Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 23.12.2011 (22:47) — 7 лет назад

ЦІ ЖЫВЕ ЦМОК У САЖАЛКАХ?

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 2, за неделю: 4, всего: 549

 Не спяшайцеся пераключацца. Дачытайце да канца. І вы яшчэ больш палюбіце нашу прыроду!

За 1,2 кіламетра ад мікрараёна Сельгастэхніка знаходзіцца вялікая сажалка -- па старой Аэрадромаўскай дарозе, там, дзе цяпер на тупіковай ветцы знаходзіцца эстакада для выгрузкі вайсковых грузаў. Тое месца -- любімы прыстанак для адпачынку мясцовых жыхароў, калі там не выгружаюць снарады (ніякі не сакрэт гэта для спадарожнікавых суперфотаапаратаў). Дык вось, 28 мая 2009 года я выпадкова трапіў туды з вудай. Выцягнуў 20 карасёў агульнай вагай 1,1 кілаграма. Для мяне, рыбалова ад выпадку, улоў нечуваны. Ашчасліўлены ўдачай, некалькі разоў прыходзіў туды. Вынік -- нулявы. У чым справа? Запомніўся першы раз -- навідавоку ў ціхае надвор’е хваля быццам гіганцкім абдымкам падганяла карасёў да прынады.

Цмок? І пайшоў яго шукаць, каб аддзячыць за ўвагу да рыбалова-дылетанта, на самым пярэдадні гэтага Новага года, тым больш, што ён абвешчаны годам Дракона. Прыхапіў рыбалоўны касцюм -- штаны па самыя пахі, літр кіпетню, каб заліваць у іх, калі замярзаць буду. Палез у халодную ваду.

На дзіва, усяму целу было цёпла, так што гарачую ваду заліваць у штаны не давялося. Адзінай памылкай стала лёгкая сарочка, замест якой павінен быў апрануць цёплы світэр.

З першых крокаў убоўся ў бузу. Ногі застапарыліся. Вады -- па пахі, у касцюм пачынае залівацца.

Пачынаю на выратаванне клікаць Цмока -- мінулы раз у возеры Вялікія Плоткі ён падставіў сваю студзенепадобную спіну пад мяне. Цяпер -- выніку ніякага.

Апіраючыся на загадзя прадугледжаны кій, без дапамогі пачвары выбраўся на бераг. Абышоў сажалку даўжынёй метраў з дзвесце і шырынёй на палову таго з боку Лепеля. Палез адтуль, дзе ўлетку вуду закідваў. Там, дзе раней у галёшах заходзіў -- вады па пояс. І там завяз у бузе. Цмока не даклікаўся. Задыханы, адпачыў на спілаванай бабром алешыне, ды пачаў дахаты збірацца.

Спатканне з Цмокам не адбылося.

Але не здаўся. Ведаў, што заўсёднік рыбалкі на сажалцы -- мой сусед Генька Махонь. Па мабільніку выклікаў яго.

Генька -- аматар прыроды ўсім на зайздрасць. Вядро карасёў у сажалцы навуджваў і столькі ж падасінавікаў у ваколіцах адначасова знаходзіў.Адсюль і пачынаецца галоўны аповяд.

-- Дурань! -- справядліва абразіў мяне сябра. -- Цмокі ў шматлікіх сажалках паблізу Сельгастэхнікі не жывуць. Тады да цябе рыбу прывабіла звычайная хлебная падкормка. А ў тым, што пасля клёву не было -- твая віна.

І Генька столькі мне цікавага распавёў пра наваколлі сажалкі, якую я ахрысціў Эстакадаўскай, што я за галаву схапіўся.

-- Мы з табой сядзім на спілаваных бабром алешынах. Твая ацэнка дзейнасці звяроў?

-- Шкоднікі прыроды!

-- А колькі яны зрэзалі непрамысловай драўніны? Мільённую частку кубаметра? Якая шкода ад таго прыродзе?

-- Чаму тады сабе на хату піламатээрыял не сцягнулі?

-- А вось пасля такога пытання і не пакажу табе яго хату. Бабёр не на будоўлю дрэвы валіць, а каб зубы стачыць, якія бязмерна растуць. І карой харчуецца. Абгрызае яе і пад ваду зносіць для гніення -- гнілая яна вельмі смачная. Рыбу ж ён нутром не пераносіць -- выключна расліннай ежай харчуецца. Дарэмна з ім ваюе рыбная драпежніца выдра. З хаты выганяе. А ён, гаротнік, паддаецца. Выдру знішчаць трэба, а баброў берагчы.

-- Дык чаму тады мне баішся паказаць бабровую хату? Я сябрам яго стану?

-- А раптам здасі звярынае жытло браканьерам? Ёсць паразіты, якія палююць на бяскрыўднага звярка. Хваляцца, што мяса па смаку на ялавічыну падобнае, рыбай не патыхае. І бабровы струмень ад мужчынскай слабасці ратуе.

-- Калі напішу такое, не стане гэта рэкламай браканьерству на бяскрыўдную істоту?

-- Паляванне на бабра ўвогуле забаронена. Браканьеры ж усе яго выгоды і без нашай з табой рэкламы ведаюць. Наадварот, лічу, што публікацыяй узнімеш грамадства на абарону бяскрыўднай істоты. Няхай сквапнікам тое мяса ўпоперак горла стане.

Распавёў Генька і гісторыю сажалкі. У забалочанай лагчыне ўтварылі яе бабры -- ручай у возера Бораўна плацінай перагарадзілі. Раней па дне ён пехатой хадзіў. І я б крышку раней, да мокрай зімы, скрозь прайшоў бы яе ў рыбалоўным касцюме. А нядаўна бабры плаціну ўмацавалі, сажалку ў возера ператварылі.

-- Пайшлі, пакажу плаціну.

Пад самым бумам на тупіковым насыпе чыгункі -- плаціна з галля. Там, дзе я ў ботах летась пераходзіў.

-- Цяпер тут табе па шыю будзе, -- з гонарам сказаў Генька, быццам сам тое збудаванне ўзвёў. -- А баброў тры гады тут не было -- з’елі іх мясцовыя нелюдзі. Нядаўна аднекуль вярнуліся звяркі.

-- Дык, а дзе ж Цмок? -- разгублена спытаў я.

-- Шукай яго ў большых вадаёмах. Цмок -- пачвара добрая, і крыўдзіць баброў не дазволіць. У Эстакадаўскую б сажалку яго!

-- Генька, трэба ж сказаць, дзе ты працуеш...

-- Не варта. Хто не паверыць пра маё існаванне, няхай у пашпартным стале спытае Генадзя Махоню.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

ЗДЫМКІ ПОШУКАЎ ВАЛАЦУГАМ ЦМОКА Ў ЭСТАКАДАЎСКАЙ САЖАЛЦЫ ГЛЫДЗІЦЕ Ў ФОТААЛЬБОМЕ “ШУШ”.







Минчанин: 23.12.2011 в 23:39 — 7 лет назад

Валацуга, з´ездзіце на малыялюсеніцы.




Валацуга: 24.12.2011 в 00:44 — 7 лет назад

Азёры Люсеніцамі (у жаночым родзе) называюцца па-мясцоваму. На картах яны пазначаюцца як Вялікі і Малы Люсеніц (мужчынскі род). Іх я апісаў у артыкуле "Вялікая і Малая Люсеніцы" ў "Лепельскім краі" за 18 лютага 2003 года. Не выключаю, што паўторна траплю туды. Магу на заказ Мінчаніна перапісаць той артыкул у гэты раздзел.




Минчанин: 24.12.2011 в 00:59 — 7 лет назад

Валацуга, дзякуй, але артыкул перапісваць ня трэба, бо мне на працы нябудзе чаго рабіць.буду шукаць самастойна.






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ЧЕЛОВЕК В ТРАНШЕЕ. ЛЮДЯМ ПОФИГУ — 4 дня назад,   за неделю: 579 
ДАСЯГАЕМ УЗРОЎНЮ ЎКРАІНЫ 2005 ГОДУ Ў СФЕРЫ ГАНДЛЮ — 3 дня назад,   за неделю: 359 
ПАДЕНИЕ ИНТЕРЕСА К ЧТЕНИЮ. Шуш Эсенскі — 6 дней назад,   за неделю: 353 
ПАПІЛІ-ЗАКУСІЛІ НАД ВЕРАБСКІМ КАНАЛАМ. ФотаФік — 7 дней назад,   за неделю: 341 
ПАДПОЛЬНАЯ ЗВАЛКА НАБІРАЕ РАЗМАХ — 2 дня назад,   за неделю: 306 
ЛАТЫШСКІ І БЕЛАРУСКІ БЕЛАРУСЫ ПРА СВАІХ ПРЭЗІДЭНТАЎ — 1 неделю назад,   за неделю: 290 
668. А ШТО ЗА ЎСХОДНЯЙ МЯЖОЙ РАЁНА? Тухта Валер — 21 час назад,   за неделю: 122 
 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение