэба было ласінай запасціся, але нешта душа не прымае. Што мяркуеш наконт гэтага?

 - Так, камандзір, на месцы лося маглі мы быць. Можа ён нас выратаваў, адцягнуў увагу на сябе. Прырода вырашыць лепш з ласінай, а мне яна ў горла не палезе. Трапна, гад, б’е, адной такой цацкі хапіла б нашую групу знішчыць. Памятаеш, як у Валовай Гары такую ж раму збілі - кідала касетныя міны?

 - Так, памятаю, тады жанчына мясцовая загінула, а партызану пашанцавала, 20 дзірак у шынялі асколкі з міны зрабілі. А сам цэлы.

 - Не часта, Рыгор Анісімавіч, але цуды бываюць, як у мяне пад Беразіном. А вось раму збілі не выпадкова, толькі ў мясцовага падлетка Лук’яновіча Пятра бранебойныя патроны былі. Хтосьці ордэн за яго атрымаў. За раму ордэн Чырвонай Зоркі даюць, я так чуў.

 - Апасля вайны, Аляксандр, будзем аб узнагародах разважаць. Штосьці Чарноў з Мікітам сігналізуюць.

 - Хлопцы, - сказаў, падыходзячы, Чарноў. – паварочваем на ўсход, і, як кажа Пшонка Мікіта, крокаў сто давядзецца прапаўзаць па зімніку, які праглядваецца з Кубскага ў бок трох астраўкоў. Так што прашу падрыхтавацца і – за намі.

 Хвілін праз 20 падышлі да зімніку. Чарноў, накінуўшы маскіроўку, выпаўз на яго ўскраек і агледзеў бераг Кубскага вострава, а затым берагі трох астраўкоў. Не заўважыўшы нічога падазронага, вярнуўся да атраду.

 - Усе гатовы? Тады уважліва слухайце. Па зімніку паміж курганамі вада даволі глыбокая, аднак з сухадолу не будзе нас бачна. Спадзяюся, што пластунамі будзем у апошні раз. Будзьце асцярожныя і раней часу не ўзнімайцеся, далей лес больш густы. А цяпер – за мной.

 Напрактыкаваныя на візіры партызаны хвілін праз 10 былі на іншым баку зімніку сярод даволі высокага балотнага лесу, палову якога складаў бярэзнік. Прымасціўшыся на высокім кургане паміж бярозкамі, Сучынскі паклікаў да сябе Чарнова і Мікіту.

 - Міша, даставай карту, трэба прадумаць наш далейшы шлях.

 - Камандзір, навошта карта? – ціха прамовіў Мікіта. – Я тут кожны курган бы сваіх пяць пальцаў ведаю. Скажыце толькі, куды ісці. Адтуль бярэ пачатак рэчка Цягбіца. Яна даўжынёй мо кіламетраў з пяць, за Барсукамі ўпадае ў Кесту. А цяпер мы знаходзімся блізка да Бярозавай кладкі. Там першая пара баброў пасялілася, леснікам і егерам па чарзе даводзілася назіраць за імі…

 - Пачакай, Мікіта, - перапыніў таго Сучынскі. – Нам трэба шашу перайсці, а калі гэта немагчыма, выйсці на стайскую дарогу і прабрацца на Свядзіцу.

 - Камандзір, я думаю, менш небяспечна будзе прайсці ад Бярозавай кладкі ўздоўж зімніка да Белі, а затым каля хутара Маліноўскага выйсці на Роўніцу, далей – на стайскую дарогу.

 - А што думае начальнік штабу? – звярнуўся Сучынскі да Чарнова.

 - Што тут скажаш? Іншага выбару не бачу, бо пераходзіць шашу небяспечна. Вядома, яна ахоўваецца, паколькі машыны адна за адной едуць.

 - Тады няхай людзі палуднуюць, і мы падсілкуемся. Па сухары на кожнага, па лусце хлеба, і ў дарогу. Праз гадзіну мы павінны пакінуць балота і наблізіцца да Барсукоў з усходу, з боку, як Мікіта кажа, Паповага Кашаля.

 Падсілкаваўшыся размочанымі ў балотнай вадзе сухарамі і лустамі хлеба, партызаны рушылі ў бок зімніку. Праз некаторы час ішоўшыя паперадзе Сучынскі і Мікіта спыніліся. Дачакаўшыся астатніх, Сучынскі сказаў:

 - Зімнік за 10 крокаў. Ні ў якім разе не выходзіць на яго, бо мясцовасць можа праглядвацца з Бярозавай кладкі. З боку зімніку будзем ісці да павароту – гэта з паўкіламетра.

 Паварот зімніку аказаўся бліжэй, чым чакалі. Шлях працягнулі далей па пратаптанай сцяжыне.

 Раптам Мікіта падняў руку і прысеў за курган. Збочылі і астатнія партызаны.

 Чарноў, трымаючы на ўзводзе аўтамат, наблізіўся да Сучынскага.

 - Што здарылася, камандзір?

 - Міша, наперадзе хтосьці ёсць, заве кагосьці ці просіць дапамогі. Асцярожна з Мікітам разведайце.

 Дзе паўзком, а дзе прыгінаючыся, партызаны наблізіліся да вялікага кургана, на якім па краях раслі даволі высокія дзве бярозкі. Паміж стваламі дрэў ляжаў чалавек. Не выпускаючы з рук аўтамат, Чарноў наблізіўся да кургана. Чалавек прыўзняў галаву і, гледзячы на накіраваную ў яго бок рулю, сказаў:

 - Альбо забі мяне, каб не пакутаваў, альбо дапамажы, толькі перакажы ў вёску, дзе я ляжу, каб пахавалі па-людску.

 Ногі старога чалавека звісалі да вады, а сам ён быў сівы бы лунь. Хутка курган абступілі партызаны.

 - Міша! – ціха ўсклікнула Марыя. – Гэта ж дзед Мароз. Такая мянушка, а прозвішча яго, здаецца, Багдановіч. Ён з Барсукоў. Імя не ведаю. Яму шмат гадоў. Глядзіце, ён жа паранены ў ногі. Падыміце галаву і выцягніце ногі з вады.

 - Стрыжонак, - загадаў Чарноў. – Даставай сякеру, зробім дзеду Марозу ляжак.

 За некалькі хвілінаў паміж двума курганамі быў зроблены ляжак на рост чалавека.

 - Лажыце маскіроўкі, - распарадзіўся Сучынскі. – Яны нам больш не спатрэбяцца. Маруся, рабі сваю справу. Максім і Мікіта, разуйце дзеда ды пакладзіце на ляжак.

 - Грыша, у нас няма ні спірту, ні вады, а тут балота, заразы ўсялякай поўна. У нас апошняя бутэлька ёду.

 - Рабі, Маруся, усё, што трэба, не шкадуй, можа нам не спатрэбіцца, - сказаў Сучынскі.

 - Муля! – паклікала Марыя. – Набяры на зімніку чыстай вады.

 Кропнуўшы некалькі кропель ёду ў кацялок з вадой, Марыя абмыла ногі старому, апрацавала раны ёдам, па чарзе паклала тампоны, забінтавала ўсё бінтом. Увесь час перавязкі стары толькі стагнаў, затым пачаў гаварыць:

 - Немцы ішлі ланцугом. Я стаміўся, сеў на курган. А маладыя дзеўкі і хлопчыкі збеглі далей у балота. Тут лось выскачыў. Дык яны пачалі страляць па ім, а трапілі ў мяне. Падышлі, паглядзелі і пайшлі далей. Але, магчыма, і не немцы былі, бо размаўлялі па-руску. Вось я і ляжу тут з учарашняга дня. Нашыя буданы тут недалёка, у балоце Лаковічы. Там засталіся бабы старыя ды дзеці. Калі ісці, дык з паўкіламетра ў бок шашы. А я ўжо думаў, што звяры мае косці будуць грызці.

 - Вось што, дзядуля, забраць цябе з сабой мы не можам, - сказаў Сучынскі. – Ты тут паляжы пакуль, а мы папярэдзім вяскоўцаў, каб забралі цябе. Стрыжонак! Пакінь дзеду акраец хлеба. Мікіта! Вядзі нас да буданоў. Маруся! Дык што з дзедам? Будзе жыць ці не?

 - Я, камандзір, не доктар, але думаю, што стары дужа слабы. Раны скразныя, дык шмат крыві страціў. Калі не забяруць, дык камары астатнюю вып’юць. А яшчэ каля ранаў сінеча пачынаецца. Балота, адным словам.

 - Хлопцы! Да цвёрдай зямлі два кіламетры, а можа і меней, там і адпачнём, - звярнуўся да партызанаў Сучынскі. – Дзеда з сабой мы не можам узяць, але і без дапамогі нельга пакінуць. Мікіта! Дзе стаянка вяскоўцаў? Трэба папярэдзіць блізкіх дзеда.

 - Я думаю, - сказаў Мікіта, - што дзед Мароз не кружыў па балоце і, як сам казаў, ішоў наўпрасткі. Цераз зімнік і мы выйдзем да стаянкі. Гэта ж не іголка ў стозе сена. А дзеда чапаць не трэба, адгэтуль яго лягчэй і па зімніку, і па Бярозавай кладцы ў вёску адцягнуць.

 - Так і зробім, - пагадзіўся Сучынскі. – Хуценька збірайце пажыткі і - за Мікітам, час прыспешвае.

 Перайшоўшы зімнік, партызаны заглыбіліся ў балота, парослае альхоўнікам на высокіх курганах. Вада вакол іх даходзіла да калень. Наперадзе ішоў Мікіта, за ім Сучынскі. Донька пасадзіў на плечы сына, стараўся не адставаць. За імі рухаліся Муля, Стрыжонак і Максім. Замыкальнымі былі Чарноў і Марыя. Прасоўваліся моўчкі. Скрозь прагал у хмарах вызірнула сонца ды цяпла яно не прынесла. Халодная вада балота і мокрая вопратка прымушалі хутчэй рухацца, каб сагрэцца.

 Мікіта падняў руку і спыніўся. Да яго падышоў Сучынскі.

 - Камандзір, чуеш, дымком пацягнула?

 - Ужо чую. Але ж каб нам людзей не спалохаць, а то непрыкметна збягуць. Ідзі адзін, а мы пакуль пачакаем. Будзь асцярожны. Калі ўсё ціха, папярэдзь свістам.

 Праз некалькі хвілін пачуўся свіст Мікіты. Затым паказаўся і сам ён.

 - Усё ціха, камандзір. Тут толькі жанчыны і дзеці. Хадзем за мной.

 Хутка партызаны падышлі да стаянкі жыхароў вёскі Барсукі. Сярод балотных курганоў знаходзіліся некалькі буданоў, дахамі якім служыла кара ялін, сцены зроблены з яловых галін, падлогу замянялі жэрдкі, пакладзеныя між курганамі і засцеленыя тоўстым пластам лапак. Паміж буданамі пакладзеныя кладкі з тоўстых сухіх алешын.

6. Людзі ў бязлюддзі

 

 У першым будане партызанаў сустрэла высокая хударлявая жанчына і трое дзяцей. Спачатку яна трымалася трошкі насцярожана, але, убачыўшы Марыю, спытала:

 - А ці ты, дзяўчына, Міхалава дачка? Манечка! Сапраўды ты. Як ты вырасла, не пазнаць, сапраўдная прыгажуня, уся па маці. Сябравалі калісьці з тваёй маці Кацярынай. Заходзьце, людцы, шкада, што частаваць вас няма чым. Міша, чаго глядзіш? Хуценька бяжы, і вы, Зюня з Лёляй, не сядзіце, а дапамажыце бульбу прынесці – варылі на сняданак у вядры. А мы тут варожым на іголцы…

 І сапраўды з верху будана звісала на доўгай нітцы вялікая іголка, якую вяскоўцы называюць цыганскай альбо шаршаткай. Унізе на яловых лапках ляжала вялікая падушка, а на ёй па краях – вугельчык, кавалачак глебы, соль і хлебныя крошкі.

 Бачна было, што жанчыне трэба выгаварыцца. І яна распавядала:

 - Сёння ва ўсіх вялікае гора. У кожную хату бяда пастукалася. А як да мяне, дык тройчы. Спачатку ў 37-м старэйшую дачку забралі і забілі. Затым і дзеда майго забралі і забілі. Жонка Леніна, Крупская Надзея, наведала Варшанскую турму, убачыла дзеда ды спытала, за што яго пасадзілі. Дзед аб усім і распавёў ёй. Тая выклікала турэмнае начальства і загадала адпусціць дзеда. Назаўтра яго забілі. А Крупская пракантралявала выкананне. Мне ж далі адказ, што памёр у турме і невінаваты. Даслалі дзве тысячы рублёў. Вось колькі каштуе жыццё чалавека. Прыйшлі немцы – і зноў гора. Маці маю, а ёй было 90 гадоў, у 42-м немец па галаве прыкладам ударыў за тое, што не хацела карову аддаць. А як жа ў вёсцы без каровы жыць? Карміцелькай не дарэмна клічуць. Праз некалькі дзён і памерла старая. Па дачцэ стралялі. Трапілі ў спіну. Думалі, што забілі. Цудам выратавалася. Сын адразу ў партызаны падаўся. Ніякіх вестак ад яго не маем. Учора страшна было. Зранку стрэлы пачуліся з боку Барку. Дзеўкі кінуліся ўцякаць, нават хатулі пакінулі. Затым прыйшлі немцы, прасоўваліся ланцугом, метраў з дзесяць адзін ад другога. Зброя і адзенне нямецкія, а вось размаўлялі па-руску. Да нас трое падышлі, спыталі пра партызанаў. Ну, мы сказалі, што нікога не бачылі. Адзін трошкі затрымаўся і ціхенька нам сказаў, што хутка прыдзе Чырвоная армія, а мы павінны пару дзён перачакаць і вяртацца дамоў.

 - Цётачка Міхаліна, - ціха сказала Марыя. – Мы прыйшлі вас папярэдзіць, што на павароце зімніка ляжыць паранены ў ногі дзед Мароз. Перавязку я зрабіла, але стан здароўя дужа дрэнны. Трэба хутчэй вынесці яго з балота ды знайсці лекара. Часу ў нас няшмат, спяшаемся. Нікому не кажыце, што нас бачылі.

 - А божачка! Манечка! Трошкі пачакайце, вунь Міша з Лёляй нясуць вядро з бульбай, хоць з сабой вазьміце. Лёля, Зюня, - звярнулася Міхаліна да дзяўчынак. – Бяжыце за Кацярынай. Гэта нявестка деда.

 - Мальцы, - загадаў Сучынскі. - Хуценька бульбу – у кішэні. Пакіньце акраец хлеба дзецям. Стрыжонак! Пакінь трохі солі. Перакусім на хаду.

 Жанчына наблізілася да Сучынскага:

 - Сынок, ты тут, напэўна, старэйшы, можа ведаеш што-небудзь пра сыночка майго. Ён у брыгадзе Кірпіча. Цяліца яго прозвішча, а клічуць Адолька. Ён у кулямётнай роце. А то іголачкай варожым, а яна паказвае штосьці нядобрае. А тут яшчэ дачку паранілі.

 - Не, цётка, нічога не ведаю, дужа шмат людзей пайшло ў партызаны, усіх нельга памятаць. Спадзявайцеся на лепшае. Усяго вам добрага! Мікіта! Міша! Зразайце вугал і – да зімніку.

 Пакінуўшы гасцінную стаянку, партызаны зноў рушылі на ўсход, на хаду сілкуючыся бульбай у шалупінні, нават не абіраючы яго. Даволі хутка выйшлі на зімнік, дзе было менш вады, і пачыналася мохавае балота. Зімнік як бы дзяліў на дзве часткі ўсё балота. З боку сухадолу – курганы і ручаіны, за зімнікам – мох з малымі курганамі і купінамі ды нізкім дробналессем.

 Праз паўгадзіны атрад павярнуў на сцяжынку, выкладзеную альховымі ды бярозавымі жэрдкамі. А яшчэ праз дзсяць хвілін выйшлі на сухадол, парослы астраўнымі ялінамі ўперамешку з соснамі. Наперадзе бачна была паляна, дзе сіроча выглядаў пячны комін ад былой калісьці пабудовы.

 - Гэта хутар Маліноўскага, а па-мясцоваму – Маліноўшчына, - ціха патлумачыў Мікіта. – Тут энкэвэдысты папрацавалі. Хату старшыня калгасу Кубар прадаў у Домжарыцы, а пабудовы проста спалілі. Самога Маліноўскага і сям’ю кудысьці звезлі, ні слуху, ні духу аб іх не чутно. Добры быў чалавек, працавіты, ветлівы. У чужую хату ў шапцы не заходзіў і вітаўся неяк цікава: пан Езус пахвалёны! Быў каталіцкага веравызнання. У калгас не схацеў уступаць.

 - Я думаю, што ўсім на адкрытае месца выходзіць не варта, - разважыў Сучынскі. – Стрыжонак і Муля – налева, Міша і Мікіта – направа. Абыдзіце хутар з абодвух бакоў. Надта добрае месца для засады.

 Партызаны зніклі ў двух супрацьлеглых накірунках, і ўжо праз некалькі хвілін Чарноў і Мікіта з’явіліся з іншага боку паляны, а за імі – і Стрыжонак з Мулем. Уся група сабралася на сцежцы, што паўз ускраек паляны вяла ў сасновы бор. Чарноў падышоў да Сучынскага.

 - Грыша, трэба ўсім пераабуцца, прывесці сябе ў парадак. Цяпер шлях па сухому, можна ногі папсаваць – папрэюць, - і ўжо звяртаючыся да партызанаў, дадаў: - Хуценька разуцца, выкруціць анучы, выліць ваду з ботаў, высушыць ногі.Цябе, Мікіта, гэта тычыцца таксама. Кольку не трэба – у яго “бацькавы боты”.

 - Міша, - звярнуўся Сучынскі да Чарнова. – На хвілінку адыдзем убок.

 Спыніліся ля Марыі. Сучынскі нахіліўся да Чарнова і ціха загаварыў:

 - Я ўзгадаў таго хлопца – сына цёткі Міхаліны. Прозвішча рэдкае – Цяліца. Сярэдняга росту хлопец, але абутак падабраць не маглі. Даводзілася яму ў лапцях хадзіць. Жартавалі хлопцы, што немцы, як пабачаць Адолькавы лапці сорак апошняга растоптанага памеру, дык адразу губляюць прытомнасць. Хлопец за словам у кішэню не лез і казаў, што ён дае прыкурыць фрыцам са сваёй запальнічкі, дык яны не вытрымліваюць нашага агеньчыку, падаюць і больш не ўзнімаюцца. У баі пад Рудняй, калі давялося адступаць, парвалася аборына ў лапці, дык хлопец бег з кулямётам і лапцем у руках. Зноў жарты былі з гэтай нагоды: Адолькавага лапця спужаліся фрыцы і не пераследавалі нас. Дзесьці пад Беразіном, кажуць, уначы атачылі немцы нашых. Бой быў жорсткі. Прыкрывалі адыход некалькі байцоў з кулямётам. Да апошняга патрона біліся мальцы, затым кінуліся ўрукапашную. У палон ніхто не здаўся. Не мог я сказаць жанчыне, што сына ўжо няма. Пройдзе час, і не так балюча будзе маці перажыць і гэтае гора. Узнімай, Міша, людзей. Часу ў абрэз.

 Чарноў падышоў да партызанаў і ціха прамовіў:

 - Сушыцца часу не стае. Таму абувацца і наперад.

 …Сонца даволі нізка апусцілася да небакраю, калі Мікіта спыніўся на дарозе, што вяла на хутар Віленка і на стайскую дарогу. Падышоўшаму Сучынскаму Мікіта паказаў свежыя сляды ад колаў бронемашыны.

 - Камандзір, дарога на Стайск перачынена – слядоў назад не бачна. Можа засада каля Віленкі, а можа патрулююць дарогу са Стайску на бальшак.

 - Тады паспрабуем прабрацца на Валову Гару. Міша! Давай памяркуем, дзе лепш разведаць месца пераходу шашы.

 - Я думаю, што Пшонкі лепш за карту ведаюць гэтыя мясціны. Паслухаем, што яны скажуць.

 - Камандзір, - звярнуўся Мікіта да Сучынскага. – У Донькі тут знаёмыя ёсць ці родзічы. Падыдзем да хутару Папоў Кашэль, адтуль першы пасёлак Зорка – бы на далоні.

 - І далёка той Папоў Кашэль? – спытаў Сучынскі.

 - Ды не. Можа хвілін 15 ходу.

 - Міша! З Мікітам паперадзе пойдзеце. Прымайце ўсе меры перасцярогі.

 Пераадолеўшы нешырокую імшару, атрад выйшаў на сухадол, парослы высокімі ялінамі, скрозь галіны якіх амаль не прасочвалася сонечнае святло. Раптам Чарноў узняў руку і прысеў за тоўстым ствалом яліны. На невялікай адлегласці спыніліся і астатнія. Пераходзячы ад дрэва да дрэва, наперад асцярожна пайшоў Мікіта. На некалькі хвілін ён знік з поля зроку, але ўжо хутка паказаўся сярод дрэў, і разам з Чарновым, без асцярогі, пакрочылі далей. Спыніліся перад буданом, пацягнутым яловымі лапкамі. Далей віднелася яшчэ некалькі такіх збудаванняў. Ля першага на дзвюх калодах перад невялікім цяпельцам сядзелі жанчына і малы хлопчык.

 Жанчына добра ведала Мікіту, таму ахвотна распавядала аб усіх падзеях апошняга часу. Ад жанчыны і хлопчыка партызаны даведаліся, што ў вёсцы немцы бываюць наездамі, але кабель працягнулі ад Бярэзіны да Лепеля і пільна яго ахоўваюць. У Валовай Гары нейкія камінцы ўзялі ў палон параненага партызана і арыштавалі Вандзю за спробу папярэдзіць аб засадзе выходзячых з лесу партызанаў. Кажуць, што камінцы спалілі хаты партызанаў у Барсуках і Валовай Гары.

 Вярнуўшыся да сваіх, Чарноў распавёў пра абставіны. Сучынскі вырашыў выходзіць на Свядзіцу.

 - Мікіта, як доўга нам да стайскай дарогі дабірацца?

 - Ды тут ад Паповага Кашаля можа з кіламетр, не болей. Але трошкі балотам давядзецца прайсці. Выйдзем да кургана Энкэвэдыстаў.

 - Што гэта за курган, і чаго яго назвалі Экэвэдысцкім?

 - Гэта напачатку вайны было. Прыйшлі у Стайск пяць энкэвэдыстаў. Апранутыя ў новенькія мундзіры, з новенькімі ППШ, у кожнага наган. Вядома, свае вайскоўцы. Вельмі гасцінна іх прынялі вяскоўцы, пакармілі, вады нагрэлі памыцца. Не абыйшлося і без чаркі. Ну, і як бывае, асаблівую цікаўнасць вайсковыя людзі выклікалі ў дзяцей, якія не толькі назіралі за чужынцамі, але і падслухоўвалі іх размовы. У хуткім часе ўся вёска ведала, што гэтыя маладыя вайскоўцы суправаджалі некалькі дзесяткаў зняволеных, якія знаходзіліся пад следствам. Калі старэйшаму канваіру стала вядома, што фронт ужо далёка на ўсходзе, ён загадаў выканаць загад вышэйшага начальства – знішчыць падканвойных “ворагаў народу”. У Велеўшчыне з Лепелем ужо была тэлефонная сувязь, астатняе зрабіла “лапцевая пошта”. Таму, калі энкэвэдысты, паснедаўшы, сабраліся ў дарогу, іх на выхадзе на бальшак чакала нямецкая засада. Потым мясцовыя жыхары побач з дарогай на Стайск закапалі целы, насыпаўшы высокі курган. З таго часу і з’явілася назва – курган Энкэвэдыстаў. Ну вось, камандзір, і балота. Ды яно нешырокае, можа з паўсотні крокаў. Далей яловы лес ды хмызняк. Нам бы дарогу перайсці, а там па сухому да Свядзіцы і дойдзем, давядзецца толькі Эсу пераадолець. Ды гэта не праблема, ведаем і брады і кладкі, мясціны знаёмыя.

 - Чарноў! Давайце хуценька за мной. Начаваць давядзецца ў лесе, але лепш на сухім бары. А пакуль што не шумець.

 Балота перайшлі без затрымкі.

1983 - 2017.

Працяг глядзець тут.







11 мая 2017 в 11:02 — 4 года назад

Ці захаваўся курган Энкэвэдыстаў?



12 мая 2017 в 14:41 — 4 года назад

Анатоль Шуневіч можа і зараз паказаць курган Энкэвэдыстаў паблізу лясной дарогі з Барсукоў у Стайск. Аднак спецыяльна яго ніхто не захоўваў. За такое маглі і за краты пасадзіць. Дый каму была справа да нейкіх ворагаў народу, калі табары герояў-партызанаў зямля хавае пад сябе ўсё глыбей ды глыбей:

"ДОРОГАМИ ВОЙНЫ. Шпионское вторжение в страну Партизанию" http://www.lepel.by/news_716.html





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


ИНВАЛИДЫ СПРАВИЛИ НОВОСЕЛЬЕ  — 6 дней назад,   за неделю: 1164 
ДОКУДА ЖЕ ВЫ БУДЕТЕ СПАТЬ?  — 4 дня назад,   за неделю: 567 
Что в Лепеле хуже. ГОРКИ - АВТОБУС ЗА АВТОБУСОМ  — 7 дней назад,   за неделю: 494 
Что в Лепеле лучше. ГОРКИ – ПОГОНЯ ЗА ПАМЯТЬЮ  — 5 дней назад,   за неделю: 483 
НЕЛЬЗЯ ПИСАТЬ ПО-БЕЛАРУССКИ  — 2 дня назад,   за неделю: 474 
А ЧТО, ОДНО ОКНО КРЯКНУЛО?  — 15 часов назад,   за неделю: 344 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ