Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 15.12.2011 (19:19) — 8 лет назад

Цмок у Вялікіх Плотках

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 2, за неделю: 8, всего: 710

Пошукі Цмока мелі настолькі вялікі рэзананс, што мне сталі паступаць шматлікія прапановы дапамагчы ў гэтай захапляльнай справе. Выбраў Чапушылу. У яго ёсць легкавік-усюдыход, касцюм “падпал” (падводны паляўнічы), падводная паляўнічая зброя, ад якой я адразу адмовіўся, бо збіраюся з Цмокам сябраваць, а не паляваць на яго. Ён вадаёмы падказаў: ёсць на палігоне два глухія возеры – Малыя і Вялікія Плоткі, на якіх не былі ні я, ні ён. Паехалі!

Шлях няблізкі. Спачатку за Борам звярнулі да ляснога возера Чарнец. Агледзелі вадаём здалёк. Сфатаграфавалі.

-- Я яго аблазіў, -- паведаміў Чапушыла. – Шчупакі водзяцца ладныя ў канаве, што атачае возера. Цмока не бачыў.

У Навасёлках (так раней называлася асобная вёска, цяпер частка Матырына з боку палігона) спыніліся ля першай жылой хаты, каб распытаць дарогу да Плотак. Гаспадары сустрэлі прыязна, аднак называцца не пажадалі. Распавялі кірунак, пра Вялікія Плоткі сказалі, што там утапілася матырынка Зіна. На эпілепсію хварэла. Пакінула запіску, дзе выбрала свой апошні спачын. Там яе і знайшлі.

У мяне закралася сумленне, наконт існавання Цмока ў Вялікіх Плотках. Не дазволіў бы ён добрай маладзіцы так лёгка з жыццём расквітацца – выштурхнуў бы на бераг.

А яшчэ ваду нагрэлі на газавай пліце ў вяскоўцаў ды ў пластыкавую бутэльку налілі, каб у холад “падпал” ацяпліць ды тым не даць целу змерзнуць. Паехалі!

Не раю шукаць Плоткі нашым маршрутам на лёгкім легкавіку. Дарога ёсць, але такая…

Дакуляліся да Плотак. Не раю чужынцам паўтараць наш маршрут. Прычыну даведаецеся пазней.

Лічыў Малыя Плоткі скрозь балотным вадаёмам. Не. Адносна мірымы падыход. Дроў на беразе дастаткова. Але візуальны агляд возера ўпэўніў, што Цмок павінен быў выбраць для жыцця Вялікія Плоткі. А яны хутчэй за ўсё вунь за тым узгоркам, парослым алешнікам. Інтуіцыя падказвае, што возера -- ва ўяўным прагале за верацяёй.

Колькі разоў хваліў сваю інтуіцыю. Чарговая пахвала ёй. Вялікія Плоткі перад намі! Плоскі камень на беразе. Так і цягне на ім прысесці. Не мог яго і Цмок мінуць – пасядзеў.

Лясны бераг. Ледзь наезджаная дарога на ім. Тупік. Заход у возера між чаротавых зараснікаў.

-- Цмок пратоўк сцежку да вады, -- кажа Чапушыла. – Паглядзі, колькі бабры бяроз ды алешын навалілі, а гэтай сцежкай у возера іх не зносілі.

Узяўся я новаму сябру тлумачыць, што бабры дрэвы спілоўваюць у большай ступені дзеля таго, каб зрэзаць зубы, якія хутка і непамерна растуць. У меншай ступені іх выкарыстоўваюць для будаўніцтва хатак, у якія залазяць скрозь пралаз пад вадой, а жывуць у паветры над вадой. Увогуле, звяркі хоць і вадзяныя, але рыбу нутром не пераносяць, харчуюцца выключна расліннай ежай. Так што рыбаловам яны абсалютна ніякай канкурэнцыі не ствараюць, хіба што рыбу разганяюць рэдкімі ўдарамі плоскага хваста па вадзе.

Пачаў мяне Чапушыла рыхтаваць да пагружэння. Заліў цёплую ваду ў кожны атрыбут рыштунку “падпалу”, а іх – процьма. Асобна -- штаны, куртка, шкарпэткі, пальчаткі, шапка, маска, дыхальная трубка. Дадаў шампуні, каб лягчэй на цела насоўваліся і яго шчыльна аблягалі. Растлумачыў, што цёплая вада не дае адчуваць холад вады.

Дакавыляў да воднага ўрэзку, укінуўся ў возера. Паплыў. Вось халера! Сапраўды цёпла, быццам у лазні. Плаваю бы паплавок, не тону, нават да дна дастаць не магу.

-- Ёсць дваццацікілагромы свінцовы злітак, каб на дно цягнуў, -- крычыць з берага Чапушыла.

Мне без яго першы раз управіцца б! Мармычу скрозь загубнікі дыхальнай трубкі:

-- Дай асвоіцца! Нясе мяне на цэнтр Плотак!

-- Грабі адной рукой, каб развярнуцца, і назад падграбай.

Нячысцік апанаваў! Грабу рукой для развароту, а ён у цэнтр адносіць. Ну вось, падумаў, і пагібель мая прыйшла. Раптам адчуваю пад спіной чыёсьці мяккае жывое цела. Яно мяне ўзносіць на ўзровень воднай паверхні.

-- Цмок! – з усёй моцы мармычу.

-- Я ж табе казаў, што тут ён жыве! – ледзь даносіцца голас Чапушылы з далёкага берага.

Асвоіўшыся, пачаў рукамі абмацваць пачвару пада мной. Яна ўхілялася ад дотыкаў далоняў у пальчатках. Цалкам прыйшоўшы ў сябе, паспрабаваў перавярнуцца. З трэцяй спробы атрымалася. Усунуў твар у масцы ў ваду. Аднак Цмок знік. Мяне зноў пачало несці да супрацьлеглага берага. Лёг на спіну. І зноў адчуў лёгкі дотык студзёністай масы. Мяне панесла да Чапушылы. Аддаўшыся на волю лёсу, самкнуў стомленыя павекі. Расплюшчыў вочы, калі спіна ляжала на прыбярэжным дне. Засунуў твар у ваду. Яно было скрозь пацягнута апалым лісцем, якое праразала ледзь прыкметная роўная палоска – Цмок пайшоў на глыбіню.  Я паволі пасунуўся да берага.

-- Паплывеш шукаць сваю пачвару? – сур’ёзна спытаў Чапушыла.

-- Моцы ўжо няма, -- адказаў. – Не столькі ад стомы, колькі ад уражанняў.

-- Верыш цяпер, што ў Вялікіх Плотках Цмок жыве?

-- Як не верыць, калі сам на ім плыў. Аднаго не зразумею, чаму ён не выратаваў матырынскую Зінку?

-- Ты да яго з сяброўскімі намерамі з’явіўся. А дзяўчыне лепш было ўтапіцца, чым жыць з такім дыягназам – так вырашыў Цмок. Можа нават і дапамог ёй пайсці на той свет.

На гэтым нашы блуканні па пакутах не скончыліся. З цяжкасцю развярнуліся, пераадолелі ямістую палявую ўзбярэжную дарогу, уз’ехалі на звычайную лясную і падаліся да возера Вялікія Акунічы. Палюбаваліся яго непаўторнай прыгажосцю.

Павёў Чапушылу на высокую баравую гару, каб паказаць, што з яе бачныя адразу тры возеры: Дракона, Вялікія Акунічы і Рыбанец, бо знайшліся скептыкі, якія смяяліся, што гэта мая выдумка.

Караскаючыся па крутым схіле, пакаўзнуўся на мокрым моху і бразнуўся тварам аб іглічную глебу так, што крывёю заліўся. Акрываўленага мяне Чапушыла ўбачыў толькі на вяршыні гары.

-- Маці родная! – ускрыкнуў. – Я вінаваты, што цябе на такія здзекі падштурхнуў!

-- Супакойся, -- сказаў. – Каб даказаць сваю правату, гатоў яшчэ пяць разоў нос растаўчы.

-- Бачу тры возеры! – закрычаў Чапушыла, тут жа пад сасной расчыніў нэтбук і адбіў паведамленне маім нявернікам, якія сядзелі за хатнімі камп’ютарамі і чакалі справаздачы аб выніках нашай экспедыцыі: “Валацуга меў рацыю! На свае вочы бачу адразу Вялікія Акунічы, возера Дракона і Рыбанец. І не балота Дракона, а чысты балотны вадаём”.

І на гэтым нашы прыгоды не скончыліся. Аб’ехаўшы Рыбанец, каб падысці да яго ў зручным месцы, разгаварыліся пра Чапушылаў “падпал”. Аказваецца, што каштуе ён тысячу долараў. Я загарэўся падобны купіць, каб заплываць на спатканні з Цмокам. Аднак спыніўся на летнім варыянце -- 70 долараў. Пачвара і ў ім мяне знойдзе і выратуе ў экстрымальнай сітуацыі, калі прыйду да яе з дабром.

Але і на гэтым прыгоды нашы не скончыліся. Павёў я Чапушылу прамой наводкай на Старое Лядна. Ён мне паверыў – я ж знаток. Але дарогу нам перагарадзіла рэчка Перасыпка. Не глыбока, але пад самы жывот – захлібнецца машына. Наўздагад паехалі правай дарогай у аб’езд. Чапушыла і казаў: давай развернемся. Але ж я – знаток. Словам, так усадзілі машыну, што ледзь выцягнуў выпадковы трактар. А каб не ён? Цямнела…

-- Ужо ехаўшы ў Лепель цераз Бароўку, разгаварыў Чапушылу наконт яго захаплення падводніцтвам. Пачуў наступнае.

Афіцыйны паляўнічы. Палюе на рыбу з падводным ружжом. Гэта дазваляецца. Абпаляваў большасць азёр Лепельшчыны і суседніх раёнаў. Забіваў шасцікілаграмовых шчупакоў, дзесяцікілаграмовых карпаў, якія ў вадзе здаюцца ўдвая большымі. Пра Цмока не ведаў, таму і не звяртаў на яго ўвагу. Бачыў вялікія норы карпаў-веліканаў на глыбіні. А можа яны і служылі жытлом Цмоку? Праўда, не ў кожным возеры можна паляваць.

-- Дазволены для падводнага палявання пэўныя азёры, -- сказаў на развітанне Чапушыла. – Лепельскае ўваходзіць у той спіс. Аднак нам мала выдзеленых вадаёмаў. Па нашай просьбе райвыканкам аддаў падводным паляўнічым азёры Дзявочае і Ворань. Нам яны вельмі дарэчы. Хацелася б, каб і ў Рыбанцы дазволілі паляванне. Возера глухое, прамысловай значнасці не мае, а падводным паляўнічым – раздолле. А яшчэ марым аб тым, каб лепельскім падводным паляўнічым дазволілі паляваць у лепельскіх азёрах, як жыхарам запаведных вёсак дазваляецца збіраць дарункі прыроды ў нетрах Бярэзінскага запаведніка. А чужынцы няхай плацяць за задавальненне па поўнай праграме, як тое робім мы ў іншых раёнах, за дзень наязджаючы па 400 кіламетраў. Не толькі рыбнагляду клопатаў не створым, а дапаможам змагацца з браканьерствам. А табе скажу, што ў кожным возеры ёсць свой Цмок. Налета не адну пачвару адшукаем. Яны ж цябе любяць! 









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


КАК ПИТАЛИСЬ НАШИ МАМКИ. Шуш Эсенскі — 1 неделю назад,   за неделю: 447 
ДРОВА: ЗАБОТ ТАЧКА. Шуш Эсенскі — 5 дней назад,   за неделю: 407 
МОТОКРУИЗ. Дороги у них хуже наших? (7) — 2 недели назад,   за неделю: 258 
ОЗЕРО ЛЕПЕЛЬСКОЕ - ВЗГЛЯД С БЕРЕГА — 7 лет назад,   за неделю: 182 
МОТОКРУИЗ. С торговлей у них похуже нашего (6) — 2 недели назад,   за неделю: 167 



 

Copyright © 2009 - 2019 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение