Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 29.12.2011 (17:31) — 7 лет назад

БАРЫСАЎСКІ БАЛЬШАК

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 5, всего: 738

Бальшак. Вялікая (у адрозненне ад прасёлачнай) дарога; шлях.

Тракт. Шырокая праезджая дарога.

“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”.

Барысаўскі тракт – адна з галоўных вуліц горада. Наўрад ці задумваецца хто цяпер аб гісторыі гэтай назвы. А яна хаваецца ў сівой даўніне.

Мінскую шашу пабудавалі перад апошняй вайной. Да таго ніякай сувязі з сённяшняй сталіцай не было – не пускалі багністыя, цяпер запаведныя, балоты ды топкія рэкі Бузянка з Бярэзінай. З поўднем Расійскай імперыі Лепель звязвала адзіная дарога – Барысаўскі бальшак. Яшчэ ён называўся трактам. І пачынаўся Барысаўскі тракт з цяперашняй аднайменнай вуліцы. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму назад яе маставая ўяўляла старадаўнюю брукаванку, якая навечна схавалася пад пластам асфальту. Што ж уяўляў сабой Барысаўскі бальшак? Калі ласка, у падарожжа па ім.

Барысауски бальшак

Барысаўскі тракт пераходзіць у заасфальтаваную дарогу на Забаенне за пасёлкам малочнакансервавага камбіната. Прыкладна адсюль і пачынаўся Барысаўскі бальшак. Праходзіў ён скрозь Забаенне, на працягу якога быў таксама забрукаваны. Хутчэй за ўсё бальшак і ўтварыў вялікую прыгарадную вёску, бо размешчана яна паўз дарогу. За вёскай тракт ныраў у Забаенскі лес і ператвараўся ў наезджаную лясную дарогу. Паколькі праходзіла яна скрозь бор, была пясчаная. Лужыны ў прыямках хутка ўбіраліся ў глебу.

Цяпер справа (пры руху на Барысаў) знаходзяцца артэзіянскія свідравіны старога водазабору, што да нядаўняга часу забяспечваў Лепель пітной вадой. За кіламетр да Чарнаручча адгаліноўваецца дарога ўлева і вядзе прама да Яўрэйскіх могілак, дзе нямецка-фашысцкімі акупантамі з 1941 па 1944 год расстраляныя болей за 2000 мірных жыхароў. Вера Азаронак (тады Шушкевіч, некалькі год таму назад памерла) з Верабак была сведкам тых падзей. Яна распавядала, як разам з іншымі верабчанамі была выпушчана немцамі з Лепельскай турмы напярэдадні вызвалення Лепельшчыны і дабіралася дахаты Барысаўскім бальшаком. Пачулі стрэлы. Падкраліся, каб высветліць прычыну. Бачылі, як пастаўленых на край ямы людзей расстрэльвалі ва ўпор з аўтаматаў.

Ад Чарнаручча і амаль да самай Эсы Мінскую шашу праклалі паралельна Барысаўскаму бальшаку за некалькі дзесяткаў метраў ад яго. Перад Эсай бальшак рэзка паварочвае ўлева і кіруецца паўз раку ў вёску Юшкі, дзе перасякае рэчку Палявежу, а праз кіламетр у Вілах – Свядзіцу. Паміж вёскамі да рэвалюцыі паслугі падарожнікам аказваў заезны двор.

З дзесятак кіламетраў ад Віл і да перасячэння з Эсай перад цяперашняй вёскай Гадзіўля Барысаўскі бальшак праходзіў па бары, бокам датыкаючыся Слабады – рамеснага прыдатка вялікай Свяды. Пясок на гэтым адрэзку быў неймаверны. Дарога віхляла, выбіраючы больш прыдатную для праезду глебу, па шырокай прасторы, якая нагадвала прыбалтыйскія дзюны. Улетку ў іх закопваліся колы першых аўтобусаў і грузавікоў так, што трактарамі выцягвалі. Перад Гадзіўляй бальшак пераадольваў даволі паўнаводны Чорны ручай. Перад драўляным мостам над Эсай і за ім быў пакладзены брук – усяго з кіламетр. Мабыць, ад пяску ратаваліся дарожнікі.

Гадзіўля -- вёска маладая, узнікла са сселеных навакольных хутароў – Макаравага, Мікітавага, Лядаў, Шкляровага, Язэпіхі, Аўласавага, Рудаковага, Карунцовага. Хутаранцы ставілі хаты паўз Барысаўскі бальшак, на краі сушы – далей пачыналася забалочаная яловая пушча Зімнік. З таго часу цэнтральная частка Гадзіўлі атрымала назву Бальшак. Увосень і вясной скрозь Зімнік не толькі на машыне неяк было праехаць – прайсці немагчыма. Тракт ператвараўся ў суцэльную квашаніну, ад якой не ратавала нават грэбля.

Такі стан Барысаўскі бальшак меў адносна нядаўна. Спрамляць яго выкрутасы надзейнай жвіроўкай узяліся толькі напачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя. У 70-х – 80-х яна пачала пакрысе апранацца ў асфальт.

Пару кіламетраў Зімнікам былі самым кепскім адрэзкам Барысаўскага бальшака. Пушча заканчваецца перад крутой Калавур-гарой. Цяпер тут асфальт паварочвае на Велеўшчыну, а жвіроўка караскаецца на кручу.

На гары было шмат хутароў. Іх жыхары перад вайной утварылі вёску Сталюгі, якія сваёй галоўнай вуліцай абралі Барысаўскі бальшак. Далей ішлі Аношкі, з сярэдзіны 60-х гадоў стаўшыя чашніцкімі Замошша, Адамаўка, Чорная Лаза, Латыгалічы, Руднае, Багданава. З Маісееўшчыны пачынаецца Барысаўскі раён і сучасны асфальт. Рассякае ён вёскі Старына, Обча, Загоцец, Барань, Пруды, Старое Янчына, Кастрыцу, Жыцькава, Любатаўшчыну, Брусы і ля Старога Барысава ўліваецца ў Барысаў. Далей нашым продкам-лепяльчанам адкрывалася дарога на Менск.

Барысаўскі бальшак – самы кароткі шлях з Лепеля ў Барысаў: 80 кіламетраў.

 









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


693. МОЙ ДОМ МЕНЯ КОРМИТ. Маркович Леонид — 1 неделю назад,   за неделю: 234 
698. ЕЩЁ ОДНО ПОСЛЕДНЕЕ СКАЗАНЬЕ... Рисак Иван — 2 дня назад,   за неделю: 208 
ЮНЫЕ КУРЦЫ НЕ НАШЕГО ВРЕМЕНИ. Шуш Эсенскі — 1 неделю назад,   за неделю: 197 



 

Copyright © 2009 - 2019 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение