Блоги LEPEL.BY
БЛОГИ


 

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 01.06.2017 (22:43) — 6 месяцев назад

454. ХОР НА ЛЕСНОМ ОЗЕРЕ. Полонский Анатолий


Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Лета 1962 года. На беразе возера Сверзна, што недалека ад Пышна, па-сутнасці - на мяжы сёняшніх двух суседніх раёнаў: Лепельскага і Ушачацага, праходзіць свята песні.

 Тады гэтая тэрыторыя была адным раёнам – Лепельскім. І на  свяце было вельмі шмат жыхароў з блізкіх і далёкіх вёсак. Яны прыехалі сюды на грузавіках, у кузавах, упрыгожаных кветкамі.

 Чаму выбралі бераг возера Сверзна? Ну, па-першае, яно якраз у цэнтры тагачаснага раёна. Па-другое – вельмі маляўнічае: сярод гонкіх соснаў. І, відаць, галоўнае – возера і навакольныя лясы былі сведкамі мужнай барацьбы народа з ворагам у гады мінулай вайны.

 Раённае свята песні… Памятаю, як на ім тыя, хто выступаў перад кацэртам, узгадвалі баі, што грымелі тут у вайну. Вялізная тэрыторыя з мноствам вёсак і тысячамі людзей жыла не па законах акупантаў: змагалася з ворагам. Тэрыторыя ўвайшла ў гісторыю як Лепельска-Ушацкая партызанская зона.

 Яшчэ жывымі былі тады многія байцы-партызаны. І яны ўзгадвалі   былыя баі-паходы.

 Са сцэны нехта чытаў верш, радкі якога помняцца мне і цяпер:

Лес партызанскі - брат быліны.

На шапцы - стужкаю зара.

Ты грэў азяблыя галіны

Ля партызанскага кастра.

Чалом кранаеш зоры, горды!

Успомніш аб былых баях.

Асколкі  перад непагодай

Заныюць у  тваіх ствалах…

 Затым быў вялікі канцэрт. На здымку – самадзейныя артысты  Пышнянскаа сельскага клуба. На сцэне - настаўнікі, медыцынскія работнікі, працаўніцы тагачаснага калгасу “Чырвоны партызан”.

 І шырока  ліліся песні. І народныя, і беларускіх кампазітараў, і кампазітараў-класікаў спеўнага жанру.

 Хачу таксама звярнуць увагу на ўскраек сцэны, дзе прымасціўся чалавек ў капелюшы. Ён не дарэмна так блізка ад хору. Чалавек гэты запісвае выступленне пышнянскіх артыстаў на магнітафон. Вось ён прытуліў да вуха навушік – кантралюе якасць гуку. А якасць гэта была неаобходнай – запіс робіцца для перадачы Віцебскага абласнога радыё. Гэта значыць, на сотні  тысяч радыёслухачоў па ўсей вобласці. Памятаю імя таго чалавека – Сямен Капелька, карэспандэнт абласнога радыё.

 - А калі слухаць? - запытаў яго.

 - У самы бліжэйшы дзень, раніцой, - адказаў радыёжурналіст.

 І сапраўды, наступным ранкам пышнянскія артысты ўжо спявалі па радыё. Вядома, не ўсе песні, а толькі лепшыя.

 Здзіўляла і дастойная аператыўнасць – да Віцебска тады трэба было ехаць па брукаванай, з калдобінамі дарозе. Аднак карэспандэнт паспеў і даставіць магнітафонны запіс, і адпаведна змаціраваць яго.

 Дарэчы, слухала канцэрт на беразе возера Сверзна і журы з прафесійных работнікаў культуры, што прыехалі з Віцебска. Лепшым салістам быў прызнаны Віктар Станкевіч. Неўзабаве ён выступаў на абласной сцэне. 

 Цудоўны юначы голас захаваўся і ў сталасці. Цяпер Віктар Станкевіч жыве ў весцы Пунішча, на пенсіі. У хаце яго, што пабудаваў на беразе возера, ёсць баян, і спявак часам бярэ яго ў рукі і спявае. Заслухаешся.

Напісана ў 2017 годзе.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора




 

Copyright © 2009 - 2017 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение