Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 10.12.2011 (10:48) — 7 лет назад

УРОЧЫШЧА ПУНТЫ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 650

 Гэтую вёску паказваюць усе карты двухкіламетровага і кіламетровага маштабу, хоць у кнізе “Памяць. Лепельскі раён” яна не значыцца ні сярод жылых, ні сярод зніклых населеных пунктаў. Між іншым, з уліку ў Горскім сельсавеце Пунты знялі нейкіх пару гадоў таму назад. Апошні ж жыхар пакінуў іх у 1993 годзе.

З прылеглай да Аршанкі вёскі Юндзілаўка ў Горкі вядзе трохкіламетровая жвіроўка. За кіламетр да Горак да яе прымыкае абгароджаны жэрдкамі загон для сельскагаспадарчай жывёлы з будкай даглядчыка на ўскрайку. За загонам і пачынаецца былая аселіца Пунтаў. Месца самой вёскі яскрава вызначае гай з голых лісцёвых дрэў, які глыбокім ровам разразае былая вясковая вуліца.

Яе абступаюць высачэзныя ліпы. Іх, без лісця, лёгка выдаюць засохлыя кветкі на аголеных галінах. Ранейшыя хатнішчы можна адшукаць хіба што па камянях ад падмуркаў, схаваных у засохлым бур’яне, ды прыямках на месцы скляпоў.

Не ўсё зялёнае лісце згубіў бэз. Засохлыя яблыкі трымаюць на сабе каржакаватыя старыя яблыні. Непрытоўчаная пажухлая трава трымае на сабе апалую рудую лістоту. Лёгкі сняжок не прыціскае яе да зямлі, а сам хаваецца ў пухкім лісцёвым покрыве.

Сярод яблынь вымахала гіганцкая бяроза – не абхапіць. Над глыбокімі канаўкамі ў кары тырчаць іржавыя цвікі – сок спускалі. Пад камлём тоўчаны шыфер валяецца. Непадалёк – аб’ехаўшая студня. Круглая, але замест бетонных кольцаў сцены абкладзены іржавай бляхай. Бярвенні ад агалоўка побач ляжаць. Металічны жолаб для паення дробнай хатняй жывёлы валяецца. Ля аднаго хатнішча зношаны абутак у кучу скінуты. Вёдры дзіравыя і без дна. Поліэтыленавай плёнкі шмат. Сумна робіцца ад думкі, што ўсё гэта калісьці прыносіла людзям карысць, прымянялася па прызначэнні, а цяпер гніе з-за непатрэбнасці.

Азадачыла прамавугольная яма з бетоннымі сценамі глыбінёй метры пад два. Калі гэта быў склеп, то дзе ўсходы з яго. Пасярод вузейшых сцен па дзве ацынкаваныя трубы з зямлі выведзены. Падпоркі? Водаправод? Загадка!

Хтосьці з боку Юндзілаўкі ўзараў аселіцу пад прыватны агарод. Добра бачна панарама Горак.

Вось і ўсё, што засталося ад Пунтаў. Але гэтага мала, каб уявіць, якой была вёска. Няўжо не засталіся жыць былыя яе жыхары? Дзе іх шукаць? Падказалі ў сельсавеце: апошняя пунтаўка жыве ў Горках. Зінаіда Кіцар, 1940 года нараджэння.

Зінаіда Пятроўна ўзрадавалася, што знайшоўся дзівак, якога зацікавіла вёска яе маладосці – не маленства, бо нарадзілася Зіна Яршова ў суседнім Міхалове, а ў Пунты ў 1957 годзе выйшла замуж за Пятра Кіцара, які 18 гадоў таму назад памёр.

Зінаіда пачала лічыць жыхароў Пунтаў, якія жылі на яе памяці:

-- Кіцары, Ліза Капцюг, Марыя і Геня Шайтары, баба з сынам Шатыронкі, Жэня Шайтар, Зяленіны, Зося Шайтар, Ганна Лясун, забылася ўжо прозвішча бабы адной, Вартарзар’яны. 11 хат было!

-- Ці памятаеце, дзе дзеліся пунтаўцы?

-- Армянін Міхаіл Вартарзар’ян у Лепель пераехаў. Лесуны ў Міхалове хату купілі. Шатыронак кватэру ў Заслонаве атрымаў. Капцюг памерла. Марыя Шайтар выехала да дачкі ў Мінск і там памерла. Марыя Шайтар выйшла замуж у Чэрцы. Зося памерла ў дачкі на Украіне. Каця Зяленіна з сынам Федзем у Горках жывуць. Лёня Яско ў Лазовіках атабарыўся.

-- Мне вас лёс паслаў – усё ведаеце. А пра сябе не сказалі…

-- Пецярых сыноў з Пятром выхавалі. Валера цяпер у Мінску, Сяргей – у Барысаве, Віця – у Заслонаве, Пеця – у Віцебску, Саша – у Заслонаве. Дзевяць унукаў маю. Гэта мы з Пятром апошнія пакінулі Пунты ў 1993 годзе. Ён працаваў шафёрам у калгасе “Парыжская камуна”, і нам выдзелілі дом у Горках. А праз пяць гадоў памёр мой Пеця. Я ў брыгаду хадзіла, але мала, бо трэба было гэтулькі дзяцей даглядаць, ды хварэла ў дадатак. Любіла я бязводныя ды бязлесыя Пунты. Сажалка свая ў нас была. Як пераязджалі, пабудовы пакінулі. Аднойчы ад падпалу травы яны ўзяліся. Хлявок згарэў, хата абгарэла. Пасля сын Саша перавёз яе ў Чэрцы на сядзібу жончыных бацькоў і пад лазню прыстасаваў.

Удзячны сваёй новай знаёмай за інфармацыю, зноў падаўся ва ўрочышча Пунты. Пасля атрыманай інфармацыі па-новаму паглядзеў на былое паселішча. Многае стала больш зразумелае. Жвіроўкі тады не было, а са светам вёску звязвала дарога з Лазовікаў (цяпер частка Горак) у Чэрцы, ад якой і следу не засталося. Вось толькі забетанаваную яму Зінаіда Кіцар не ўзгадала. Сама ёй зацікавілася. Сказала, як прыедзе сын, папросіць, каб спецыяльна на агляд загадкавай руіны звазіў яе ў Пунты.

 

ФОТА ЎРОЧЫШЧА ПУНТЫ №8 У ФОТААЛЬБОМЕ “ШУШ”.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


693. МОЙ ДОМ МЕНЯ КОРМИТ. Маркович Леонид — 3 дня назад,   за неделю: 384 
РЭТРА БЛУКАННІ ВА ЎЛАСНЫХ АКВАРЭЛЯХ — 6 дней назад,   за неделю: 319 
ЮНЫЕ КУРЦЫ НЕ НАШЕГО ВРЕМЕНИ. Шуш Эсенскі — 2 дня назад,   за неделю: 244 
691. МАСЛОБОЙНЯ. Шкиндер Василь — 1 неделю назад,   за неделю: 147 
ЯК ЯК ЯК — 7 дней назад,   за неделю: 140 



 

Copyright © 2009 - 2019 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение