Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 11.05.2017 (22:01) — 11 месяцев назад

3) ХРОНІКА ЧАТЫРОХ ДЗЁН ПАРТЫЗАНСКАГА ЖЫЦЦЯ КАНЦА ВАЙНЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне    Сегодня: 2, за неделю: 8, всего: 449

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 У дакументальна-мастацкай аповесці распавядаецца пра поўнае нечаканасцяў небяспечнае блуканне групы партызанаў па Домжарыцкім балоце дзеля выканання задання камбрыга выйсці насустрач Чырвонай арміі пры яе ўступленні на Лепельшчыну. Праз увесь твор праходзіць вобраз незаслужана забытай, а таму дагэтуль невядомай жыхаркі вёскі Валова Гара Марыі Міхайлаўны Шуневіч, партызанкі атраду №3 брыгады імя Сталіна, які дыслакаваўся ў ваколіцах Бярэзінскага каналу. Прозвішчы і падзеі сапраўдныя.

Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.

7. Думкі на стаянцы

 

  Выходзячы на сухадол, партызаны моўчкі сядалі, вылівалі ваду з ботаў, выкручвалі анучы. Сучынскі рухам рукі паклікаў Чарнова.

 - Міша, я з Мікітам - паперадзе, ты з астатнімі - на адлегласці не менш за 20 крокаў. Пільна сачы за маімі сігналамі. Рабіце тое, што буду рабіць я. Падрыхтаваць зброю.

 Крок за крокам атрад падыходзіў да дарогі, прадзіраючыся скрозь зараснікі крушыны і драбналесся. Раптам за лазовымі прыдарожнымі кустамі забрахаў сабака. Сучынскі хутка падняў руку і паваліўся, нацэліўшы на дарогу аўтамат. Побач ужо ляжаў Мікіта. Усе дружна выканалі дамову. У тую ж хвіліну завурчаў рухавік бронемашыны, і па тым месцы, дзе знаходзіліся партызаны, ударыў кулямёт. Кулі густа збівалі кару з дрэў і галіны на мятровай вышыні.

 Сучынскі, лежачы, выцягнуў руку ў адваротным кірунку і папоўз далей ад дарогі. Хутка ўсе партызаны паўзлі, стараючыся не ўзнімаць галавы.

 За некалькі хвілін моўчкі, прыгінаючыся, перайшлі глыбокае балота і толькі на сухадоле прыселі трошкі аддыхацца. Чарноў наблізіўся да Сучынскага і ціха сказаў:

 - Як сказаць, Грыша, непрыемнасцяў сёння пазбеглі, але засвяціліся, а гэта заўтра можа нятанна каштаваць. Людзі стаміліся, трэба добра адпачыць. Наступны дзень будзе нялёгкі. Тут дзесьці павінна быць стаянка брыгады Кірпіча, можа зямлянкі ацалелі.

 На лес паціху апускаўся змрок. З захаду насоўваліся хмары, захінаючы сабой сонца. Услед за Чарновым і Сучынскім узняліся ўсе партызаны.

 - Мікіта, ты не ведаеш, дзе зямлянкі брыгады Кірпіча? – спытаў Сушынскі.

 - Не, не ведаю, але чуў, што дзесьці за дарогай на Маліноўшчыну. Гэта за два кіламетры , не болей.

 - Тады вядзі. Мальцы, не адставаць! Пойдзем па сухім бары.

 Было ўжо даволі цёмна, калі Мікіта і Чарноў, ідучы паперадзе, спыніліся, натыкнуўшыся на нейкую закінутую стаянку. Былі бачныя некалькі неглыбокіх ямін, заваленая зыгарадка для жывёлы ды штосьці накштал зямлянкі без сценаў, але з накатам з жэрдак, пацягнутым саломай і баравым мохам. Пралезці ў зямлянку было магчыма толькі на каленях і то прыгнуўшы галаву. Першым пралез Колька і даклаў, што падлога высцеленая саломай, толькі прэлай, а ўвогуле суха і жыць можна.

 Марыя падышла да Чарнова і ціха сказала:

 - Міша, мы застанемся наверсе. Тры жэрдкі з плоту пакладзем ды насыпем саломы.

 За дзесяць хвілінаў такое “жытло” было зробленае.

 - Мальцы, уладкоўвайцеся на начлег ды вячэрайце. Стрыжонак! Па лусце хлеба на брата – і спаць.

 Цемра атуліла лясны масіў. Заімжэў дробны дожджык. З усходу данесліся гукі кананады, на захадзе бліскала маланка, чуліся раскаты грому. Стаміўшыся за дзень, моцна спалі партызаны. Колька нават не даеў сваю лусту хлеба, так і спаў з ёй у руцэ, паклаўшы галаву на бацькаву руку. Наверсе засталіся толькі Чарноў з Марыяй і Стрыжонак, які размясціўся ў суседняй яме.

 Не спалася Марыі. Розныя думкі лезлі ў галаву. Столькі пытанняў чакалі адказу: “Як там маці з сёстрамі? Што са старэйшым братам Стасем? Антося ўжо не вернеш. Віна за тваю пагібель, браток, на мне ляжыць. Які лёс чакае нас? Міша кажа, каб заставалася дома, як толькі дойдзем да Валовай Гары. А там што, хавацца ўвесь час? Дый не хачу з ім разлучацца, усю вайну разам, прырасла да яго і душой і целам. Маці кажа, што дзе іголка, там і нітка. Хто мог падумаць, што адзін вечар, праведзены з малазнаёмым хлопцам, вырашыць далейшы яе жыццёвы лёс і не толькі…”

 …З дазволу акупацыйных уладаў прыехалі ў Валову Гару людзі на нарыхтоўку дроў з бязлеснага Каменя, размясціліся ў школе. Днём працавалі, а ўвечары маладзейшыя разам з мясцовай моладдзю ладкавалі вечарынкі. Дарэчы сярод пастаяльцаў знайшоўся гарманіст з гармонікам. І як бы не было вайны. Зайграў музыка чарговы танец, і да Марыі наблізіўся шыракаплечы, шэравокі хлопец і, трошкі схіліўшы галаву, сказаў:

 - Дазвольце вас запрасіць на вальс.

 Вясковыя хлопцы надта не цырымоніліся: за руку – і ў кола, а гэтае запрашэнне было нейкім дзіўным і ў той час прыемным. Вальсаваць з хлопцам было лёгка і хораша яшчэ таму, што ён не азіраўся па баках, а глядзеў у твар, у вочы, а калі прагучаў заклік змяніць партнёраў, яны не разлучыліся, толькі хлопец сказаў:

 - Мяне Міхаілам клічуць, проста Мішам, а як цябе?

 - А я Марыя, проста Маня.

 - А можна, я цябе буду зваць Марусяй?

 - Калі ласка, тым больш, што вы неўзабаве паедзеце.

 - Так, але хутка зноў вернемся. А можна цябе сёння дахаты праводзіць?

 - Калі ласка, толькі мы – суседзі, мне блізка, і хачу папярэдзіць, што ў мяне маці вельмі строгая.

 - А як клічуць тваю маці?

 - Кацярына, а па вясковаму – Міхаліха, бо бацьку майго клікалі Міхалам, як і цябе.

 - Не, Міхаліха нам не падыходзіць. Як па бацьку?

 - Іванаўна. Кацярына Іванаўна.

 - Вось гэта іншая справа. Запамятаем.

 Так непрыкметна перайшлі на ты. І калі ў далоні пляснула дзеўка, каб разбіць пару, Марыя сказала:

 - Міша, павальсуй з ёй, інакш адмова успрымецца абразай.

 Затым была музычная гульня ў казла, прыпеўкі са смехам, жартавалі, і ўвесь час Марыя лавіла на сабе позірк хлопца. Гэта было і прыемна, і ў той час трывожна. Прыспела думка: няўжо закахалася?

 Надышла чарга песням. Да Марыі падсела Галінка, суседка насупраць, праз канаву.

 - Манечка, запявай “Лянок”, а мы падхопім.

 Марыя ўстала са свайго месца, скрыжавала на грудзях рукі і, як бы апавядаючы аб нечым будзённым, моцным грудным голасам заспявала:

 - Ой, як сеяла Ульяніца лянок, ой як сеяла Ульяніца лянок…

 Прыціх школьны калідор быццам у чаканні невядомага. І дачакаўся. Марыя перавяла рукі ў бакі, схіліла галаву да дзевак і, ужо не стрымліваючы моцы голас, працягнула:

 - Ой, сэрца-лянок, мая радасць ты, лянок, усё бялюсенькі кужалёк…

 Здавалася, сцены школы разышліся, стала цесна ў вялікай зале, па целах прысутных прабегся мароз. Марыя ўзняла рукі, запрашаючы дапамагаць, і ўжо ўсе разам паўтарылі апошнія радкі песні. Пасля дзеўкі заспявалі пра Яся, пра чорную галку. Але час ішоў, і на канец вечарынкі гарманіст зайграў польку. Закруціліся пары ў хуткім танцы. Марыя зноў апынулася поруч з Мішам, але хлопец не змог адразу авалодаць тэхнікай скокаў, асабліва круціцца ў левы бок.

 - Штосьці ў мяне не атрымліваецца з першага разу, - шапнуў на вуха дзеўцы Чарноў.

 - А ты, Міша, не спяшайся, усё атрымаецца, патрэбныя практыка і жаданне. Калі хочаш, дык дапамагу. У нас на вёсцы кажуць: той не кавалер, хто не ўмее польку танчыць.

 - Дамовіліся. Заўтра і пачнем.

 Выйшлі з вечарынкі разам. Весела, з песнямі і жартамі разыходзілася моладзь ужо амаль на світанку. Дзесьці ішла вайна, а ў гэтай лясной глухмені пакуль усё праходзіла без асаблівых зменаў ужо на працягу паловы года.

 - А чаму, Маруся, вы не спявалі нашыя савецкія песні?

 - А таму, Міша, што тут ёсць непажаданыя вочы і вушы. А каму патрэбныя вялікія непрыемнасці? Да таго ж за апошнія гады людзі навучыліся хаваць свае пачуцці, спачатку ад даносчыкаў, а цяпер ад фашыстаў. Ужо які месяц мальцы, старэйшыя за 18 год, хаваюцца ад мабілізацыі ў нейкія народныя апалчэнні. Зразумела, што ніхто не хоча служыць ворагу, таму і ратуюцца, хто як можа.

 - Я бачу, што ў вёсцы шмат мужчын прызыўнога ўзросту, іх што, не мабілізавалі напачатку вайны?

 - Ды не, мабілізавалі ўсіх, каму споўнілася 20 год і старэйшых. Сабралі іх у Дражне, а затым – пешшу ў Беразіно, дзе былі вайсковыя склады. Я гэта ад нашых мужыкоў чула. Прыйшлі да складоў, адчынілі, а там ні зброі, ні амуніцыі, толькі венікі, мыла ды анучы. Тады вайсковыя камандзіры пачалі вучыць навабранцаў, як трэба пяском і дзірваном затаўкаць жалюзі нямецкіх танкаў ды браневікоў. Як толькі з’явіліся нямецкія танкі, вайскоўцы збеглі, а ўсіх бяззбройных немцы забралі ў палон. Загналі за калючы дрот, амаль тыдзень трымалі галоднымі, затым прывезлі гнілой бульбы. Казалі, што кожную травінку палонныя з корнем выдзіралі і з’ядалі.Потым прыехаў нейкі нямецкі чын і загадаў мясцовых жыхароў адпусціць “да маткі”. Вось усе і вярнуліся дахаты. Адзін толькі не прыйшоў, памёр у лагеры. Любіў курыць і ўсю ежу мяняў на тытунь.

 - На вялікі жаль, я і сам перажыў штосьці падобнае, - сказаў Чарноў. – Толькі ў палоне быць не давялося. Між іншым, я сёння ўпершыню пачуў сапраўдную беларускую гаворку і беларускія песні, такія мілагучныя і прыгожыя, прыземленыя, бяруць за сэрца.

 На парозе хаты сустрэла маці і з лёгкім папрокам сказала:

 - Ну, чаго ж да раніцы на той вечарынцы круціцца? А спаць калі будзеце? Карову ўжо трэба даіць. А тыя шаляніцы малыя толькі што ўлягліся. Табе, хлопча, таксама трэба адпачыць, праца ў лесе не з лёгкіх.

 Апошнія дні праляцелі бы адно імгненне. Кожны вечар Чарноў заходзіў да Міхалавых, пазнаёміўся з сёстрамі Марыі, Нінай і Алінай, братам Антосем. Цікавіўся ўсім, што тычылася жыцця вёскі, але аб сабе распавядаў мала. Перад самым ад’ездам забег да Марыі і, гледзячы ў вочы дзеўкі, ціха сказаў:

 - Маруся, калі пасватаюся, пойдзеш за мяне?

 Такое пытанне было нечаканым, і дзеўка разгубілася, затым прытулілася тварам да пляча хлопца і сказала:

 - Міша, з табой хоць на край свету. Веру, што не ашукаеш.

 - Тады чакай. Я абавязкова прыеду.

 Прыгарнуўшы дзеўку да грудзей, моцна пацалаваў і, ужо даганяючы нагружаныя падводы, азірнуўся і махнуў рукой. Зрабіўшы некалькі крокаў, зноў азірнуўся і прыціснуў рукі да грудзей. Да Марыі падышла маці і пяшчотна абняла за плечы:

 - Не сумуй, дачушка, бачу, што і ты дачакалася свайго кахання. А Міша вернецца – двойчы азірнуўся.

 І пачалося сумнае чаканне. Дзень за днём праходзілі ў марах аб сустрэчы, маляваліся нейкія планы на будучыню. Але, як іх здзесніць, калі ідзе вайна, гінуць людзі?

 Пасля горкіх думак самі сабой цяклі слёзы, і толькі выплакаўшыся, каб ніхто не заўважыў, на нейкі час адчувала заспакоенасць. Так беглі дні ў паўсядзённых турботах, у спробах схаваць свае думкі і мары. Але ад маці ці ж можна што ўтоіць? Падыдзе, калі побач нікога няма, абдыме, прылашчыць ды добрыя парады дасць:

 - Ты, дачушка, не сумуй, прыдзе твой добры час, дачакаешся свайго каханага. Лёс наш жаночы – чакаць, трываць ды быць пяшчотнымі.

 Цёмнай кастрычніцкай ноччу 42-га году хтосьці ціхенька пагрукаў у акно.

 - Каго гэта нялёгкая прынесла ў такую цемру? – забурчала старая Кацярына. – Антоська, запалі лямпу ды паглядзі, хто там. Цішэй ты, не разбудзі дзевак.

 З сеняў пачулася мужчынская гаворка. Адчыніліся дзверы, і ўслед за Антосем зайшлі некалькі маладых мужчын. У першым Кацярына адразу пазнала Чарнова Мішу.

8. Начлег з блыхамі

 Міша Чарноў ужо быў не той хлопец, якога ведала Кацярына Шуневіч. Цяпер гэта быў узмужнелы чалавек, апрануты ў шэрую паддзёўку, на галаве кубанка з чырвонай стужкай, штаны галіфэ, на грудзях аўтамат, збоку вялікая скураная кайстра. Падобны выгляд мелі і астатнія спадарожнікі Чарнова. Прайшла хвіліна разгубленасці, і Кацярына замітусілася, запрашаючы нечаканых гасцей распранацца і сядаць на лаву. На хаду шапнула Антосю, каб разбудзіў дзевак. Але будзіць іх не давялося. Усе трое ўжо былі апранутыя, ды прыслухоўваліся , што робіцца ў трысцене.

 - Маня! Хуценька апранайся ды выходзь, у нас госці. Займі мальцаў размовай, а я запалю ў печы, бо, як кажуць людзі, салаўя байкамі не кормяць. Зварым бульбы ды пасмажым сальца, ёсць і грыбочкі. Думаю, што мальцы і супраць чаркі нічога мець не будуць.

 - Кацярына Іванаўна, не турбуйцеся, мы не супраць бульбы і грыбочкаў ды і ад чаркі не адрачомся, толькі ў нас усё ёсць з сабой.  Даставай, Аркаша, сваю самабранку.

 Хутка на стале з’явіўся вялікі бохан хлеба, шматок сала таўшчынёй з далонь, дзве вялікія бляшанкі кансерваў, дзве пляшкі з цёмнай вадкасцю і нават цукеркі, загорнутыя ў тоўстую паперу.

 - Маруся, ты больш дасведчаная ў справе сэрвіроўкі стала, а я адкаркую кансервы ды пагутару з мальцамі. Але ніхто не павінен ведаць, што мы тут былі. Папярэдзь сваіх і завесь вокны коўдрамі. Мы прыйдзем праз гадзіну. І яшчэ да цябе пытанне: ты не перадумала выходзіць за мяне замуж?

 - Ну, што ты такое кажаш? Я не перадумала і не перадумаю.

 - Тады адразу згуляем заручыны, ці, як у вас кажуць, запоіны, і вяселле. А паперы аформім пасля вайны. Ну, я пайшоў.

 Узрушаная размовай Марыя падышла да маці, якая завіхалася ля печы, і ціха сказала:

 - Матулька, Міша з мальцамі сватацца прыйшоў і бярэ мяне замуж.

 - Дачушка, я была б вельмі радая і вашаму каханню, і рашэнню назаўсёды звязаць свае лёсы, але ж наўкола вайна, усюды гора ды пакуты, і я не ведаю, што нас чакае заўтра. Ды, што казаць? Вам рашаць, вам жыць насуперак усёй рэчаіснасці, а там – як божачка дасць. Маня, Антося і дзевак кліч, нясіце сталы ў вялікую хату, зэдлікі і лаўку, стаў закуску. Здымі абраз маткі найсвеншай Марыі, мне ён будзе патрэбны.

 Калі прыйшлі госці, усе прыгатаванні былі скончаныя, на сталах стаялі традыцыйныя сялянскія стравы, пляшка самагону ды дзве бутэлькі віна, шклянкі, кубкі. Калі ўсе расселіся, Аркаша ўстаў і запоўніў шклянкі з кубкамі жанчынам – віном, мужчынам – самагонам. Чарноў, падняўшы кубак, сказаў:

 - Не будзем дарэмна губляць час, і, перш, чым казаць тост, хачу звярнуцца да Кацярыны Іванаўны з просьбай дазволіць вашай дачцы Марыі выйсці за мяне замуж. Ну, а карацей кажучы, просім з Марыяй вашага бласлаўлення. З Марусяй мы гэтае пытанне ўзгаднілі, і яна прыняла маю прапанову.

 - А божачка, а ці ж я супраць? Калі вы вырашылі, дык у добры час. А яшчэ, паводле традыцыі, перажагнаю вас перад абразом, які дастаўся мне ад маёй маці.

 Антось хуценька падаў абраз божай маці. Кацярына наблізілася да маладзёнаў і ціха прамовіла:

 - Перад абразом божай маці, перад сведкамі бласлаўляю вас, Міша і Маня, на доўгае і шчаслівае жыццё. Любіце і беражыце адзін другога, будзьце разам у радасці і горы.

 Потым перахрысціла па-каталіцку кожнага з маладых і, перадаўшы абраз Антосю, абняла зяця і дачку, ужо не стрымліваючы слёзаў. Хтосьці з таварышоў Чарнова прапанаваў выпіць за маладзёнаў, і Аркаша неяк спакойна выгукнуў:

 - Горка.

 І ўсе запатрабавалі:

 - Горка! Горка!

 Пасля працяглага пацалунку маладзёнаў, усе дружна спустошылі кубкі-шклянкі і не менш актыўна заняліся вячэрай. Толькі пад раніцу скончылася застолле, і хлопцы хуценька пачалі збірацца ў дарогу. Чарноў падышоў да Марыі, моцна абняў, пацалаваў у мокрыя ад слёз шчокі, губы і сказаў:

 - Чакай мяне, я хутка зноў прыеду.

 - Міша! Я – твая жонка, і будзем разам у радасці і горы. Я іду з табой. Мама! – ужо да маці звярнулася Марыя. – Збяры клунак з адзеннем.

 Моўчкі стаялі сёстры і брат. Моўчкі сабрала маці небагаты дзявочы скарб дачкі, і, як толькі зачыніліся дзверы хаты, дала волю слёзам.

 У той жа дзень прыйшоў мясцовы паліцай Яська Мацкевіч і яшчэ з парога прамовіў:

 - Ну, што, цётка Кацярына, выдала дачку замуж за бандыта? Цяпер вы партызанская сям’я, і я павінны Маньку арыштаваць і даставіць у камендатуру. Думаю, што самае лепшае, калі адразу расстраляюць, не будуць здзеквацца, а вось хату спаляць, ну, а дзевак у нямеччыну звязуць. Але ж мы аднавяскоўцы. Бацька мой з Міхалам сябраваў, і дзядзька. Прапаноўваю лепшы варыянт: ісці Антосю на службу новай уладзе, тады я можа і прамаўчу.

 - А Ясечка, а галубок, - заенчыла Кацярына. – Яму ж толькі 16 гадкоў будзе, дзіця яшчэ, гэта ж прамая загуба малога. А Маня да сястры ў Латвію паехала.

 - Не хлусі, цётка! Ды мне што, я прапанаваў, а табе вырашаць. Даю гадзіну на зборы. Я пачакаю на вуліцы.

 Моцна бразнуўшы дзвярыма, Яська пакінуў хату. Кацярына кінулася да прыціхлых на печы дзяцей. Абдымаючы заплаканую маці, Антось сказаў:

 - Дулю з макам я ім служыць буду! Калі дадуць зброю, дык уцяку да партызанаў. Скажаце Мішу, што я не здраднік.

 Перажагнала маці сына, развітаўся Антось з сёстрамі, забраў вопратку, вузельчык з ежай і выйшаў да Яські.

 Хутка падвода з паліцаем і трыма мабілізаванымі падлеткамі скіравалася ляснымі дарогамі ў бок Лепеля.

 …Стомленасць усё ж перамагла, і Марыя, прыхінуўшыся да пляча Чарнова, заснула трывожным сном. І зноў у сне з’явіўся той цыбаты белабрысы немец, што падчас бою ў Свядзіцы, калі Марыя перавязвала параненага партызана, выскачыў з-за вугла пуні, бы той чорт з табакеркі, і, убачыўшы партызанаў перад сабой, спачатку разгубіўся, а потым ускінуў аўтамат, але чамусьці не стрэліў. Гэтай затрымкі хапіла, каб Марыі ўсунуць руку ў кайстру і выхапіць пісталет. Міша заўсёды раіў не ставіць яго на засцерагальнік падчас бою. Немец замітусіўся, спрабаваў нешта зрабіць. Марыя бачыла яго спалоханыя вочы, зусім малады твар, але палец чамусьці бы здранцвеў і не ціснуў на курок. Раней стралляла ў бок ворага падчас прарыву пад Ушачамі, але так блізка, за пяць крокаў, страшна стала навідавоку пазбавіць чалавека жыцця.

 - Ды страляй, курыца, інакш ён нас выправіць на той свет! – крыкнуў партызан.

 І яна націснула на курок, амаль не цэлячыся, і раз, і другі, і трэці. Немец выпусціў аўтамат і паваліўся ніц. Паранены, бачна, зразумеў стан жанчыны і прамовіў:

 - Гэта не людзі, мы іх сюды не запрашалі. Не перажывай. Так бывае. Пройдзе. Тут альбо мы іх, альбо яны нас.

 Падбег Чарноў, падняў аўтамат немца.

 - Пашанцавала, у фрыца патроны скончыліся, не паспеў ражок памяняць. Як яны сюды прарваліся?

 - Я аднаго прышыў, а гэтага не заўважыў, - адказаў камандзір разведкі. – Мог бы гад нарабіць бяды. Пацан яшчэ, разгубіўся.

 …У сне той немец зноў цэліўся, ды ўхмыляўся, а яна спрабавала страляць, ды пісталет чамусьці не спрацоўваў. Зірнула на параненага партызана, а там Міша ляжыць, а немец яму ў галаву цэліцца.

 - Міша! Страляй! Міша! Страляй!

 Прачнуўся Чарноў, прыціснуў да сябе Марыю.

 - Маруся, ты чаго? Што з табой? А ці не захварэла?

 - Ды не, зноў той цыбаты немчык прысніўся. Цэліўся табе ў галаву.

 - Супакойся і засынай. Хутка ўставаць.

 Заснуць не давялося – пацягнула дымком, дый даволі развіднела. Зверху хтосьці пастукаў, і Чарноў выпаўз са свайго сховішча. Наверсе яго чакаў Стрыжонак.

 - Пятровіч, гэта не стаянка Кірпіча. Хутчэй за ўсё хтосьці з мясцовых жыхароў хаваўся разам з жывёлай. Я нават яміну з бульбай згледзеў. Клубні прараслі, але, калі парасткі абламаць і зварыць, то есці можна. Трэба ў Максіма Пшонкі ўзяць кацялок, бо толькі з адным маім доўга правозімся. Я ўжо прыгатаваў адзін. Тут непадалёк студня з вадой, лічынак камароў шмат, але можна працадзіць, вада добрая, набярэм біклажкі.

 Чарноў падышоў да зямлянкі і паклікаў Сучынскага!

 - Грыша! Варта ўзнімаць людзей, прыгатаваць сняданак, ды ў дарогу. Стрыжонак адкапаў бульбу, трэба сабраць кацялкі ды назапасіць чыстай вады. А што гэта з табой? Увесь пакусаны камарамі ды шыя чырвоная.

 - Камары, гады, што тыя фрыцы, спаць не далі, да таго ж кусаюць бязгучна.

 - А нас чамусьці не кусалі, толькі звінелі.

 Узнімаць людзей не давялося, хутка ўсе былі наверсе, прытым з галоснай лаянкай у бок камароў, фрыцаў, балота, непагадзі. Мікіта штосьці шапнуў Максіму, і яны бягом кінуліся за бліжэйшыя сосны і хуценька пачалі распранацца, вытрасаючы адзенне.

 - Камандзір! - крыкнуў Мікіта. - У гэтай зямлянцы пасля людзей жылі лісы, іншыя звяры, яны і напладзілі блых. Таму нечага лаяць камароў.

 Хутка ўсе наведвальнікі зямлянкі вытрасалі адзенне, лаючы блыхатых лісіц, ваўкоў і ўсё звярынае адроддзе. У той час Стрыжонак з дапамогай Марыі і Чарнова распаліў даволі вялікае вогнішча, наўкола хапала сушняку. У вуголлі пяклася бульба, а ў кацялках гатаваліся клубні ў шалупінні. Добра паснедаўшы бульбай з хлебам і запіўшы адварам з чарнічніку ды бруснічніку, запоўнілі кішэні і торбы бульбай, а біклажкі – чыстай вадой. Рушылі ў бок Барсукоў.

9. Разведка зверху

 Зноў перайшлі лясную дарогу на хутар Віленка, падазроных слядоў не заўважылі. Мінуўшы імшару, выйшлі на сухадол. На месцы стаянкі мясцовых жыхароў ужо нікога не было.

 - Грыша, гэта добры знак, значыць, у вёсцы немцаў няма, але адразу сунуцца ў яе нельга, - разважыў Чарноў. - А вось як разведаць, трэба падумаць. Мы не можам рызыкаваць.

 - Я згодны. Папярэдзь Мікіту, каб не выходзіў на поле. Спынімся на ўзлеску.

 Хутка паміж дрэў з’явілася прасвятленне. У прагале паказалася вялікае поле. Атрад спыніўся.

 - Мікіта, гэта і ёсць Папоў Кашэль? – спытаў Сучынскі.

 - Так, камандзір. А за шашой – пасёлак Зорка. Я ўсіх там ведаю, і Донька з Максімам ведаюць. Можам паспрабаваць ускрайкам лесу да шашы падысці, а там па трубе пад брукам выйдзем да Петрыкавай хаты. Ён у фінскую вайну згубіў нагу, цяпер калека, але добрыя бочкі майструе.

 - А што начшатабу скажа? Міша, што ты выгледзеў у бінокль? – спытаў Сучынскі Чарнова.

 - Ды нічога, камандзір, перашкаджаюць кусты. Бачная толькі шаша ды першыя хаты. Вось каб на дрэва залезці метраў на дзесяць. Але сукі тонкія не вытрымаюць дый высока яны.

 - Камндзір, - звярнуўся да Сучынскага Мікіта. – Дазволь Кольку залезці на дрэва. На пасту жывёлу ганяюць, дык пастухі ўсе дрэвы аблазяць за дзень. А хлопец кемлівы, што ўбачыць, аб усім распавядзе.

 - Ну, гэта калі бацька дазволіць, - засумняваўся Сучынскі. – Ну, а ўвогуле, кліч Доньку.

 Мікіта хутка прывёў Доньку з сынам, і Чарноў у некалькіх словах растлумачыў, што трэба рабіць:

 - Галоўнае, паглядзець, што дзеецца ў пасёлку, на шашы, і хутка злезці назад. Думаю, што дзесяці хвілін хопіць, але за гэты час усё можа здарыцца. Што скажаш, бацька?

 Донька паглядзеў на сына і адказаў:

 - Ты, сынок, старайся, каб бінокль не трапіў пад сонца, і не злазь з дрэва, калі што якое. Адвячоркам зайдзі да цёткі Матруны, скажы, што я прасіў некалькі дзён патрымаць цябе. І не вылазь з хаты.

 Донька выцягнуў папругу са штаноў. З аднаго боку зрабіў пятлю, а іншы канец завязаў на назе хлопчыка, затым на другую нагу накінуў пятлю.

 - Біноклем умееш карыстацца? – спытаў Кольку Чарноў.

 - Умею, сто разоў глядзеў, - адказаў хлопчык.

 Донька падышоў да яліны, Мікіта дапамог Кольку ўскараскацца на плечы бацьку, і верхалаз, абшчапіўшы дрэва рукамі і нагамі з папругай, хутка дабраўся да першых лапак. Схапіўшыся рукамі за другі шэраг галін, скінуў з нагі пятлю і палез уверх, трымаючыся за моцныя яловыя сукі. На ўсялякі выпадак унізе партызаны трымалі расцягнутую камандзірскую плашч-палатку. А Колька ўжо знік сярод гусога яловага галля. Партызаны прыгатаваліся чакаць звестак ад малога разведчыка.

 Прайшло дзесяць хвілін, і неспакойна стала Сучынскаму. Ён запрасіў да сябе Чарнова.

 - Міша, пашлі двох Пшонкаў – Мікіту і Максіма – на ўсходні ўзлесак, а Стрыжонка з Мулем – на заходні, і папярэдзь, каб носу з лесу не высоўвалі.

 У гэты час з боку Нівак пачуўся гул рухавіка. Насупраць пасёлка рокат сціх.

 - Ну вось, дачакаліся, - уздыхнуў Сучынскі.

 - Ты, Грыша, не спяшайся ўпадаць у роспач, - супакоіў камандзіра Чарноў. – Хутчэй за ўсё гэта грузавік, а ў ім не болей за тры дзесяткі фрыцаў. З такімі сіламі яны ў лес не сунуцца. Магчыма, засаднікаў падмяняць прыехалі, альбо сувязь праверыць.

 - Можа гэта і так, але, чаму малец не злазіць?

 - Дык мы ж яму сказалі сядзець, калі што якое. Да таго ж не крыкнеш і не свіснеш: па-першае - не пачуе, па-другое – небяспечна. Не падумалі, каб шнурок сігнальны да нагі прывязаць.

 Чарноў падышоў да купкі партызанаў і скіраваў дазоры па абодва бакі ўзлеску. Час ішоў, але нічога не было чутна з боку пасёлку. Хвілін праз 20 запрацаваў рухавік, і яго гул аддаляўся ў бок Барсукоў, чым зняў напружанне людзей.

 Паказаліся ногі разведчыка з густых лапак. Абхапіўшы рукамі і нагамі ствол яліны, хлопчык хутка спусціўся ў бацькавы рукі.

 - Што ты, шэльма, робіш? – ціха, але надта грозна спытаў Донька. – Чаго не злазіў учасна?

 - Ды я ўсё зрабіў, як мне сказалі. У Зорцы засталося пяць хатаў. Дарослых не бачыў. Хата цёткі Матруны цэлая. Мальцы, такія бы я і большыя, з вялікай рагаткі шашу абстрэльвалі паўцагелкамі. Як ляснецца зарад па бруку, дык аж пыл жоўты ўзнімаецца. Усё бачна бы на далоні. Мы дома такія рагаткі рабілі. Гумавую камеру ад ровара напалам разрэжам, заб’ём два калы ў зямлю і шпурляем вялікія камяні. Далёка ляцяць. Яшчэ пяць авечак пасвіліся на выгане. Як толькі машына пад’ехала, мальцы ў кусты збеглі, авечкі напалохаліся і таксама ў кусты кінуліся, а вялікі баран з закручанымі рогамі застаўся. Калі машына спынілася, з яе выйшаў немец, можа афіцэр. З кузава саскочылі двое фрыцаў, схапілі барана за рогі і пацягнулі да машыны. Ён упіраўся, афіцэр патрабаваў, каб яны хутчэй у кузаў залазілі. З машыны выскачыў трэці немец і давай барана піхаць. Амаль да машыны дацягнулі, а тут з кустоў выскачыў бязрогі баран, сагнуў галаву, дагнаў задняга немца і як даў таму ў спіну, дык усе трое паваліліся, а бараны ўцяклі ў хмызняк. Адзін немец пачаў з кузава цэліцца, але афіцэр забараніў страляць. Двое дужэйшых забралі трэцяга і занеслі ў машыну. Вось і ўсё, што я бачыў.

 - Не зайздрошчу таму немцу, што атрымаў выспятка пад зад, - прытворна ўздыхнуў Мікіта. - Мы ўчатырох не маглі стрымаць кол у руках, падставіўшы яго пад ваяўнічы выпад барана – была такая забава ў дзяцінстве.

 - Вось што, мальцы, - сказаў Сучынскі. - Добра ўсё, што добра заканчваецца. Падзяку выношу Кольку за разведку. А цяпер падумаем, што рабіць далей. Праз Барсукі не пройдзем. Перайсці шашу – гэта не візіру па балоце перапаўзці, тым больш, што брукаванка праглядаецца наскрозь.

 - А калі па Цягбіцы і пад мостам? - параіў Мікіта.

 - Міша, а калі б ты ахову сувязі рабіў, улічыў бы такі варыянт? – спытаў Чарнова Сучынскі. – Сыходзь з таго, што немцы не дурні, тым больш, што мы засвяціліся і не аднойчы, магчыма, і не мы адны.

 - Я, Грыша, ужо думаў пра такі варыянт. Дастаткова паставіць некалькі супрацьпяхотных мінаў і можна не хвалявацца.

 - Значыць, мальцы, гэты варыянт не падыходзіць, тым больш уначы. Дужа вялікі працэнт рызыкі, - заключыў Сучынскі.

 Маўчаўшы да гэтага часу Максім Пшонка, вынес прапанову прабрацца ноччу цераз Барок і каля браневіка перайсці шашу, а там праз Бруснічнае і Гардзіёнкаў хутар – на Валову Гару. І гэты варыянт быў збракаваны – дужа рызыкоўна амаль паўтара кіламетра топаць па адкрытай мясцовасці. Сучынскі падклікаў да сябе Чарнова і яму аднаму сказаў:

 - Мы з табой нясём адказнасць за людзей, і рызыку трэба выключыць, тым больш, з мінімальным боезапасам. І яшчэ горш, калі хто трапіць у палон. Я вырашыў прабірацца за Сергуч, дачакацца выхаду штабу брыгады і разам з нашымі прарвацца каля Рожна на Слабаду і далей на Беразіно альбо ў лясныя масівы Валовай Гары і Зацяклясся. Пойдзем па ўскрайку балота ўздоўж хутара Паўлава. Па сухому яно будзе лягчэй. Ты, Міша, бяры Максіма, і кіруйцеся па ўскрайку лесу да вусця Цягбіцы. Сустрэнемся на бабровай плаціне. Паглядзіце, што робіцца на шашы, у раёне хутара. Мікіта! Вядзі нас да сваіх баброў. Мы з табой – паперадзе, замыкаюць Стрыжонак з Мулем.

 Хуткім крокам партызаны скіраваліся на захад. Перайшоўшы сасновы бор Роўніцы, павярнулі лявей і выйшлі на ўскраек балота. Чарноў з Максімам павярнулі направа, у бок хутару. Ісці стала цяжэй па яловым дробналессі. Давялося пералазіць цераз паваленыя яліны, абыходзіць вывараткі з ржавай балотнай вадой. Праз паўгадзіны выйшлі на невялікі луг.

 - Мікіта, - спытаў правадніка Сучынскі. – Куды ты нас прывёў?

 - Камандзір, куды было загадана, туды і прывёў. Гэтае месца па-мясцоваму называюць Абгаражаванкай. За сто крокаў і бабровая плаціна, яшчэ праз столькі і Бярозавая кладка. Але адгэтуль надта блізка поле хутару і шаша, не болей за паўкіламетра, таму трэба быць асцярожнымі. Тут кагосьці нават бамбілі.

 На іншым баку лугу віднелася глыбокая варонка з вывернутай выбухам белай глебай. Наўкола ямы адгадвалася мноства слядоў ад нямецкіх ботаў. Сучынскі моўчкі рукой паказаў, як абысці затаптанае месца і хуценька пакінуць лугавіну.

 Праз некалькі хвілін партызаны падышлі да плаціны, збудаванай працавітымі жывёлінамі. Перайшоўшы па ёй, размясціліся на сухадоле сярод высокага разнатраўя, каб пачакаць Чарнова з Максімам.

 Доўга расседжвацца не давялося. З боку лугавіны пачуўся лёгкі свіст, і на краі бабровай плаціны з’явіліся дзве чалавечыя постаці.

 - Міша, што бачылі на хутары і на шашы? – спытаў Чарнова падышоўшы Сучынскі.

 - Рызыкоўна спрабаваць перайсці шашу, - адказаў Чарноў. – Сярод поля ў дотах, што калісьці збудавалі кірпічаўцы, засады. Сам бачыў. На шашы каля браневіка – немцы. Чуваць сабачы брэх.

 - А што гэта за бранявік? – пацікавіўся Сучынскі.

 - Як мне распавёў Максім, той бранявік сапсаваўся яшчэ ўвосень 42-га году. Немцы пакінулі вартавога, старога немца, можа, за 60 гадоў. А бранявік вялікі, з вежай. Таўшчыня брані амаль у тры пальцы. З узбраення – гармата і два кулямёты. Адным словам, крэпасць на колах. Дык вось, з лесу прыйшлі партызаны, забралі ў дзеда-вартавога стрэльбу, харчы, а самога хацелі прыстрэліць. Але людзі з Барсукоў угаварылі гэта не рабіць, бо за тое немцы маглі спаліць вёску. Жанчыны потым таго вартавога подкормлівалі, каб з голаду не памёр. Ну, а мальцы забралі, што змаглі з узбраення бронемашыны і кінулі ў нутро гранату, канчаткова сапсаваўшы механізмы. Вось з таго часу і стаіць груда жалеза.

 - Ну, што ж, начальнік штабу, - сказаў Сучынскі. – Застаецца апошні варыянт: перабрацца зноў да Домжарыцкага возера і далёй за Сергуч, пад вёску Рожна, дачакацца выхаду з Паліка штабу брыгады, і разам выйсці ў раён Беразіна альбо Валовай Гары. Думаю, што немцы здымуць часці па прачэсванні лясных масіваў і балот, каб перакрыць месца прарыву і шашу Мінск – Віцебск. Узнімай, Міша, людзей і – на захад. Цяпер будзем трымацца бліжэй да трох астравоў і па ўскрайку сухадолу выйдзем да Лявонавых хутароў. Пойдзеш паперадзе з Мікітам.

 Сонца скрозь разрывы ў хмарах ужо паказвала поўдзень, калі ланцужок партызанаў, мінуўшы Бярозавую кладку, падышоў да амаль двухкіламятровага зімніку Кубскае – тры астраўкі. Трымаючыся ад зімніку на адлегласці 20 крокаў, партызаны падыйшлі да першага астраўка. Сучынскі ўзмахам рукі загадаў спыніцца і паклікаў да сябе Чарнова. Стомленыя партызаны размясціліся на невысокіх курганах.

 - Стрыжонак, - спачатку звярнуўся Сучынскі да Аляксандра. – Размяркуй паўбохана хлеба і па дзве бульбіны на чалавека. Міша, асцярожна выйдзі на зімнік і пракантралюй падыходы да Кубскага і на астраўкі.

 Чарноў акінуў позіркам спадарожнікаў і знакам рукі паклікаў да сябе Максіма.

 - Лішні груз, апрача зброі, пакінем тут, самі выйдзем на зімнік, а, дакладней кажучы, выпаўзем. Спачатку зірнем на астраўкі, затым, на ўсялякі выпадак, агледзем і Кубскае.

 Закінуўшы за плечы аўтамат, з біноклем на шыі Чарноў рушыў у бок зімніку. За ім услед, трымаючы ў руках стрэльбу, пакрочыў і Максім.

1983 - 2017 год.

Працяг глядзець тут.






Мартин: 12.05.2017 в 13:52 — 11 месяцев назад

Блукач, а местные следопыты не пробовали пройти партизанский маршрут?




Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 12.05.2017 в 14:34 — 11 месяцев назад

Партызанскіх маршрутаў столькі, што мясцовыя следапыты прайсці ўсе няздольныя:

"СЛЕД ВОЙНЫ. Путешествие в места смерти и жизни" http://www.lepel.by/news_702.html

"Долгая дорога в партизаны" http://www.lepel.by/news_497.html

Тым больш, што пра гэтую гісторыю даведаліся толькі цяпер з Хронікі Анатоля Шуневіча.






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ДОЎГІ ШЛЯХ НА РАДАЎНІЦУ. Бадзяўкі — 5 дней назад,   за неделю: 494 
БЕСПЛАТНАЯ КВАРТИРА ОТ СОВЕТСКОЙ ВЛАСТИ. Шуш — 3 дня назад,   за неделю: 467 
ПРОМТОВАРНЫЙ ДЕФИЦИТ МОЕЙ ЮНОСТИ. Шуш — 4 дня назад,   за неделю: 454 
619. ПЯТЬ ЛЕТ СТРОИЛА «ЖЕМЧУЖИНУ». Никифорова Тамара — 1 неделю назад,   за неделю: 289 
РЕАЛИЗАЦИЯ МОЛОКА В СОЦИАЛИЗМЕ. Шуш — 2 дня назад,   за неделю: 274 
618. МИСТИКА ВОКРУГ ХАТЫ. Гордеева Ольга — 1 неделю назад,   за неделю: 130 
 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение