Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 24.12.2011 (06:07) — 7 лет назад

ПАЛЁТ ПАЛАТКІ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 3, всего: 433

Нараджаўся цёплы майскі дзень. З самай раніцы сонейка палівала зямлю прыемным лагодным цяплом. Неба было чыстае, бы шклянка. Паветра для таго знерухомела, што кволае маладое лісце ўяўляла мёртвы адбітак на фотаздымку. У горадзе ўсядзець было немагчыма. На прыроду!

За лічаныя хвіліны матацыкл пераадолеў 23-кіламетровую адлегласць да руін шлюза ў нізоўях Бярэзінскага канала. На ўзбочыне дамбы паставіў палатку, закінуў у яе брызентавую падсцілку, расшпілены спальнік, надзьмутую падушку.

Спецыяльнымі металічнымі штырамі мацаваць па вуглах валацужную хатку не стаў, бо засцерагаць яе ад перакульвання ветрам не было сэнсу -- нават лёгкі подых паветра адсутнічаў.

Гарачым летам канал амаль цалкам перасыхае. Па цэнтры ўжо сучаснага звілістага фарватэру тады бруіцца вузкая ручаіна -- курыца пераскочыць. Цяпер жа ён нагадвае паўнаводную невялікую раку. Закідваю вуду і тут жа выцягваю маленькага акунька. Другога -- большага. Затым ідуць падлешчык, дзве плотачкі, яшчэ акунёк.

Пакуль досыць! Хочацца хутчэй пакаштаваць свежую здабычу. Загортваю пачышчаных рыбін у фольгу і разам з магазіннымі сялянскімі каўбасамі і бульбай закідваю на вуголле. Ад спякотнага сонца хаваюся ў палатку ў чаканні вандроўных прысмакаў.

Пасля яшчэ вывуджваю ў канале сем мізэрных акунькоў. Дастаткова! Не па здабычу ехаў, а на адпачынак сярод вясновай цішы. Каб канчаткова не спячыся на сонцы, пачынаю збіраць вандроўны рыштунак.

І раптам налятае першы за дзень парыў ветру. Скрозь расхінуты ўваход напаўняе пустую, а таму лёгкую палатку, перакульвае і коціць па дамбе. Кідаюся даганяць паходную хатку. Урэшце яе затрымлівае лазовы куст на схіле дамбы. Другі парыў ветру, і яна імгненна ўзлятае ў паветра. Пакуль прыходжу ў сябе, палатка ўжо лятае над каналам кругамі, быццам каршун у пошуках здабычы.

Лунаючы ў паветры, быццам дэльтаплан, надзьмутая палатка скіроўваецца ў бок возера Бярэшча. Бягу следам. Вось ужо і дамба пераходзіць у звычайны азёрны поплаў. Паспяваю падумаць, што назаўсёды губляю сваё вандроўнае жытло -- прызямліцца яно на азёрную роўнядзь ці на высокія яліны, што гушчарамі падступаюць да абедзвюх дамбаў, і застанецца там назаўсёды. Ні ў возера не заплыву, ні на дрэва не залезу.

Лунала палатка некалькі хвілін, якія здаліся мне гадзінамі. Ужо і вечар суняўся, а яна працягвае кружыць над вусцем канала -- мабыць вятрыска яшчэ гуляе ў вышыні. Нечакана ў сэрца ўсяляецца надзея, што мая валацужная каштоўнасць не згіне -- рабая плямка павялічваецца ў памерах. Зніжаецца!

Пакружыўшыся каля змрочнай пушчы, палатка-дэльтаплан самаадвольна “падруліла” да ўзбярэжнага куста і прызямлілася на яго. Запыханы падбег, схапіў сваю каштоўнасць і панёс на месца бівака. З паўкіламетра было да яго. Там паставіў палатку і хутчэй выцягнуў каркасныя дугі, каб зноў не паляцела. Пасля перажытага хвалявання на сэрцы стала лёгка. Дахаты ехаў з цудоўным настроем -- хоць і перахваляваўся, аднак пабачыў незвычайнае відовішча.

Пасля расповядаў мяне дакаралі, што не зафатаграфаваў палёт палаткі. У мяне ж тады пра гэта і думкі не было -- ганяўся за ёй у адных трусах. Фотаапарат спакойна “адпачываў” на біваку.

Няхай мой аповяд стане навукай усім валацугам: нават у самы бязветраны штыль палатку абавязкова трэба мацаваць да зямлі страховачнымі штырамі.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 7 дней назад,   за неделю: 507 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 20 часов назад,   за неделю: 254 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 4 дня назад,   за неделю: 245 
ЮШКИ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
ВЫЙШЛА КНІЖКА ПРА ЛЕПЕЛЬСКІХ КАВАЛЕРАЎ. Шуш — 7 месяцев назад,   за неделю: 51 
681. «ПОЛЬСКІЯ ШПІЁНЫ». ШКОЛА. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 50 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение