Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 26.12.2011 (18:48) — 7 лет назад

НЯЎДАЧА

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 2, за неделю: 4, всего: 395


Рэпартаж рыбалова-няўмекі

 

Нават нейкая напружанасць адчувалася ў грамадстве. Людзі сноўдаліся ўзвінчаныя, нервовыя, невясёлыя. Зіма пачалася, а марозам і не пахне. Дождж сячэ. Калі ж, нарэшце, зашчыпле вушы ды нос? Калі паўночны пасланец -- мароз -- замосціць дрыготкую роўнядзь халодных азёраў?

І дачакаліся. У аўторак слупкі тэрмометраў спаўзлі на нулявую адзнаку. У пятніцу яны перасеклі лічбу 7. А ў суботу абставіны закінулі мяне ў Менск. Ну ўжо ў нядзелю абавязкова траплю на возера! Адвяду душу. Праўда, матылямі не запасся. Ды няхай сабе. Паспрабую на блешню.

…Мінус два. Шасцікіламетровы шлях д Лепеля да возера Вокзіна пераадолены на роварах за лічаныя хвіліны. Пахмурнае, “наэлектрызаванае” лёгкім марозам паветра быццам падганяла, надавала моцы мышцам.

Шыбуем на роварах прама па возеры да супрацьлеглага паўночнага берага, дзе сабраліся дзесяткі два рыбаловаў. Праваліцца не баімся -- там-сям лёгкія шнуроўкі слядоў перасякаюць вадаём. Асобна ад усіх, ля берага, вудзіць знаёмы мужык Мішка.

-- Дарэмна едзеце, -- кажа рыбалоў. -- І на музяку, і на матыля, і на блешню спрабаваў. Выцягнуў некалькі акунькоў. Лепш бы вы на Поўсвіж паехалі. Бліжэй. А рыбы ўсё адно няма.

Едзем далей. У першым рыбалоўным гурце ўсе мужыкі знаёмыя.

-- Глуха, -- уздыхаюць. -- Бы зімы сярэдзіна.

Крыху воддаль незнаёмы рыбалоў выцягвае акунька на блешню. Прыладкоўваемся непадалёк. Свідар за якую хвіліну пераадольвае супраціўленне пяцісантыметровага лёду. Глыбіня -- каля трох метраў. Пачынаем тузаць вуды -- вудзім на блешні. У першай палонцы ўбачыў некалькі паклёвак. З другой -- выцягнуў тры акунькі мо ў тры разы большыя за блешню.

Нарэшце і Валерыку, майму спадарожніку ды сыну, пашанцавала -- і яму трапіўся акунёк.

Свідруем палонкі. Я вывуджваю яшчэ два акунькі, Валерык -- ніводнага. Нараджаецца невялічкі ветрык. Рыба не бярэцца. Пераязджаем да паўднёва-ўсходняга берага. Тут крыху глыбей. Таўшчыня лёду такая ж. Першым акунька выцягвае Валерык, затым я двух. І бы абсякае. Даймае халадэча. Змотваем вуды, Часу -- 14-30.

Вось так, зусім празаічна, прайшла наша рыбалка па першым лёдзе. Ужо назаўтра даведаўся, што не пашанцавала не толькі нам адным. Усе, хто быў на Вокзіне, засталіся без улову. Толькі заўзяты рыбалоў Сашка сцвярджаў, што “адхапіў” кілаграмы тры. Зразумела, што не ўсе яму верылі. А мой сусед Косця аб’ехаў азёры Доўгае ды Поўсвіж. Вынік -- адзін акунёк. Казалі, што былі рыбаловы і на возеры Аношкаўскім (так на карце, а ў гісторыі -- Оч), Сашка з Гадзіўлі ўсё возера аббегаў. Безвынікова. Ні з чым прыехалі і з Сушанскіх азёраў.

А вось рыбалоў Толік сцвярджаў, што бачыў мужыка з поліэтыленавым пакетам, запоўненым рыбаю. Сказаў, што вудзіў на возеры Нюля, кіламетрах у чатырох-пяці ад Лепеля. Можа і праўда. Аднак цяжка паверыць у нябачанае на свае вочы.

ВАЛАДАР ШУШКЕВІЧ (ВАЛАЦУГА).









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


СПОРТ НА СОВЕТСКОЙ ПЕРИФЕРИИ. Шуш Эсенскі — 3 дня назад,   за неделю: 467 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 5 дней назад,   за неделю: 441 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 1 неделю назад,   за неделю: 239 
СВИНСТВО ВОКРУГ МЕНЯ. Шуш Эсенскі — 12 часов назад,   за неделю: 212 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 2 недели назад,   за неделю: 96 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 82 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение